Амерыканскі эксперт: каб не было карупцыі і экстрэмізму, патрэбны Джордж Вашынгтон

муньз

Krynica.info прапануе заключную частку гутаркі з амерыканскім палітолагам, прафесарам палітычных навук ва ўніверсітэце Нотр-Дам, экспертам у пытаннях узаемадзеяння рэлігійных суполак і дзяржавы Вінсэнтам Філіпам Муньёзам (Vincent Phillip Muñoz). Яна прысвечана рэлігійнаму экстрэмізму і таму, як можна паспрабаваць яго пазбегнуць.

Krynica.info: Як вы ставіцеся да меркавання, што мігрантам і бежанцам іншай культуры, рэлігіі варта абмяжоўваць уезд у краіну?

Вінсэнт Муньёз: Я не думаю, што на гэтае пытанне можна адказаць катэгарычна. Сітуацыі бываюць розныя. Маё асабістае меркаванне складаецца ў тым, што мы павінны быць міласэрныя і гасцінныя да тых, хто пазбавіўся свайго дома, да тых, хто пераносіць нягоды вайны. Мы павінны клапаціцца пра жанчын і дзяцей, пра ўцекачоў. Мы павінны паважаць фундаментальныя правы і патрэбы чалавека. Але пытанне ў тым, як гэта арганізаваць? Як людзі могуць трапляць у краіну, колькі іх можа быць, з якой краіны? Ёсць процьма практычных пытанняў, і ў мяне няма простага і катэгарычнага адказу. Для гэтага неабходная палітычная разважлівасць. Няма такога рашэння, якое можна было б лёгка прымяніць. Вядома, найлепшае рашэнне, гэта каб не было вайны і карупцыі, каб падобныя крызісы не адбываліся. Але гэта таксама няпроста. У цэлым я выступаю за адкрытасць і адкрытыя межы, але гэта жыццёвая філасофія, якую нельга прымяніць у кожнай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.

Krynica.info: Як вы лічыце, ці ёсць магчымасць інтэграваць іслам у заходняе грамадства? Пазбавіць яго радыкалізму?

Вінсэнт Муньёз: Гэта вельмі складанае пытанне. Магчыма, у ЗША ў нас ёсць больш поспехаў у гэтай кірунку. У нас вельмі шмат мусульман, хоць і не так шмат, як у Еўропе, і яны даволі добра інтэграваныя ў амерыканскае грамадства. У нас няма мусульманскіх гета, пра якія можна чуць, напрыклад, у Францыі. Магчыма, гэта таму, што ў нас менш мусульман, а мусульмане, якія імігруюць у ЗША, маюць лепшы ўзровень адукацыі, што дазваляе ім лягчэй інтэгравацца.

Але ў мяне няма простага рашэння для Еўропы. І я нават не ўпэўнены, што ёсць сэнс звяртацца да Амерыкі па параду. У ЗША лягчэй інтэгравацца для любога чалавека – мусульманіна і немусульманина, француза, немца, беларуса. Амерыка – гэта краіна ідэі, якая абвяшчае, што ўсе людзі роўныя. Роўныя перад законам. А свабода – гэта натуральнае права. І ў нас няма спецыфічных этнасаў або рэлігій. Любы можа быць амерыканцам. Мне здаецца, што ў Еўропе з гэтым складаней. І мне здаецца, што гэта ўскладняе інтэграцыю.

Krynica.info: Якімі вы бачыце прычыны рэлігійнага экстрэмізму: мусульманскага, хрысціянскага, будысцкага і гэтак далей?

Вінсэнт Муньёз: Няма аднолькавага адказу для ўсіх выпадкаў. Але часткай адказу можа быць паўстанне супраць сучаснасці. Таксама часткай адказу з’яўляюцца гістарычныя несправядлівасці: рэальныя і надуманыя. Таксама сюды варта аднесці маніпуляванне маладымі людзьмі, асабліва тымі, хто адчувае сябе пазбаўленым надзеі. Людзі гатовыя змагацца за тое, што дасць ім пачуццё абароненасці. І калі вы маладыя і не адукаваныя, вамі лёгка маніпуляваць і прывесці да рэлігійнага фундаменталізму. Але гэта толькі частка адказу.

Krynica.info: Магчыма, у вас ёсць ідэі, як пазбегнуць рэлігійнага экстрэмізму?

Вінсэнт Муньёз: Я лічу палітычную карупцыю велізарнай і ўніверсальнай праблемай, бо людзі адчуваюць рэальную несправядлівасць. А смага справядлівасці можа прывесці да экстрэмізму. А перамагчы карупцыю нялёгка.

Я глыбока перакананы, што надзеяй для Блізкага Усходу і для ўсяго свету з’яўляецца павага ўладамі правоў чалавека. Але для гэтага неабходна вялікая моц і годнасць тых, хто знаходзіцца на чале краіны. Знайсці ж дабрадзейных чыноўнікаў і кіраўнікоў няпроста. Так што мы ўсведамляем праблему, але не ведаем, як гэта скарыстаць. Складанасць гэтага была праілюстравана яшчэ Платонам 2,5 тыс. гадоў таму.

У 2010 годзе ў мяне была лекцыя ў Іраку. І іракскія студэнты з Эрбіля папрасілі ў мяне парады, як зрабіць так, каб выконвалася Канстытуцыя, каб не было карумпаваных палітыкаў. Але мой адказ не надта іх задаволіў. Мой адказ заключаўся ў тым, што ў Амерыцы нам вельмі пашанцавала, што ў нас быў Джордж Вашынгтан. Ён быў нашым першым прэзідэнтам, і амерыканцы маглі яму давяраць. Чаму людзі маглі яму давяраць, хоць у яго было так шмат ўлады? Таму што Вашынгтон быў палкаводцам падчас нашай рэвалюцыі, і пасля перамогі, пасля таго, як ён разбіў брытанцаў – наймацнейшую дзяржаву ў свеце – ён адмовіўся ад улады і сышоў у адстаўку. Прэзідэнтам жа ён стаў толькі таму, што людзі папрасілі яго аб гэтым. І пасля двух выйграных выбараў ён зноў адмовіўся ад улады. Дзе вы яшчэ знойдзеце ваеннага генія, палітычнага лідара, які б адмовіўся ад улады? Таму я сказаў іракскім студэнтам: вам патрэбны Джордж Вашынгтан. Але немагчыма штампаваць Джорджаў Вашынгтанаў. Джордж Вашынгтан быў дабраславеннем для Амерыкі. Патрэбны яскравы, дабрачынны і адважны палітычны лідар, які будзе служыць агульнаму дабру, наладзіць працу ўрада і добраахвотна адмовіцца ад улады. Але такога знайсці няпроста.

Krynica.info: Якім вы бачыце ўзаемадзеянне рэлігіі і дзяржаўнай улады ў свеце ў будучыні?

Вінсэнт Муньёз: Вядома, у кожнай краіны свая спецыфіка. Але, на маю думку, рэлігія прапануе нешта важнае любому ўраду. Рэлігія, як хрысціянская, так і любая іншая, прапануе тлумачэнне таго, што добра і правільна адносна чалавечага жыцця. Яна дае людзям надзею. Таму рэлігія будзе заўсёды. Мая надзея заключаецца ў тым, каб было больш рэлігійнай свабоды, у тым ліку і ў Беларусі. Я спадзяюся, што беларускі ўрад будзе паважаць рэлігійныя правы сваіх грамадзян і надасць ім больш рэлігійнай свабоды.

Але рэлігія, якая ўласцівая самой прыродзе чалавека, заўсёды будзе несці пагрозу ўраду. Таму да яе ўвесь час будзе асаблівае стаўленне. Я не бачу, што яно можа знікнуць. У цэлым я чакаю, што чым менш ўлады будуць спрабаваць накіроўваць жыццё людзей і чым больш паважаць іх свабоду, тым лепш будуць адносіны паміж Царквой і дзяржавай. Але зноў жа для гэтага неабходна мець палітычны клас, палітычных лідараў, якія б паважалі свабоду, а не сілу. І зноў жа гэта ўсё вельмі складана, бо тыя, у каго ёсць улада, хочуць яшчэ больш улады, хочуць ўжываць яе і ладзіць жыцці людзей так, як хочуць яны. Гэта вечная спакуса чалавека.

Гутарыў Максім Гацак

Рэдакцыя Krynica.info выказвае падзяку Амбасадзе ЗША ў Беларусі за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю

Фота прадастаўленыя амбасадай ЗША ў Мінску

Чытайце таксама:

Гутарка з амерыканскім экспертам: свабода, рэлігія і дзяржава

Амерыканскі эксперт: у ліберальных і кансерватыўных хрысціян ЗША розны погляд на выбары

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі