У Гродне на зборшчыкаў подпісаў супраць указу №222 выклікалі міліцыю

У Гродне 11 траўня падчас збору подпісаў супраць указу 222, супраць падвышэння пенсійнага ўзросту і ўвядзення СКПО ў таксоўках, а таксама за якаснае абслугоўванне ЖКГ у гандлёвым цэнтры “Карона”, што на вуліцы Горкага, ахоўнік ГЦ Руды выклікаў на актывіста БХД Сяргея Верамеенку міліцыю.

Паводле яго, актывіст мусіў свае дзеянні ўзгадняць з адміністрацыяй ГЦ. “Я паведаміў, што нічога не парушаю і маю права збіраць подпісы ў грамадскім месцы згодна Канстытуцыі і Закону аб Зваротах Грамадзян. Тое самае я патлумачыў нараду ленінскага РАУС. Вакол мяне адразу згуртаваліся некалькі прадпрымальнікаў і гандляроў з мэтай падтрымкі. Афіцэр міліцыі, вывучыўшы сітуацыю, правёў тлумачальную размову з … ахоўнікам рынку(!). Пра зварот сказаў, што ўсё вельмі пісьменна складзена, і пажадаў удачы ў справах”, – адзначыў Сяргей Верамеенка.

12 траўня прадпрымальнікі, што былі сведкамі інцыдэнту цікавіліся “што там было далей”. А адміністратар ГЦ сказала, што подпісы, канечне, збіраць можна, толькі “акуратна”. Што такое “акуратна” патлумачыць не змагла, паведаміў актывіст.

У Наваполацку пад зваротам за якасную медыцыну падпісаліся больш за 500 чалавек

У Наваполацку пад зваротам аргкамітэту БХД «За якасную медыцыну» паставілі подпісы больш за 500 чалавек. Зварот прадугледжвае ў тым ліку магчымасць будаўніцтва дзіцячай (і, па магчымасці, дарослай) паліклінікі ў новых мікрараёнах гораду.

“На самай справе лічба вялікая, улічваючы, што мы рабілі гэта асабістымі сіламі ў вольны ад працы час. Паўторны зварот у выканкам будзе перададзены ў выканкам на наступным тыдні. Які б адказ не быў, справа не знікне”, – Адзначыў каардынатар БХД у Наваполацку Андрэй Гайдукоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі