Біблейская філатэлія. Маленькі Ісус у храме

0 У храмеІсус жыў і выхоўваўся ў Назарэце. У гады дзяцінства і юнацтва Ісуса Назарэт быў усяго невялікай вёскай, якая размяшчалася на палогіх узгорках Галілеі над Ізраільскай далінай. Звестак пра трыццацігадовы адцінак жыцця ў Назарэце ў Бібліі няма, акрамя аднаго выпадку. Вось апісанне з Евангелля паводле Лукаша:  “ А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасцю; і мілата Божая была на Ім. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Іерусалім на свята;  калі ж, пасля заканчэння дзён свята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Іерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная; але думалі, што Ён ідзе з іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;  і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шукаючы Яго.  Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх; усе, хто слухаў Яго, здзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.” (Лукаша 2:40-47).

1 Храм у ЕрусалімеХрам у Іерусаліме пабудаваны Ірадам. Так ён выглядаў, калі дванаццацігадовы Ісус быў у ім. Марка выдадзена поштай Ізраіля ў 2011 годзе.

Калі ўрачыстасці Свята закончыліся і бацькі Ісуса адправіліся ў зваротнае падарожжа, ён застаўся ў Іерусаліме, як бы хацеў успрыняць усю Мудрасць і Светласць, якія захоўвалі муры Святыні. Тут Ён быў у сябе, у доме свайго Айца.
Калі дванаццацігадовы хлопец сядзеў паміж вучонымі, слухаў іх і задаваў ім пытанні, Яго Бацькі з болем у сэрцы шукалі Яго праз тры дні, абыходзячы ўвесь Іерусалім. Праз тры дні знайшлі Яго ў Святыні. Тое, што яны ўбачылі, вельмі іх здзівіла.

2 1982 Дзюрэр1Рэпрадукцыя карціны Дзюрэра “Сем жалоб Марыі”, левая частка, ніз,” Дванаццацігадовы Ісус у храме” на марцы пошты Парагваю, выдадзенай у 1982 годзе. На наступнай марцы пошты Шаржы (1970 г.) бачым на другім плане Бацькоў Ісуса, якія поўныя радасці, што знайшлі Сына.

3 шаржа 1970

Пошта Рас-Эль-Хаймы ў 1970 годзе размясціла на сваёй марцы рэпрадукцыю карціны мастака Дучо ды Буанінсеня (Duccio di Buoninsegna) “жыццё Ісуса Хрыста”.

4 Дучо 1970Здзівенне Бацькоў зразумелае. На карціне Дзюрэра на Іх твары адлюстроўваюць мноства розных пачуццяў: яшчэ жывы боль, выкліканы знікненнем Сына, радасць, што Ён знайшоўся, здзіўленне нечаканымі Яго паводзінамі і атачэннем.

5 Дзюрэр 1978

«Хрыстос сярод настаўнікаў» — карціна Альбрэхта Дзюрэра, напісаная ім у Венецыі ў 1506 годзе. У наш час знаходзіцца ў музеі Цісена-Барнемісы ў Мадрыдзе. Рэпрадукцыя адлюстравана на марцы пошты Рэспублікі Тога (1978 г.)
.
Буйным планам на наступнай карціне Дзюрэра паказаны твары мудрацоў і Хрыста. Адчуваецца «напруга дыспуту». У цэнтры кампазіцыі — рукі Ісуса, Ён упэўненна адлічвае на пальцах свае аргументы ў гутарцы. Рукі аднаго з настаўнікаў сведчаць пра «нярвовасць і збянтэжанасць».
Які змест пытанняў і адказаў дванаццацігадовага Ісуса настаўнікам юдзейскім? Евангеліст нічога не кажа пра гэта. Гутарка праходзіла ў храме і вялася з кніжнікамі, якія займаліся тлумачэннем Св. Пісання, таму можна не сумнявацца ў тым, што пытанні і адказы як настаўнікаў, так і Ісуса дакраналіся прароцтваў пра Месію. У гэтай гутарцы Ісус выяўляе не толькі мудрасць, але і веды Св. Пісання, якія прыводзяць у здзіўленне кніжнікаў. Працяг апісанняў такога ж здзіўлення мы знаходзім у далейшых апавяданнях евангелістаў. Калі Ісус прыйшоў у сінагогу ў Назарэце і стаў вучыць там, то ўсе прысутнічаючыя «дзіваваліся словам мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Яго, і казалі: ці не Іосіфаў гэта сын?» (Лукаша. 4:22). Яшчэ паўней здзіўленне юдэяў перадае Мацвей: « І, прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтыя мудрасць і сілы? Адкуль жа ў Яго ўсё Гэта?» (Мацвея, 13:54, 56). А калі Ісус вучыў у храме, то «дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?» (Яна 7:15). Характэрна, што і жыхары Назарэта, роднага горада Ісуса, і юдэі, гэта значыць ворагі яго, сведчаць, што ён  не хадзіў ні ў якую школу. Сам Ісус не толькі не аспрэчвае гэтага, але сцвярджае: «Маё вучэнне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне» (Яна 7:16). Вось гэтаму вучэнню Таго, Які паслаў, вось гэтым словам Самога Бога дзіваваліся юдэі, калі слухалі пропаведзь Ісуса.  І  несумнеўна тая ж прамудрасць  Божая выявілася ў пытаннях і адказах дванаццацігадовага Ісуса.

6 1967-26-1

Рэпрадукцыя карціны Жана Агюста Дамініка Энгера “Ісус сярод дактароў” (1862 г.) на марцы пошты Рэспублікі Нігер (1967 г.)

Звярніце ўвагу, што Ісус – Бог і чалавек – не атрымаў мудрасць з дапамогай нейкіх знешніх цудаў, але ў выніку сціплай і карпатлівай працы.
“І ўбачыўшы Яго, здзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я з вялікаю скрухаю шукалі Цябе. “(Лукаша 2:48).
Вельмі прыгожа гэтую сцэну спаткання апісвае Р. Брандстаецер: “У гэтую ўласна хвіліну Мірыам і Язэп убачылі Ісуса. Мірыам у наплыве радасці бегла да Яго, каб Яго абняць. Але Язэп уражаны выглядам Хлопца сярод дактароў, прытрымаў жанчыну за плячо і забыўшы нядаўні непакой, паглынаў у сябе Яго натхнёныя і мудрыя словы. Але жанчына, вызваліўшы сваё плячо з далоні мужа, пабегла па ступенях порціку, расхіліла дактароў і кінулася на шыю ўкаханаму Сыну гаворачы:  “ Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я з вялікаю скрухаю шукалі Цябе.”

7

Маленькі Ісус адказвае Маці на Яе папрок на марцы пошты Фуджэйры (1976 г.)
” Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.” (Лукаша 2:49-50).
У гэтых словах Ісус спасылаецца на свайго Айца. Ён свядомы сваёй місіі і з адценнем папроку тлумачыць, што бацькі павінны былі ведаць аб гэтым. Ад гэтага часу ўся людская асоба Ісуса будзе накіраваная на выкананне справы Айца і Яго. Але яны яшчэ не ў стане зразумець увесь сэнс гэтых слоў. І ў гэтым Марыя і Язэп блізкія нам. Шукаем доўга і з болем сэрца, а калі знаходзім, не разумеем гэтага да канца. Як бы ўпіраемся ў сцяну, якую не ў стане пераадолець.
Таямніца Бога ў жыцці чалавека часта адбываецца па-за яго асабістым разуменнем. Бог не абавязаны тлумачыцца перад чалавекам за свае справы ў яго жыцці. Бог дамагаецца даверу.
” І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.  А Ісус мацаваўся ў мудрасці і росце і ў любові ў Бога і людзей.”(Лукаша 2:40-52).

Лявон Карповіч, Луна – Воля

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі