Улады маюць намер кардынальна змяніць выгляд мінскіх Вайсковых могілак

Могилы
Кіраўніцтва мінскага Спецкамбіната, які курыруе стан могілак сталіцы, мае намер у жніўні наступнага года радыкальна ўпарадкаваць тэрыторыю знакамітых Вайсковых могілак, – гарадскога некропалю, на якіх пахаваныя шмат знакамітых людзей.

Старыя крыжы і надмагіллі знясуць, непафарбаваныя агароджы спілуюць, «непатрэбныя» дрэвы выражуць. Праект рэстаўрацыі могілак выглядае як пакладзеныя заместа надмагілляў XIX стагодзьдзя аднолькавыя пліты на зялёным газоне, – распавядае загадчыца Вайсковых могілак Ганна Грыб, паведамляе Радыё Свабода.

Сёння магілы на Вайсковых могілках літаральна абвешаныя папярэджаннямі для сваякоў: «Просім прывесьці ў належны стан пахаванне, інакш прымем меры ў адпаведнасці з заканадаўствам». Адміністрацыя распаўсюдзіла іх яшчэ год таму, калі ў жніўні-верасьні 2015 году праводзілася інвэнтарызацыя могілак. З амаль сямі тысячаў пахаваньняў больш за дзве тысячы прызналі пашкоджанымі, сярод іх – вельмі старыя і густоўна аздобленыя пахаванні.

«У 2015 годзе выйшаў новы закон „Аб пахаваньні і пахавальнай справе“, – тлумачыць намеснік дырэктара Спецкамбіната Сяргей Тур. – У жніўні 2017 года мы ўжо маем права самастойна праводзіць упарадкаванне. Ніводнае пахаванне не будзе пераносіцца і зносіцца. Усё будзе толькі парадкавацца».

«Крыжы, можа, калісьці і былі актуальныя ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, але цяпер яны ўсе іржавыя. Тым больш, калі б хто за імі глядзеў… І выгляд у могілак будзе іншы. Старых крыжоў не будзе. Да агароджы падыходзіш – толькі да яе дакранешся, яна валіцца. Будзе зробленая высечка дрэваў», – выкладае Сяргей Тур свае погляды на ўпарадкаванне.

Канчатковы вердыкт абліччу некропаля вынесе Мінгарвыканкам. “Мы прапанавалі 4 варыянты – ці гэта крыж, ці надмагільная пліта, ці падгалоўнік, ці тумба. Пакуль рашэнне застаецца за Мінгарвыканкамам. Мы прапаноўваем варыянт, як гэта было зроблена на могілках у Крупцах тры гады таму», – кажа Сяргей Тур, маючы на ўвазе роўны зялёны дыван з аднолькавымі плітамі.

«Гэта летапіс нашага горада – ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, – абураецца гісторык-архівіст Уладзімір Дзянісаў. — Усе гэтыя пахаванні маюць для будучых гісторыкаў велізарнае значэнне. Тэрыторыя могілак атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яна ператварылася ў гістарычны помнік, які ахоўваецца дзяржавай, таму аніякія змены на тэрыторыі гэтых могілак рабіць нельга. Нельга нішчыць тыя ці іншыя пахаваньні, – ці там пахаваная гістарычная асоба, ці гэта просты чалавек, — яны частка каштоўнасці».

Папярэджаньне ад Спецкамбіната вісіць на агароджы помніка спеваку і народнаму артысту Арсенію Арсенку. Саліст беларускага Опернага тэатра, ён трагічна загінуў у жніўні 1945 года. Ягоны помнік, на выгляд, у цалкам добрым стане, але агароджа патрабуе рамонту. Жонка спевака памерла ў 1981 годзе, пра сваякоў нічога не вядома. Лагічна дапусціць, што помнік стане адным з прызначаных да “упарадкавання”.

Вялікую небяспеку, па словах Ганны Грыб і Сяргея Тура, уяўляе праект, прапанаваны настаяцелем храма Аляксандра Неўскага, што знаходзіцца на могілках, протаіерэем Мікалаем Коржычам.  «Яны хочуць зрабіць заезд з вуліцы Чырваназорнай, каб нават машыны да іх заяжджалі туды на тэрыторыю, — тлумачыць сутнасць праекта Сяргей Тур. – Але як туды зайсьці? Нібыта ў іх і прыгожа намалявана, але каля самой царквы ёсьць пахаваньні. Яны прапануюць такі варыянт, каб прыбраць агароджы, помнікі і проста пакласьці надмагільную пліту».

Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і архітэктуры Антон Астаповіч кажа, што звяртацца ў міністэрства культуры, гарвыканкам і Спецкамбінат з патрабаваннямі тлумачэнняў можа кожны: “Трэба пісаць, што шыльды вешаюцца незаконна, бо могілкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Любая юрыдычная ці фізічная асоба можа звярнуцца з такім запытам. Таварыства аховы помнікаў трымаецца на валанцёрскай глебе. Калі нехта хоча займацца праблемай, мы заўжды адкрытыя да кансультацыяў».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі