Прадстаўнік ЮНІСЕФ: наша грамадства павінна быць інклюзіўным

юнисеф

Дзеці з асаблівасцямі развіцця такімі, як расстройствы аўтыстычнага спектру, маюць магчымасць весці паўнавартаснае жыццё, адзначыў 25 мая на прэс-брыфінгу, прысвечаным стварэнню ў Беларусі Сямейнага інклюзіў-тэатра “і”, каардынатар па пытаннях партнёрства фонду ЮНІСЕФ у Беларусі Ягор Новікаў.

«Але, валодаючы роўнымі правамі, яны сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі на сваім шляху – як фізічным, так і сацыяльным. Таму наша грамадства павінна быць інклюзіўным. Канцэпцыя інклюзіўнасці цалкам заснавана на прызнанні таго, што ўсе дзеці з’яўляюцца раўнапраўнымі і паўнавартаснымі чальцамі грамадства – пры гэтым кожнае дзіця індывідуальнае – у кожнага дзіцяці ёсць здольнасці, магчымасці і патрэбы», – адзначыў ён, перадае карэспандэнт Krynica.info.

Паводле яго слоў, адна з мэтаў стварэння тэатра – даць дзецям і людзям з аўтызмам роўныя магчымасці з іншымі членамі грамадства. Ягор Новікаў падкрэсліў, што неабходна даць роўны патэнцыял усім дзецям незалежна ад іх здароўя або фінансавых магчымасцяў. «Роўны набор паслуг, магчымасці адукацыі, занятасці і проста радавацца жыццю», – сказаў ён.

Для стварэння інклюзіўнага грамадства, на яго думку, неабходна, каб разуменне важнасці інклюзіі пранікла ў свядомасць чалавека, каб «кожны гэта ўсвядоміў і прапусціў праз сябе». І менавіта мастацтва, лічыць прадстаўнік ЮНІСЕФ, здольнае змяніць нават самага закарэлага чалавека. «Тым, хто на сцэне, яно дапамагае стаць паўнапраўнымі членамі грамадства, хто ў зале – усвядоміць наяўнасць такіх праблем», – падкрэсліў Ягор Новікаў.

Мастацкі кіраўнік: вы не заўважыце, хто з дзяцей з аўтызмам

У пытаннях інклюзіі вельмі многае залежыць ад сям’і, лічыць дырэктар МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна Якаўлева. Паводле яе, важна, каб бацькі маглі сказаць, што ў іх дзяцей аўтызм.

«Хацелася б, каб наш спектакль («Флейта-чарадзейка», прэм’ера якога адбудзецца 3 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі – рэд.) паказаў, што не трэба баяцца аўтызму. Каб яшчэ больш людзей разумела, што гэта не страшна», – адзначыла ў сваю чаргу мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова.

Яна таксама распавяла, што ў працы з дзецьмі з аўтызмам у яе не было складанасцяў, што гэта такія ж дзеці, як і ўсе. «Калі вы ўбачыце наш спектакль, то не заўважыце, хто з дзяцей з аўтызмам. Хто з іх хто», – падкрэсліла мастацкі кіраўнік.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі