У Друі рыхтуюцца да правядзення мастацкага пленэру ў кляштары (відэа)


Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч рыхтуецца да правядзення мастацкага пленэру, што адбудзецца ў кляштары з 16 па 24 ліпеня.

Суринович
Суарганізатарам пленэру выступае мастачка Вольга Куваева, аўтарка некалькіх каталіцкіх абразоў, якія сёння захоўваюцца ў парафіях у Друі і Фашчаўцы. Менавіта яна займаецца адборам мастакоў, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у пленэры.

Айцец Сяргей Сурыновіч шчыра верыць, што чалавек шукае Бога і ў іншым чалавеку – ў яго лепшых праявах думкі і ўчынкаў: «Мастацтва ж, якое фіксуе прыгажосць навакольнага свету, пакідае неверагоднае месца для праяўлення глыбіні і велічы яго творцы. Почырк і характар, разуменне фарбы і пабудовы кампазіцыі, глыбіня ідэі і перспектыва бачання… Дакранаючыся да яго праз творцу, мы ўзыходзім на дарогу, якая вядзе нас і набліжае да Творцы Ўсявышняга, крыніцы і радовішча, натхняльніка і сутнасці, мэты і прыстані».

Друю наведаюць каля трыццаці мастакоў, якія працуюць у розных кірунках і жанрах. Сярод іх – Уладзіслаў Пятручык, Кацярына Сумарава, Настасся Бурко, Наталля Гудкова, Таццяна Уласевіч, Кацярына Говен, якія былі ўдзельнікамі пленэра, зладжанага святаром напрыканцы жніўня мінулага года.

Адной з мэтаў пленэру ў Друі, па словах а. Сяргея Сурыновіча, «ёсць спрыянне і нават прымус мастакоў да самараскрыцця ў цалкавітай свабодзе іх творчых памкненняў і самавыяўлення. Бог, Творца ўсяго, адорвае чалавека вольнай воляй, якую непарушна зберагае і дазірае, залучаючы чалавека ў пошуку творчых памкненяў і іх рэалізацыі ў супольнай містэрыі акту стварэння».

Вынікам працы мастакоў падчас мінулага пленэру стала вялікая колькасць палотнаў, якія сёння ўпрыгожваюць галерэі друйскага кляштару. Умова пісаць на рэлігійную тэматыку не з’ўляецца абавязковай умовай для ўдзельнікаў, – некаторыя з тых, што прыехалі на пленэр у мінулым годзе, нават былі здзіўленыя тым фактам, што ад іх не патрабуецца следаванне канонам рэалістычнага жывапісу, які ў найбольшай ступені асацыюецца з хрысціянскай мастацкай культурай.

Айцец Сяргей Сурыновіч, які сам таксама піша карціны, падкрэслівае: «Мы пазнаем Бога праз створаны праз Яго свет. Мастацтва ў сваім факце паўстання і радовішча з’яўляецца натхнёнай праявай чалавека, які, дзякуючы свайму таленту, можа і гэты свет, і яго ўспрыняцце праз асобу творцы і тэхнікі, накірунку, почырку, фарбы, – раскрыць і падкрэсліць».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі