Гутарка з амерыканскім экспертам: свабода, рэлігія і дзяржава

13184774_1228983643779784_764355170_o

Карэспандэнту Krynica.info пашчасціла пагутарыць з амерыканскім палітолагам, прафесарам палітычных навук ва ўніверсітэце Нотр-Дам, экспертам ў пытаннях узаемадзеяння рэлігійных суполак і дзяржавы Вінсэнтам Філіпам Муньёзам (Vincent Phillip Muñoz). Прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю аб свабодзе сумлення, узаемадзеянні рэлігіі і дзяржавы, экстрэмізме і маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

Krynica.info: Вы даследуеце ўзаемаадносіны рэлігіі і дзяржавы. Якім Вы бачыце найлепшае іх узаемаадачыненне?

Вінсэнт Муньёз: Фундаментальны прынцып заключаецца ў тым, што ў чалавека ёсць права на рэлігійную свабоду, права пакланяцца Богу згодна перакананням чалавека. У ЗША мы маем на ўвазе пад гэтым натуральнае права, гэта значыць гэта права не дадзена чалавеку дзяржавай, але з’яўляецца часткай самой прыроды чалавека. І дзяржава павінна паважаць свабоду людзей. У ЗША няма дзяржаўнага рэгулявання рэлігіі. Дзяржава не прымушае чалавека да рэлігійных практык, але і не забараняе іх. Таксама дзяржава не ўмешваецца ў рэлігійныя практыкі, якія з’яўляюцца натуральным правам чалавека. У нас няма рэгістрацыі рэлігійных арганізацый і служыцеляў. У гэтым плане, вядома, ЗША адрозніваюцца ад Беларусі.

Krynica.info: А што наконт рэгістрацыі рэлігійных аб’яднанняў?

Вінсэнт Муньёз: Рэлігійныя аб’яднанні не павінны рэгістравацца. У іх няма такога абавязку. Рэлігійныя арганізацыі могуць атрымаць статус арганізацый, якія не падлягаюць падаткаабкладанню. Гэта можна назваць свайго роду рэгістрацыяй. Калі царква збірае ахвяраванні або атрымлівае прыбытак ад продажу, напрыклад, дыскаў ці рэлігійнай літаратуры, яны могуць быць вызваленыя ад падаткаў. Для гэтага ім неабходна звярнуцца па такі статус. Але рэлігійныя арганізацыі не абавязаны гэта рабіць.

Krynica.info: У Беларусі распаўсюджана меркаванне, што вернікі не павінны займацца палітыкай. Яны могуць удзельнічаць у рэлігійных практыках, маліцца, займацца дабрачыннасцю, але не ўдзельнічаць у палітыцы, бо палітыка — гэта «брудная справа». Што вы мяркуеце на гэты конт? Ці павінны вернікі быць ўцягнутыя ў палітычную дзейнасць?

Вінсэнт Муньёз: Так, у нас таксама ёсць некаторыя групы вернікаў, якія прытрымліваюцца падобных поглядаў. У ЗША ёсць шэраг рэлігійных суполак пацыфісцкай накіраванасці, якія не жадаюць удзельнічаць у ваенных дзеяннях. У сувязі з гэтым на іх распаўсюджваецца шэраг выключэнняў. Напрыклад, яны цалкам вызваленыя ад ваеннай службы.

Што тычыцца майго асабістага меркавання, то так, я прызнаю, што палітыка можа быць беспрынцыповай, чалавек можа сутыкацца з рознымі выклікамі. Але мэта палітыкі — агульнае дабро і абарона справядлівасці. І таму веруючыя грамадзяне павінны ў ёй удзельнічаць як грамадзяне. І абараняць агульнае дабро так, як яны яе разумеюць. Гэта робіць палітыку больш справядлівай і прыносіць больш карысці на шляху да агульнага дабра. І калі такія людзі не будуць удзельнічаць у палітыцы, то палітыкай будуць займацца тыя, каго не хвалюе справядлівасць. І гэта вялікая праблема.

Krynica.info: У Беларусі і суседніх краінах вельмі часта рэлігія з’яўляецца або часткай дзяржапарату і абслугоўвае яго інтарэсы, ці наадварот жа наадварот пераследуецца дзяржавай аж да фізічнага знішчэння. Якія шляхі выхаду з гэтай сітуацыі можна прапанаваць?

Вінсэнт Муньёз: Так, гэта сапраўды вельмі складаная сітуацыя. Я не ўпэўнены, што ў мяне ёсць на гэты конт добрая парада для цэркваў у Беларусі, бо я трохі ведаю пра вашыя законы і рэгуляванні. Я шмат чуў пра моцнае рэгуляванне, пра тое, што цэрквы не рэгіструюцца і сутыкаюцца з вялікімі праблемамі у выказванні сваёй незалежнасці і адстойванні свабоды ад дзяржавы. У мяне няма ідэальнай парады для якой-небудзь канкрэтнай рэлігіі або Царквы.

Але ў цэлым, я магу сказаць наступнае. У ЗША у цэркваў, калі яны атрымліваюць фінансавую дапамогу ад дзяржавы, заўсёды ёсць небяспека таго, што яны будуць абслугоўваць інтарэсы дзяржавы замест сваіх уласных. Часам гэта дапамагае цэрквам займацца дабрачыннай дзейнасцю, клапаціцца аб састарэлых, сіротах або бальніцах. Але небяспека ёсць заўсёды, калі грошы прыходзяць ад дзяржавы. Асабіста я лічу, што цэрквам лепш заставацца незалежнымі. Той, хто дае вам грошы, той і ўплывае на вас. Гэтае правіла датычыцца ўсіх. Лепш заставацца настолькі незалежным, наколькі магчыма. Я разумею, што ў такіх краінах, як Беларусь, дзе дзяржава кантралюе амаль усё, гэта цяжка. У такой сітуацыі цэрквам даводзіцца быць вельмі мудрымі. Ім варта ясна разумець, хто яны ёсць, каб не толькі не быць зачыненымі ўладамі, але і працягнуць сваё існаванне пасля спынення такога рэжыму.

Гутарыў Максім Гацак

Рэдакцыя Krynica.info выказвае падзяку Амбасадзе ЗША ў Беларусі за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю.

Фота прадастаўленыя амбасадай ЗША.

 

Працяг гутаркі на тэму рэлігіі і выбараў у ЗША, а таксама рэлігійнага эстрэмізму чытайце тут:

Гутарка з амерыканскім экспертам: свабода, рэлігія і дзяржава

Амерыканскі эксперт: у ліберальных і кансерватыўных хрысціян ЗША розны погляд на выбары

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі