Беларускія ўлады не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі святару-замежніку

стапыра

Ураджэнец Польшчы, ксёндз Андрэй Стапыра не атрымаў дазвол на працягненне служэння ў Беларусі. Афіцыйнае развітанне з ім адбылося 15 траўня ў парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Лідскі раён) падчас парафіяльнага свята. Пра гэта карэспандэнту Krynіca.іnfo паведаміў ксёндз Павел Салабуда, адказны за супрацу са СМІ ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Паводле яго, дазвол на служэнне святара ксёндз Андрэй не атрымаў яшчэ некалькі месяцаў таму. “Святары-замежнікі павінна браць дазвол на служэнне ў Беларусі. І вось яму прыйшла чарга браць гэты дазвол на далейшую працу. І яму яго не далі. А прычыны хіба што яму самому патлумачылі. Наколькі я разумею, прычыны не падаюцца”, – адзначыў ксёндз Павел Салабуда.

Ксёндз Андрэй Стапыра быў пробашчам парафіі ў Бярозаўцы з 1991 года. Таксама ён узначальваў Навагрудскі дэканат і быў адказны ў Гродзенскай дыяцэзіі за справы сям’і і Еўхарыстычнага руху маладых.

Як паведамляе ў  Facebook гісторык Мечыслаў Супрон, развітацца з ксяндзом Андрэем прыехалі біскупы Пінскі Антоні Дзям’янка і Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама мноства ксяндзоў з іншых парафій. “25 гадоу кс. Анджэй прысвяціў аднаўленню некалькіх касцёлаў, цалкам пабудаваў бярозаўскую святыню, выгадаваў цэлае пакаленне вернікаў. Сёння яго выганяюць. Подла, нахабна”, – адзначыў ён.

Нагадаем, што каталіцкаму святару з Індыі, місіянеру Джэймсу Манджакалу беларускія ўлады не дазволілі праводзіць рэкалекцыі ў Беларусі. Рэкалекцыі мусілі прайсці ў Росі (Ваўкавыскі раён) з 22 па 24 ліпеня.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі