Біскуп Кашкевіч асвяціў капліцу ў шпіталі ў Гродне

часовня в Гродненской больнице
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 20 траўня асвяціў шпітальную капліцу Божай Міласэрнасці ў Гродзенскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

За Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп, сабраліся шматлікія госці, прадстаўнікі мяцовай улады, медыцынскі персанал і пацыенты бальніцы. Таксама ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі ахвярадаўцы, дзякуючы якім стала магчымым набыццё для капліцы мэблі і літургічных рэчаў, паведамляе  catholic.by.

Капелан бальніцы кс. Генрык Яблонскі, вітаючы прысутных гасцей, адзначыў, што гэтая падзея з’яўляецца гістарычнай для горада Гродна і што гэтая капліца будзе «сэрцам шпіталя».

Святар дадаў, што капліца стане месцам сустрэчы чалавека, якога закранула хвароба, з міласэрным Айцом. «Хворыя асабліва маюць патрэбу ў Божай міласэрнасці, і ў капліцы яны змогуць пазнаць гэты духоўны супакой і суцяшэнне ў цярпенні», — сказаў капелан бальніцы.

Ксёндз Юрый Марціновіч нагадаў у гаміліі, што зараз Паўсюдны Касцёл перажывае Юбілейны Год Міласэрнасці, мэта якога — заахвоціць усіх людзей напоўніць свае сэрцы сапраўднай радасцю, якую можа даць толькі Бог, багаты на міласэрнасць і ласку.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў вельмі сімвалічным тое, што ў Юбілейны Год Міласэрнасці, абвешчаны Папам Францішкам, у Гродне асвяцілі капліцу Божай Міласэрнасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі