Пад Валожынам засноўваюць паганскую “сакральную дуброву”

Дабрачынны фонд UNIHELP і грамадзянская ініцыятыва Smart Space Farm 12 траўня завяршылі першы этап даўгатэрміновай акцыі, пляцоўкай якой стала ўскраіна вёскі Малое Запруддзе ў Валожынскім раёне.
Сутнасць акцыі “Дуброва-555” – высаджванне урочышча «Цудоўныя Узгоркі» – 555 іменных дубоў, за лёсам якіх зможа сачыць гаспадар кожнага з дрэўцаў праз віртуальны кабінет у сеціве, знаходзячыся ў любой кропцы свету. Сёння высаджаныя ўжо больш за сто іменных дрэўцаў, паведамляе Радыё Свабода.
Акцыя стартавала 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, сваёй эмблемай ініцыятыва Smart Space Farm таксама абрала касманаўта, які высаджвае дубок на неабжытай планеце, даючы ёй жыццё.
Удзельнікі акцыі на чале з аўтаркай праекта Нікай Выгоўскай падкрэсліваюць, што іх мэта – не экалагічная, а сакральная: лічба 555 у нумералогіі лічыцца адпаведнікам «дасканалага чалавека».
Першапачаткова ідэю “Цудоўных Узгоркаў” прыдумалі тутэйшыя «каланісты» – маладыя людзі, якія вырашылі адмовіцца ад жыцця ў горадзе і перайсці на натуральны чын існавання. Саджанцамі іх забяспечыла мясцовае лясніцтва.
Заканчэнне першага этапу акцыі 12 траўня прайшло ў фармаце маштабнага шоў з канцэртам і майстар-класам, кошт удзелу ў якім разам з харчаваннем складаў 250 тысяч рублёў. Гэтыя грошы будуць скіраваныя, як распавядаюць аўтары праекта, “на дапамогу хворым дзецям, аднаўленне папуляцыі дубоў, далучэнне да нематэрыяльнай культурнай спадчыны”.
“555 —лік, з большага, сімвалічны, але ў гэтым годзе наўрад ці дасягальны. Хоць абавязкова працягнем саджаць увосень, калі настане чарговы сезон. Прынамсі, спадзяюся, што працяг будзе, бо гэта насамрэч цяжка, патрабуе не толькі часу, але і фінансаў. Магчыма, падаецца, што гэта лёгка — прыехалі, пасадзілі, пагулялі. Але на самой справе падрыхтоўка вельмі сур’ёзная, бо ладзім мерапрыемствы са спевамі, абрадамі, карагодамі. Апроч таго, рыхтуем саму прастору, каб пасадка не была хаатычная, мела ўпарадкаваны характар. І вось, бачыце, першыя пасаджаныя дубочкі ўжо пачынаюць нас радаваць сваімі зялёнымі лісточкамі», – распавядае Ніка Выгоўская.
Ва ўрочышчы ёсць дубкі, пасаджаныя ад імя людзей, якія цяпер жывуць у Францыі, Германіі, Латвіі, нават у Японіі, Швейцарыі – апошнія дрэвы іх гаспадары назвалі “Ідэя” і “Пазітыў”. Ніка Выгоўская даводзіць, што кожны дубок мае энергетычную сувязь са сваім гаспадаром.
Пасля пасадкі на імя ўладальніка выпісваецца адмысловы сертыфікат і афармляецца візытоўка-магніцік з дакладнымі каардынатамі не толькі ў дуброве, але і ў Сусвеце. Выкарыстаны ў вырабе 3D-карткі матэрыял гарантуе яе захаванне на ўвесь астатні час, каб была магчымасць перадаць звесткі ў спадчыну — ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што дуб перажыве чалавека, – тлумачаць арганізатары.
Гаспадар этна-арт-прасторы «Цудоўныя Ўзгоркі» Мікіта Конанаў абяцае: “Адным фактам пасадкі не скончыцца: дубы будуць падрастаць, пад імі можна будзе збірацца, ладзіць святы. Мы бяром на сябе адказнасць за тое, каб усё там было як мае быць. Не выключана, што па меры падрастання дубоў сюды перамесцяцца нашыя святкаванні, перанясем туды пэўны абрад. На Цудоўных Узгорках закладаецца сакральная дуброва”.
Сярод каланістаў, якія свядома тут пасяліліся – даследчыца этнічных традыцыяў Наталля Буглак, выпускніца Універсітэта культуры, ініцыятар жыцця па беларускім народным каляндары з зімовай Калядой, веснавым Ярылам, летнім Купаллем, восеньскім Багачом.
Будучай дуброве ў абрадавых цырыманіялах месца было адведзенае яшчэ да закладкі: згодна з паганскімі традыцыямі, яе прысады арыентаваныя на бакох свету, а ў цэнтры пакінутае месца для карагодаў.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У мінскай баптысцкай царкве прайшла вечарына памяці вернікаў, якія загінулі ў СССР 12.11.2021 10:56
- У царкве «Новае жыццё» знайшлі выйсце для заняткаў нядзельнай школы ў холад — аўтобус 11.11.2021 18:47
- Папа: прасіць аб Святым Духу, каб нястомна рабіць дабро 11.11.2021 17:11
- «Рыцары Калумба»: З імі змагаўся Ку-клукс-клан і парадніўся Тэрмінатар 11.11.2021 12:54
- Жыхарка Ушач падарыла храму абраз 11.11.2021 09:08
У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
“Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)













