Зянон Пазьняк: Парк Чалюскінцаў – гэта другія Курапаты

Пазьняк
Старшыня КХП-БНФ, палітык, даследчык і археолаг Зянон Пазьняк сцвярджае, што ўрочышча Курапаты – не адзінае маштабнае растрэльнае месца на мапе Мінска.

“Акрамя Курапатаў, самае страшнае месца было, якое мінчане называлі Камароўскі лес. Ён пачынаўся, дзе Акадэмія навук, ішоў туды далей, цяпер застаўся толькі кавалак парку Чалюскінцаў так званага. Гэты лес ідзе пад Сляпянку, пад Сляпню, яго яшчэ называлі Сляпянкаўскім лесам, лесам Ваньковіча, бо там сядзіба Ваньковіча – гэта маёмасць іхняя была. У гэтым лесе Ваньковіча, – будзем гаварыць, у Камароўскім лесе, – адбываліся расстрэлы з 20-х гадоў. Там яшчэ расстрэльвалі ў 1918-1919 гадах, калі першыя бальшавікі былі пасля таго, як вайна закончылася. У канцы 1918 года прыйшлі бальшавікі, яны былі дзесьці да траўня 1919, а потым ужо прыйшлі польскія войскі Пілсудскага. Дык вось яны за гэты час расстралялі тысячы людзей”, – распавядае Зянон Пазьняк на Радыё Рацыя.

Забітых закопвалі прама ў Камароўскім лесе. Растрэлы працягнуліся ў 1920-х гадах, але яны яшчэ не былі такія масавыя, як у 1930-х.

“У мяне ёсць сведкі, якія вазілі туды людзей. Нават такія гісторыі расказвалі, калі чалавек, які вазіў на машыне туды гэтых людзей расстрэльваць, калі выпусцілі з машыны людзей, пазнаў свайго настаўніка. Настаўнік таксама яго пазнаў, і кажа: “Саша, гэта ты?”. Той чалавек, той Саша, страшэнна перажыў, з ім быў нервовы зрыў. Вось такія гісторыі, гэта адбывалася ў гэтым парку Чалюскінцаў”, – працягвае Зянон Пазьняк.

Таксама Зянон Пазьняк не выключае, што менавіта ў парку Чалюскінцаў, а не ў Курапатах, могуць ляжаць растраляныя НКАУСаўцамі польскія афіцэры.

Асаблівы цынізм Зянон Пазьняк бачыць у тым, што парк, які паўстаў на растрэльным месцы, назваецца паркам Чалюскінцаў, бо карабель “Чалюскін”, які быў расціснуты ільдамі ў 30-х гадах і на доўгі час стаўся сімвалам мужнасці савецкага чалавека, вез супрацоўнікаў і ахоўнікаў сталінскіх лагераў, што плылі разам з сем’ямі на новыя месцы службы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі