Усё нашы людзі: выхадцы з Беларусі на чале Ізраіля

иерусалим14 мая 1948 года у Тэль-Авіве было абвешчана ўтварэнне Дзяржавы Ізраіль. Упершыню з 70 года нашай эры, калі Юдэя была пазбаўленая аўтаноміі і ператворана ў рымскую правінцыю, габрэі здабылі ўласную дзяржаву.

У яе станаўленні і развіцці прымалі актыўны ўдзел і выхадцы з Беларусі. У Дзень незалежнасці Ізраіля Krynica.info вырашыла ўспомніць выхадцаў з Беларусі, якія стаялі ля стырна маладой дзяржавы.

Прэзідэнты

ChaimWeizmann1948Так, першым прэзідэнтам Ізраіля быў ураджэнец аграгарадка Моталь ў сённяшнім Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці Хаім Вейцман (1874-1952). Беларусь ён пакінуў ў 1892 годзе для вучобы ў Германіі, дзе і далучыўся да сіянісцкага руху. На прэзідэнцкай пасадзе ён знаходзіўся з 1949 па 1952 год.

Zalman_ShazarУ 1963 годзе Ізраіль узначаліў ураджэнец Міру (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) Залман Шазар (1889-1974), які кіраваў краінай дзесяць гадоў. Ён прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі, быў сябрам партыі Паалей Сіён, удзельнічаў у яе нелегальным з’ездзе ў Мінску ў 1906 годзе, уваходзіў у габрэйскую самаабарону. У 1907 годзе быў асуджаны да двух месяцаў турмы. У Эрэц-Ісраэль ўпершыню прыехаў у 1911 годзе.

Ezer_Weizman_1978У 1993 годзе прэзідэнтам Ізраіля быў абраны пляменнік першага кіраўніка дзяржавы Эзер Вейцман (1924-2005), які хоць і нарадзіўся ўжо ў Тэль-Авіве, але карані яго сыходзяць у беларускае Палессе.

435px-Shimon_Peres_by_David_ShankboneУ 1923 годзе ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Шымон Перскі, больш вядомы як Шымон Перэс. Прэзідэнцкі пост ён займаў з 2007 па 2014 гады. Па матчынай лініі ён з’яўляецца нашчадкам заснавальніка валожынскай ешывы рабіна Хаіма з Валожына (1749-1821). Таксама Шымон Перэс у 1984-1986 і 1995-1996 гадах узначальваў урад Ізраіля. На радзіму продкаў ён перасяліўся ў 1934 годзе.

800px-Reuven_Rivlin_2011Паходзяць у Беларусь і карані дзеючага прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна. Яго продак – Гілель Рыўлін са Шклова (1758-1838), які быў стрыечным пляменнікам і блізкім паслядоўнікам выбітнага рабіна ВКЛ Эліяху Залмана, больш вядомага як Віленскі Гаон. Ён эміграваў у Палестыну яшчэ ў 1809 годзе.

Прэм’ер-міністры

Moshe_Sharett_-_1955Другім прэм’ер-міністрам Ізраіля быў Мошэ Шарэт (1894-1965), які нарадзіўся ва ўкраінскім Херсоне. Аднак яго бацька – Якаб Чарток (1862-1913) – быў выхадцам беларускага Пінска, тут жа ён скончыў хедар і рэальнае вучылішча. Канчаткова ў Палестыну ён з сям’ёй пераехаў у 1906 годзе. Мошэ Шарэт узначальваў урад Ізраіля ў 1954-1955 гадах.

З гістарычнай Заходняй Беларуссю звязана жыццё і Леві Эшколя (1895-1969), які стаў прэм’ер-міністрам у 1963 годзе. Як і яго папярэднік, ён нарадзіўся ва Украіне, аднак дзяцінства правёў у Вільні. Тут ён скончыў габрэйскую школу і быў членам маладзёжнай сіянісцкай арганізацыі “Цэірэй Цыён”. У Палестыну ён пераехаў у 1914 годзе.

Yigal_AllonПамерлага на сваёй пасадзе Леві Эшколя ў якасці в.а. прэм’ер-міністра змяніў сын ўраджэнца Гродна Рувіма Пайковіча (1876-1962) – Ігаль Алон (1918-1980). Ён ужо нарадзіўся ў Палестыне, куды сям’я яго бацькі пераехала ў 1890 годзе.

Golda_Meir_03265uНовым паўнапраўным кіраўніком урада Ізраіля ў 1969 годзе стала ураджэнка Кіева Голда Мэір (1898-1978). У 1903 годзе яна з сям’ёй вярнулася на радзіму бацькі ў Пінск, дзе працягвалі жыць яе бабуля і дзядуля. У 1906 году сям’я Мабовічаў (такое дзявочае прозвішча Голды Мэір) пераехала ў ЗША. У падмандатную Палестыну яна пераехала ў 1921 годзе. Урад краіны яна ўзначальвала да 1974 года.

417px-Yitzhak_Rabin_(1986)_croppedЯе пераемнікам стаў Іцхак Рабін (1922-1995), які займаў пасаду прэм’ер-міністра да 1977 года і ў 1992-1995 гадах. Ён нарадзіўся ў Ерусаліме, а вось яго маці Роза Коэн – у 1890 годзе ў Магілёве, вучылася ў Гомелі, а працавала настаўнікам у Бабруйску. Была сябрам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) і моладзевай фракцыі габрэйскай партыі “Бунд”, крыху пазней – сіянісцкай партыі “Паалей Сіён”. Была членам яўрэйскай самаабароны, арганізоўвала культурныя вечарыны. Актыўным членам гомельскага Бунда быў і яе брат Якаб Коэн, які прымаў удзел у выданні газеты “Дэр Камфф” (Барацьба). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Роза Коэн эмігравала ў Палестыну.

Menachem_Begin_2У 1977-1983 гадах прэм’ер-міністрам Ізраіля быў ураджэнец Брэста Менахем Бегін (ён жа – Мечыслаў Бягун; 1913-1992). У 16 гадоў далучыўся да сіянісцкага руху, а ў 1938 годзе ўзначаліў польскае аддзяленне маладзёжнае крайне-правай сіянісцкай арганізацыі “Бейтар”. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР ў 1939 годзе быў арыштаваны ў Вільні як брытанскі агент і асуджаны на восем гадоў лагераў. Аднак у 1941 годзе быў вызвалены, атрымаўшы магчымасць далучыцца да польскай Арміі Андэрса. Аднак у 1943 годзе ён вырашыў цалкам прысвяціць сябе барацьбе за незалежнасць Ізраіля.

Yitzhak_ShamirНа прэм’ерскай пасадзе яго змяніў ураджэнец Ружан (Пружанскі раён Брэсцкай вобласці) Іцхак Шамір (Езярніцкі; 1915-2012). Ён вучыўся ў Беластоку і Варшаве, таксама быў членам “Бейтару”. У Палестыну эміграваў ў 1935 годзе. Узначальваў ён ўрад у 1983-1984 і 1986-1992 гадах, у перапынку яго змяняў ужо згаданы намі Шымон Перэс.

Benjamin_NetanyahuПасля Іцхака Шаміра прэм’ер-міністрамі Ізраіля былі паўторна Іцхак Рабін і Шымон Перэс, якіх у 1996-1999 гадах змяніў Біньямін Нетаньяху, які з 2009 года з’яўляецца дзеючым кіраўніком ізраільскага ўрада. Ён нарадзіўся ў 1949 годзе ў Тэль-Авіве ў сям’і гісторыка, ураджэнца Варшавы Бенцыёна Нетаньяху (1910-2012). Той у сваю чаргу быў сынам ураджэнца беларускага Крэва (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) рабіна Натана Мілейкоўскага (1879-1935). Ён быў заўзятым прыхільнікам сіянізму і рэзка выступаў супраць габрэйскіх сацыялістычных арганізацый. У 1908 годзе ён пераехаў у Польшчу, а ў 1920-м – у Палестыну.

Ehud_Barak_FaceПрэм’ер-міністр у 1999-2001 гадах Эхуд Барак нарадзіўся ў сям’і Эстэр Годзін (1913-2013), бацькі якой, па паведамленні рускай версіі Вікіпедыі, нарадзіліся ў Смаленску. Аднак знайсці пацверджанняў гэтай інфармацыі не ўдалося.

Ariel_Sharon_2001У Беларусі карані і Арыэля Шарона (1928-2014), які ўзначальваў ізраільскі ўрад у 2001-2006 гадах. Яго дзед Мардэхай Шэйнерман нарадзіўся і вырас у Брэсце ў сям’і кантаніста. Ён быў перакананым сіяністам і адным з заснавальнікаў сіянісцкай арганізацыі ў горадзе. Маці Арыэля Шарона – Дэбора – паходзіла з заможнай магілёўскай сям’і. Перасяліліся Шэйнерманы у Палестыну ў 1921 годзе.

Дзеючым кіраўніком Ізраіля з 2009 года з’яўляецца ўнук беларускага рабіна Біньямін Нетаньяху.

У цэлым, на чале Дзяржавы Ізраіль нашы землякі знаходзіліся мінімум у 1949-1952, 1963-1973, 1993-2000 гадах і з 2007 года, на чале ўрада – у 1954-1955, 1963-2006 гадах і з 2009 года.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі