Баранавіцкіх актывістаў аштрафавалі за віншаванне з Днём Волі

preview

Баранавіцкія актывісты Руху «За Свабоду» аштрафаваныя на 8,4 млн. рублёў за віншаванне з Днём Волі. 13 траўня ў судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёну пад старшынствам суддзі Літвінчык адбыўся суд над актывістамі Руху «За Свабоду» Юрыем Казакевічам і Уладзімірам Гундарам. Іх судзілі за віншаванне 25 сакавіка гараджанаў з Днём Волі і 98-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, інкрымінаваўшы парушэнне арт. 5, 8 закона «Аб масавых мерапрыемствах».

Нягледзячы на тое, што Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч сваёй віны не прызналі, суддзя Літвінчык вынесла вырак: «Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч вінаватыя ў парушэнні Закону аб масавых мерапрыемства і прысуджаюцца да штафу памерам 20 базавых велічынь (4,2 млн рублёў) кожнаму».

На судзе Юрый Казакевіч сказаў, што актывісты не падавалі заяўку на правядзенне пікета, бо разумелі, што не атрымаюць дазволу. Уладзімір Гундар дадаў, што за апошнія дзесяць гадоў ў Баранавічах не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства, на якія падаваліся заяўкі.

Пасля працэсу на прыступках суду Уладзімір Гундар голасна заявіў, што гэта не дом правасуддзя, дом беззаконня. «Толькі ў Беларусі можа такое быць, што за святочнае мерапрыемства і за віншаванне людзей са святам штрафуюць. У свабоднай краіне за такі ўчынак людзям дзякуюць», — адзначыў старшыня баранавіцкага руху.

Пасля суду Юрый Казакевіч адзначыў, што па сённяшніх беларускіх законах можна аштрафаваць чалавека, які сустракае госця ў аэрапорце з плакатам, калі ў яго няма на гэта дазволу ўлад.

На судзе 13 траўня прысутнічала перакладчык з беларускай мовы на расійскую, але пасля таго, як Уладзімір Гундар заявіў, што перакладчык яму не патрэбны, яе адпусцілі.

Суд Салігорскага раёна адхіліў чарговую скаргу грамадзян на рашэнні ўладаў

Між тым намесніца старшыні суда Салігорскага раёна Ала Трафімчук не задаволіла скаргу на мясцовы Савет дэпутатаў салігорца Івана Шылы, інтарэсы якога падчас паседжання прадстаўляў сябра АГП, праваабаронца Леанід Мархотка.

Па словах Леаніда Мархоткі, замест разгляду скаргі па сутнасці суд у сваім рашэнні і матывіровачнай частцы да яго абмежаваўся простым капіяваннем артыкулаў з пэўных законаў і ўказаў.

“На жаль, суддзя Трафімчук праігнаравала патрабаванні артыкула 35 закона “Аб мясцовым самакіраванні”. А гэта артыкул прамога дзеяння, паводле якога  Сесія Савета дэпутатаў абавязаная разглядаць унесеныя грамадзянамі праекты рашэнняў па пытаннях мясцовага значэння, і толькі на Сесіі прымаецца рашэнне па прапанаваным праекце з усімі аргументацыямі за ці супраць. Дзеючым заканадаўствам не дапускаецца самастойнае прыняцця рашэння старшынёй Савета або прэзiдыюмам Савета па ўнесеных грамадзянамі праектах на сесію, як гэта мела месца ў нашым выпадку”, – кажа Леанід Мархотка.

Праваабаронца паведаміў, што на гэтае рашэнне суда Салігорскага раёна ўжо пададзеная касацыйнай скарга ў Мінскі абласны суд. У скарзе таксама гаворыцца пра парушэнне правоў грамадзян 170 населеных пунктаў Салігорскага раёна, у якіх адсутнічаюць легальныя месцы для правядзення мірных сходаў.

Нагадаем, раней Мінскі абласны Савет дэпутатаў не задаволіў скаргі рэгіянальных актывістаў на незаконныя рашэнні старшыняў Салігорскага і Слуцкага раённых Саветаў дэпутатаў аб адмове ў разглядзе на сесіі праектаў рашэнняў аб свабодзе мірных сходаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі