У Крупках пасля наведвання райвыканкаму затрымалі Лябедзьку і актывістаў АГП

2 чэрвеня ў Крупках пасля наведвання мясцовага райвыканкаму былі затрыманыя лідар АГП Анатоль  Лябедзька і актывісты партыі Дзяніс Красачка ды Генадзь Верацінскі. “Затрымалі нас на вуліцы пасля таго, як мы выйшлі з будынку мясцовага райвыканкаму, куды мы перадалі нашу прапанову аб  правядзенні круглага стала па стварэнні новых эфектыўных рабочых месцаў”, – паведаміў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька.

“Затрыманне праводзілі тры афіцэры. Нас пасадзілі ў машыну і прывезлі ў РАУС. Сказалі, каб мы здалі ўсе гаджэты і прайшлі ў будынак. У будынак прайшлі, гаджэты адмовіліся здаваць. Спачатку нам казалі, што гэта для ўстанаўлення таго, хто мы такія ёсць. А потым адзін з намеснікаў паведаміў, што пачата адміністрацыйная справа, і мы павінны даць тлумачэнні. Нам інкрымінуюць тое, што мы раздавалі інфармацыйныя матэрыялы. Ну, што тут можна сказаць? Толькі адно – сон розуму і палітычная шызафрэнія працягваюцца”, – сказаў ён.

У пастарунку Анатоля Лябедзьку, Дзяніса Красачку і Генадзя Верацінскага пратрымалі амаль 1,5 гадзіны, а потым вызвалілі.

“Не ведаю, які знак прыпынку паставіць, але гэта не кропка, – адзначыў па вызваленні Анатоль Лябедзька. – Маем досвед: раздавалі інфармацыйныя матэрыялы для прадпрымальнікаў гандлёвых цэнтрах у Менску, а пасля постфактум быў і пратакол, і судовы працэс, і вялікі штраф. Нас адпусцілі, але мы так і не зразумелі, будзе складзены адміністрацыйны пратакол за раздачу інфармацыйных матэрыялаў ці не”.

Нягледзячы на перашкоды, рабочая паездка ў Крупкі была багатай на сустрэчы. «Найперш мы наведалі мясцовы суд, дзе працягвае сваю працу судовы канвеер – судзяць  прадпрымальнікаў, – распавёў Анатоль Лябедзька. – Судовае паседжанне было прызначанае на 10.00 і ўжо праз 8-9 хвілін завяршылася. Вось так хутка працуе канвеер. Штрафы невялікія, але гэта ўсё ж такі штрафы. Такі паказальны ціск на прадпрымальнікаў і, я думаю, падобная рэпетыцыя ў Крупках можа распаўсюдзіцца па ўсёй краіне».

Пасля прадстаўнікі АГП наведалі мясцовы кірмаш, прайшліся па ўсіх шэрагах, паразмаўлялі з людзьмі.

«Настрой у адносінах да ўлады вельмі крытычны, – кажа Анатоль Лябедзька. –  У адносінах да «Платформы-11», якую мы прапаноўвалі для чытання, – надзвычай пазітыўны. Атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі».

Актывістку БХД Наталлю Бордак выклікалі ў міліцыю па тэлефоне

Актывістку аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Наталлю Бордак з Нясвіжу выклікалі ў міліцыю па тэлефоне. Прадставіліся як маёр Васілевіч з адзела крымінальнага вышука мясцовай міліцыі.

На пытанне, аб чым хацелі пагутарыць, сказалі толькі, што “не па тэлефоне, трэба сустрэцца…”, паведаміў Мінскі абласны каардынатар БХД Павел Пракаповіч.

Наталля Бордак не ведае, чаму ёй зацікавіўся менавіта крымінальны вышук. На думку актывісткі, выклік у міліцыю можа быць звязаны з яе ўдзелам у дабрачынных аўкцыёнах у падтрымку воінаў Украіны, якія ладзіліся некалькі месяцаў таму.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі