БПЦ разбіраецца, хто вывез беларускіх дзяцей у лагер баевікоў пад Масквой

Віцебская праваслаўная епархія нікога не адпраўляла на вайскова-патрыятычныя лагеры ў Расіі, у якіх бралі ўдзел расійскія неанацысты і баевікі “ДНР”. “Наагул, у мяне ўзніклі падазрэнні, ці маюць усе тыя арганізацыі нейкую дзяржаўную рэгістрацыю. Дарэчы, адна з названых аформлена пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, ніякага дачынення да нас не мае ў прынцыпе. Якім чынам і навошта яны „прыпісаліся“ да епархіі — не ведаю”, — заявіў протаіерэй Андрэй Смольскі, які адказвае ў епархіі за сувязі са СМІ.

Паводле яго, зараз збіраецца і сістэматызуецца інфармацыя, каб “прааналізаваць і высветліць, адкуль сапраўды ногі растуць», паведамляе Радыё Свабода.

У сваю чаргу прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Сяргей Лепін сказаў, што інфармацыя пра магчымую датычнасць БПЦ да вывазу школьнікаў з Віцебскай вобласці ў расійскі лагер баевікоў пад Масквой даведзена да ведама мітрапаліта Паўла.

«Калі гэта на самой справе так і ў арганізацыі лагера брала ўдзел азначаная асоба са свастыкай, якая дзеля пацехі адразала галовы сабакам і выразала крыжы на тварах украінскіх ваеннапалонных, безумоўна, гэта нас таксама турбуе. Зразумела, такога быць не павінна, і як гэта ўвогуле магло здарыцца — прадмет для адмысловага разбору. Паверце, усе гэтыя факты мы будзем для сябе дасканала высвятляць», — сказаў ён.

«У патрыятычным выхаванні на самой справе няма нічога дрэннага. Дрэннае можа быць у абставінах, у нюансах. Мы не супраць патрыятычнага выхавання, але мы супраць таго, каб гэтым выхаваннем займаліся фашысты, людзі, якіх ні ў якім разе нельга нават блізка дапускаць да навучання нашых хлопчыкаў і дзяўчатак», — падкрэсліў прэс-сакратар БПЦ, выказаўшы спадзеў, што такое больш не паўторыцца.

Таццяна Севярынец: “Рускі свет” дзейнічае пад прыкрыццём уладаў

“Рускі свет” у Беларусі дзейнічае пад прыкрыццём беларускіх уладаў. Так лічыць каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.

Актывістка яшчэ ў ліпені 2015 года накіравала калектыўны зварот жыхароў вобласці ў абласную пракуратуру наконт дзейнасці экстрэмісцкіх арганізацый “Рускага свету”, прывяла спасылкі на матэрыялы-справаздачы на іх сайтах. Але пракуратура перанакіравала зварот галоўнаму ўпраўленню юстыцыі, упраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленню адукацыі, камісіі па справах няпоўнагадовых. З іх адказала толькі галоўнае ўпраўленне юстыцыі.

Згодна з адказам, Віцебскае грамадскае аб’яднанне «Рускі дом» і Віцебская гарадская грамадская арганізацыя «Рускі культурны цэнтр «Русь» не праводзілі спартыўныя ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы з падлеткамі і не прымалі ўдзелу ў адпаведных мерапрыемствах на тэрыторыі вобласці, а «Ваенна-патрыятычнае брацтва сяброў спецназа «Рысь» пры храме Праабражэння Гасподняга (Лепельскі раён), «Праваслаўны казачы ваенна-патрыятычны клуб у імя арханёла Міхаіла» пры прыходзе храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі раён), «Праваслаўны казачы ваенна-патрыятычны клуб у імя Міхала Арханёла» пры прыходзе храма Святой велікамучаніцы Ірыны Віцебска дзейнасці не ажыццяўлялі. І гэта пры тым, што кіраўнік клуба Таццяна Гаўрыліна правяла мерапрыемства па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў школы №19 Оршы, падчас якога адзначыла дзяцей-членаў клуба значкамі. “Пра тое, што ўсё праводзілася пад рускімі сцягамі і значкі таксама з рускай сімволікай, упраўленне замоўчвае, хаця ў звароце на гэта ўказвалася”, — адзначае Таццяна Севярынец.

Увогуле ж, паводле першага намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Марыны Быкавай, на тэрыторыі Полацкага, Пастаўскага раёнаў навучальных ваенна-патрыятычных збораў для падлеткаў з удзелам казачых арганізацый у 2013-2015 гадах не праводзілася. Таксама ў звароце прыводзілася спасылка на артыкул Алы Брэнь “Почему в в Беларуси нет безработицы и революции”, дзе аўтарка заклікала ўсіх чытачоў кідаць Беларусь і ехаць у Расею, але ва ўпраўленні паведамілі, што артыкулу не было.

“Пэўна, гэта мне прыснілася. Як сняцца ўсім нам ужо каторы год заняткі ў Заслонаве (Лепельскі раён) ці то манаха, ці то казака, ці то ваеннага афіцэра Плаксіна з непаўнагадовымі, якім у рукі даецца ваенная зброя і якіх навучаюць любіць Расею. Дарэчы, пра гэта даўно ведаюць і распавядаюць жыхары і Заслонава, і Лепеля. Толькі ўпраўленне юстыцыі гэтага не ведае. Чамусьці. Як не ведае і пра тое, што нашых дзяцей вывозяць у лагеры пад Маскву, дзе навучаюць любові да Расеі і нянавісці да ўсіх астатніх са зброяй у руках. Чаму ж не гадаваць з недасведчаных малых беларусаў гарматнае мяса для сваіх войнаў? А закамуфляваць можна прыгожымі мэтамі і словамі”, — падкрэслівае віцебскі абласны каардынатар.

“І пішуць небаракі-бацькі заявы “Прашу прыняць майго сына ў…”. Сынок гэты хутка вернецца, перарэжа ім глотку, адрэжа вушы, як той нелюдзь Аляксей Мільчакоў, што над целам забітага абаронцы-украінца размахвае такімі “трафеямі”. Упраўленню юстыцыі на гэта пляваць, як пляваць і ўсім, хто павінен несці адказнасць за нашу бяспеку, незалежнасць. Гаспадарыць на нашай зямлі “Рускі свет”. Дазволім?” – задаецца пытаннем Таццяна Севярынец.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі