СМІ: дзеці з праваслаўных летнікаў Віцебскай епархіі трапляюць у лагеры баевікоў “ДНР” (відэа)

Дзеці з праваслаўных групаў і летнікаў пры шэрагу праваслаўных храмаў Віцебскай епархіі перыядычна патрапляюць у Расію ў трэніровачныя летнікі, інструктарамі якіх з’яўляюцца дзеючыя баевікі, што бяруць удзел на баку сепаратыстаў ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны.

Да такіх высноваў, прааналізаваўшы шэраг адкрытых крыніцаў, а таксама паразмаўляўшы з бацькамі некаторых дзяцей, прыйшоў карэспандэнт “Нашай Нівы”.

ДНР

Паводле выдання, датычнымі да “ваенна-патрыятычных выездаў” беларускіх дзяцей у расійскія летнікі з’яўляюцца віцебская арганізацыя беларускіх колішніх воінаў-афганцаў «ВГО «Братэрства» і праваслаўныя прыходы з Талочына, Друйска, а таксама Віцебска.

Так, пад Масквой з 6 па 9 траўня прайшлі «Велікодныя ваенна-патрыятычныя моладзевыя зборы», дзе адным з трэнераў дзяцей, у т.л., з Віцебска, Друцка і Талачына, быў Аляксей Мільчакоў з Санкт-Пецярбурга, які пазіцыяніруе сябе як камандзір дыверсійнай групы «Русіч» па мянушцы “Фрыц”. Гэта чалавек стаў вядомым пасля таго, як у 2012 годзе пад сцягам Трэцяга Рэйху адразаў сабакам галовы, фіксуючы ўвесь працэс на фота і заклікаючы забіваць не толькі жывёлаў, але і бамжоў. Абвінавачваецца Мільчакоў таксама ў тым, што ва Украіне выразаў на тварах забітых украінскіх жаўнераў васьміканцовыя свастыкі, адразаў ім вушы, рабіў на фоне трупаў «сэлфі».

«Галоўная мэта — узнаўленне Рускага народа. Дзесьці інфармацыяй, а дзесьці «агнём і мячом» — паўсюль мы робім усё магчымае, ніколі не застаючыся абыякавымі», – дэкларуюць сваю пазіцыяю чальцы “E.N.O.T”, якія асаблівай сваёй заслугай лічаць удзел у баявых дзеяннях ва Украіне.

ДНР
Падчас збораў пад Масквой людзі, якія не хаваюць свайго прафесійнага стаўлення да забойстваў, ладзілі для дзяцей з праваслаўных прыходаў майстар-класы па нажавым, тактычным, рукапашным боі, стральбе з розных відаў зброі. “Умоўным праціўнікам”, як гаворыцца на старонках інструктараў у сацыяльных сетках, з’яўляюцца “укропы”.

Дзеці з Беларусі, які патрапілі на гэтыя зборы, належаць да ваенна-патрыятычнага брацтва імя святых благаверных князёў Барыса і Глеба пры прыходзе Увядзенскага храма ў Талачыне, казацкага клуба «Вароты Паазер’я» ў Віцебску, ваенна-патрыятычнага клуба імя Архангела Міхаіла ў Друцку, клуба «Школа выжывання» пры віцебскай арганізацыі афганцаў «Братэрства».

Усімі чатырма клуба кіруе сужэнская пара – Таццяна і Міхаіл Гаўрыліны. У друцкім клубе пры прыходзе храма Раства Багародзіцы Таццяна Гаўрыліна — «атаман», у афганскім «Братэрстве» — «чалец рады па працы з моладдзю», у расійскім «Партнёрстве па адраджэнні казацтва» яна — «сотнік». Міхаіл Гаўрылін усюды займае пасаду яе намесніка. Разам з імі з моладдзю працуюць святар з Талачынскага благачыння Алег Плаксіцкі і старэйшы навуковы супрацоўнік інстытута сацыялогіі РАН, казак Аляксандр Шаўчэнка.

«Я ведала, куды яны едуць. Яны ехалі з кіраўніком, а кіраўнік ужо ведае, хто там чым займаецца. Мы ўжо год там займаемся і давяраем гэтай жанчыне. Сыну падабаецца — сустрэчы для нас арганізоўвалі розныя, і ў Оршу мы ездзілі, сустракаліся з кадэтамі. Мы грамадзяне сваёй краіны і патрыёты. Гэта проста як для хлопчыка — ваенная падрыхтоўка. Я разглядаю ў гэтым ключы. Пакуль у мяне ніякіх падазрэнняў не выклікае», — сказала Вольга, маці маленькага Арсеня Касьяна, які браў удзел у зборах.

«Мы ўвогуле туды выпадкова патрапілі: муж па восені ўбачыў каля моладзевага цэнтра дзяцей у камуфляжнай форме, спытаў, што гэта ў іх тут. Яму сказалі, што клуб. Ён кажа — можна да вас? Ну вось так было. А за паездку гэтую мы нядорага аддалі — 500 рублёў «расіі»”, – дадае яна.

Маці яшчэ аднаго хлопчыка, Андрэя Талерчыка, кажа, што не цікавілася, – якія людзі будуць інструктарамі на «зборах».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі