Мілінкевіч: дыялог Бруселя з Мінскам мусіць быць з умовамі

dzien_voli (33)

Дыялог паміж Еўрапейскім саюзам і ўладамі Беларусі мусіць быць канструктыўным, але крытычным і з умовамі. “Тады сітуацыя будзе змяняцца”, – заявіў 16 траўня на круглым стале з удзелам еўрадэпутатў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго, дыялог толькі для сустрэчаў са спадзевам, што аўтарытарную дзяржаву можна зрабіць дэмакратычнай, не ўдасца. Неабходна пакрокавае збліжэнне, сказаў ён, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Таксама, мяркуе палітык, важна, каб кантакт з уладай не абмяжоўваў кантакты з грамадзянскай супольнасцю. Пры гэтым ён заявіў, што сёння праеўрапейскія настроі, да якіх ён аднёс не толькі імкненне далучыцца да ЕС, але і імкненне да еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў, у Беларусі зніжаецца.

Палітыка адкрытасці ЕС да Беларусі, улічваючы міжнародныя чыннікі і вайну ва Украіне, правільная і неабходная, падкрэсліў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі. Разам з тым ён заклікаў улічваць «надзвычай прынцыповую рэч»: “пакуль у Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, улада застаецца нелігітымнай”. “Пакуль галасы не лічаць, любыя дамовы не маюць моцы ад імя ўсяго беларускага народу. Пакуль не будзе выбараў, усе перамовы мусяць адбывацца з разуменнем, што ўрад не мае такія паўнамоцтвы прадстаўляць беларускі народ”, – сказаў ён.

Янукевіч: Чаканні ад еўрапейскай палітыкі суседства не спраўджваюцца

У сваю чаргу старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што чаканні ад еўрапейскай палітыкі суседства не спраўджваюцца. “ЕС шукае лёгкіх інтарэсаў. Але іх не выпадае. Расія моцна працуе з урадам, СМІ і грамадствам, каб атрымаць прыхільнікаў “рускага свету”. Калі Расію не спыніць, то тут (у Беларусі – рэд.) будзе нестабільнасць, а заўтра будуць стаяць новыя задачы: Балтыя, Польшча”, – лічыць палітык.

На яго думку, ЕС неабходна распрацаваць з беларускім урадам пакрокавую дарожную мапу. “Яе пакуль няма, ці мы пра яе не ведаем”, – сказаў Аляксей Янукевіч.

Паводле яго, ЕС мусіць прапаноўваць рэсурсы ўладам Беларусі за выкананне пастаўленых умоў. Пры гэтым рэсурсы павінны быць суразмерныя рэсурсам, якія прадстаўляе Расія, каб зацікавіць афіцыйны Мінск. Таксама, лічыць старшыня ПБНФ, неабходна “ўкладацца” ў грамадзянскую супольнасць, якая падтрымлівае дэмакратычную і еўрапейскую ідэнтычнасць, каб абараніць еўрапейскі выбар беларусаў, калі сыдзе Аляксандр Лукашэнка.

Статкевіч: неабходнае аб’яднанне

Лідар аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) Мікалай Статкевіч заявіў пра неабходнасць аб’яднання праціўнікаў дзеючай улады. “Без аб’яднання дэмакратаў дэмакратыі не будзе”, – сказаў ён, заклікаўшы прысутных далучацца да ўтворанага 15 траўня Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Ён таксама прапанаваў абмеркаваць механізм вылучэння адзіных апазіцыйных кандыдатаў на парламенцкіх выбарах у гэтым годзе, бо “самі ў сябе крадзем галасы”.

У сваю чаргу старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард выказалася за тое, каб прадстаўнікі апазіцыі не рабілі катэгарычных заяваў адносна адно аднога. “Давайце не папракаць і не расказваць пра гэта ў прэсе”, – сказала яна.

Ад ЕС яна чакае, каб у размовах у уладамі тыя патрабавалі дэмакратызацыі і ўзмацнення апазіцыі, каб “быў пакрокавы рух і падарункі за выкананыя задачы”.

Між тым адна з лідараў кампаніі “Гавары праўду!” Таццяна Караткевіч назвала галоўнай задачай фармаванне попыту на змены. Паводле яе, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года атрымалася дагрукацца да новых людзей, паказаўшы, што многія праблемы не вырашыць без палітыкі. Палітык таксама заявіла, што ўнутры краіны атрымалася ініцыяваць дыялог, які хоць і не дае выніку, але і не прыводзіць да негатыўных тэндэнцый. Таму, лічыць Таццяна Караткевіч, яго трэба працягваць, а таксама забяспечыць выразную альтэрнатыву для грамадзян дзеля рашэння канкрэтных задач, забяспечыць шырокі ўдзел людзей ў жыцці ў грамадстве.

Датычна стасункаў з ЕС, палітык выказалася за працяг дыялогу з беларускімі ўладамі, “каб забяспечыць устойлівае развіццё ў краіне”, падпісанне базавай дамовы пра супрацоўніцтва, еўрапейскай хартыі самакіравання, спрашчэння візавага рэжыму, за малыя інвестыцыі на рэгіянальным узроўні.

Губарэвіч: Размарозка адносінаў і адмена санкцый – аванс уладам

Размарозка адносінаў і адмена санкцый беларускія ўлады атрымалі ў якасці авансу, мяркуе намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч. Паводле яго, нягледзячы на вызваленне палітвязняў і пэўнае змяншэнне рэпрэсій, у краіне прынцыпова не вырашаныя ўсе праблемы. На яго думку, улады паспрабуюць “удала прадаць выбары”, у тым ліку стварыўшы кішэнную апазіцыю ў парламенце па прыкладзе КПРФ і ЛДПР у расійскай Дзяржаўнай Думе.

Юрый Губарэвіч падкрэсліў, што беларуская апазіцыя адзіная ў тым, што мусіць быць зроблена, каб выбары былі свабоднымі і сумленнымі: у выбарчыя камісіі мусяць быць уключаныя сябры апазіцыйных партый і арганізацый, назіральнікі мусяць бачыць публічны і галосны падлік галасоў, а датэрміновае галасаванне мусіць быць абмежаванае. Пры гэтых умовах апазіцыі рэальна патрапіць у парламент, заявіў ён.

У сваю чаргу лідар руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць” Уладзімір Някляеў выказаўся за тое, каб апазіцыя паставіла ўладам умову свайго ўдзелу ў выбарах – правядзенне іх свабодна і сумленна. “Гэтага дасягнуць можна, бо рэжым слабы”, – мяркуе ён.

Старшыня Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства Святлана Каралёва адзначыла, што толькі з апазіцыяй у парламенце грамадзянская супольнасць здолее рэалізаваць свае прапановы па рэфармаванні грамадства.

Лябедзька назваў рэалістычную задачу на выбары

Па словах лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі на выбарчую кампанію апазіцыі неабходна ставіць рэалістычныя мэты і задачы. Імі ён лічыць істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычных працэсаў. “Калі будзе больш членаў у партыях, калі больш прыхільнікаў еўрапейскага выбару – мы пераможцы”, – сказаў ён.

Паводле яго, толькі праз фармат удзелу ў выбарах можна сабраць доказы наяўнасці фальсіфікацый. “Мы павінны сканцэнтравацца на тым, каб выбары прайшлі з максімальнай празрыстасцю. Для гэтага трэба, каб у кожнага кандыдата быў свой прадстаўнік у камісіі, а для гэта неабходна 6 тыс. чалавек у камісіях і 10 тыс. назіральнікаў, каб зафіксаваць тое, пра што сказаў Анатоль”, – дадала Таццяна Караткевіч.

“Калі Беларусь знікне з еўрапейскага парадку дня – гэта самая што ні на ёсць параза”, – падкрэсліў лідар АГП.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі