Мітрапаліт Кандрусевіч: Да Ватыкана часта звяртаюцца, каб вырашыць палітычныя праблемы

Папа и Лукашенко
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, каментуючы сустрэчу ў Ватыкане 21 траўня кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і Папы Францішка, выказаў спадзеў, што гэтая сустрэча паспрыяе развіццю адносінаў паміж дзвюма дзяржавамі, а таксама паміж свецкай уладай Беларусі і Каталіцкай Царквой у Беларусі.

Арцыбіскуп нагадаў, што гэта другі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, – першы, падчас пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI, адбыўся ў 2009 годзе, паведамляе Радыё Ватыкана.

«Роля Апостальскай Сталіцы ў свеце вельмі вялікая і таму, мы ведаем, што для вырашэння шматлікіх сусветных праблемаў вельмі часта звяртаюцца менавіта да яе. Таму для нас – гонар, што Папа прыняў кіраўніка дзяржавы. Гэта таксама падкрэслівае значэнне Каталіцкага Касцёла ў жыцці Беларусі. І я спадзяюся, што будуць і далей развівацца адносіны паміж нашай дзяржавай і Святым Пасадам, а таксама і адносіны паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. Мы ўсе чакаем, што калісьці Папа наведае Беларусь, кожны чалавек задае гэта пытанне, і тут у Рыме таксама. Думаю, што такія сустрэчы могуць наблізіць гэты візіт Пантыфіка ў нашу краіну, а краіна заслугоўвае гэтага», – лічыць мітрапаліт Кандрусевіч.

«Калі казаць аб адносінах Касцёла і дзяржавы, то такое пагадненне, а лепш канкардат, але ідзе гаворка менавіта пра пагадненне, з’яўляецца лакмусавай паперай, якая паказвае, што адносіны гэтыя добрыя. Былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці шмат рабіў дзеля гэтай справы – падпісання пагаднення. Я ўпэўнены, што новы Нунцый таксама будзе працаваць у гэтым напрамку. Аднак сённяшні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан, напэўна, дае новыя перспектывы, каб сапраўды на міжнародным узроўні роўнымі актамі засведчыць адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам і іх развіццё», – дадае арцыбіскуп Кандрусевіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі