Чаму Папа Рымскі пакуль не прыедзе ў Беларусь

мяжа

Візіт прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан зноў ажывіў жаданне каталіцкіх вернікаў, каб Папа Рымскі, нарэшце, наведаў Беларусь. Але ў планах Пантыфіка, папярэднікі якога наведалі ўсе, за выключэннем Расіі, суседнія з Беларуссю дзяржавы, нашай краіны пакуль няма.

Не дадаюць у гэтым плане аптымізму і заявы беларускіх уладаў, у тым ліку прэзідэнта і міністра замежных спраў. Заявы кіраўніка дзяржавы тыпу “Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету” наўрад ці можна лічыць афіцыйным запрашэннем. І хоць, як адзначае кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, ёсць прынцыповая гатоўнасць прыняць з візітам Папу Рымскага, аб канкрэтных тэрмінах размова не вядзецца.

Такай прынцыповай гатоўнасці перашкаджае адсутнасць выразна выяўленай згоды Царквы большасці ў краіне – Беларускай Праваслаўнай Царквы. Тая ж, хоць і шануе цёплыя і добрасуседскія адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі, але міжнародныя адносіны вядзе ў рамках агульнай палітыкі Рускай Праваслаўнай Царквы, часткай якой яна з’яўляецца. А ў Маскве згоды на візіт не даюць, лічачы Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй і з рэўнасцю ставячыся да актывізацыі тут каталіцкага жыцця.

Ватыкан жа псаваць адносіны з Рускай Праваслаўнай Царквой не збіраецца. Не гатовыя да гэтага і ўлады Беларусі.

У якасці альтэрнатывы простаму візіту Пантыфіка ў краіну яны актыўна прасоўваюць магчымасць сустрэчы ў Беларусі прадстаяцеляў двух Цэркваў – Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага, якая можа згладзіць вострыя куты ад прыезду на “кананічную тэрыторыю” РПЦ. Ды і аўтарытэту як у Беларусі, так і ў свеце гэтая сустрэча надала б кіраўніцтву краіны.

Папе Рымскаму пара прыехаць у Беларусь і сустрэцца тут, а не «ў далёкай Кубе ў аэрапорце» з Патрыярхам Рускай Праваслаўнай Царквы, заяўляе Аляксандр Лукашэнка. Беларусь гатова не толькі прыняць з візітам Папу Рымскага, але і арганізаваць на сваёй тэрыторыі яго сустрэчу з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, паўтарае яму Уладзімір Макей. Пры гэтым ён адзначае, што візіт павінен быць скіраваны на тое, каб стварыць яшчэ больш гармоніі і забяспечыць яшчэ большы мір у міжканфесійным асяроддзі ў Беларусі. А значыць, без згоды Масквы ўжо сапраўды не абысціся.

Аднак чарговая сустрэча з Папам пакуль не ў інтарэсах Патрыярха. Нават пасля мімалётнай сустрэчы на ​​Кубе на прадстаяцеля РПЦ абрынуўся шквал крытыкі і абвінавачванняў у ерасі, уніятызме і здрадзе Царквы. Новы віток абвінавачванняў, які можа выліцца і ў паўнавартасны раскол, яму не патрэбны.

Тым больш, што і Кубінская сустрэча была ініцыяваная, хутчэй за ўсё, не жаданнем дапамагчы блізкаўсходнім хрысціянам, а патрабаваннямі расійскіх уладаў, якія жадаюць выйсці з міжнароднай ізаляцыі і дамагчыся зняцця заходніх санкцый. Рост жа міжнароднага ўплыву афіцыйнага Мінска, які і так неахвотна ідзе ў фарватары расійскай палітыкі, не ў інтарэсах Крамля. Так што, чакаць, што Патрыярх Кірыл пагодзіцца на візіт Папы ў Беларусі ці на сустрэчу з ім тут, не прыходзіцца.

Нежаданне ж беларускіх уладаў падпісаць канкардат з Ватыканам, які б падаваў аўтаномію Каталіцкаму Касцёлу ў краіне, лічыць палітолаг Наталля Васілевіч, памяншае зацікаўленасць ўжо Папы наведаць краіну.

Так што, візіту Папы Рымскага ў Беларусь чакаць у бліжэйшы час не варта. А ўсе адрасаваныя яму запрашэнні можна расцэньваць толькі як дэкларацыю аб намерах і знакі ветлівасці. Але не больш за тое.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі