У Баранавічах пачалася кампанія «Захоўвай чысціню, Беларусь — не Расея!»

«Захоўвай чысціню, Беларусь — не Расея!» — пад такім дэвізам у Баранавічах па ініцыятыве мясцовага аддзялення Руху «За Свабоду» стартавала грамадская кампанія. Актывісты прапануюць ужываць беларускія сімвалы і адмовіцца ад замежных, у тым ліку т.зв. георгіеўскай стужкі.

«Захоўваць чысціню — значыць шанаваць і выкарыстоўваць нашыя нацыянальныя сімвалы і не прымаць чужых, хай сабе і з сяброўскай нам краіны. Мы павінны быць адметнымі ў свеце праз сваю мову і нашыя спрадвечныя і гістарычныя сімвалы і знакі», — распавёў сайту Pyx.by старшыня баранавіцкай суполкі Уладзімір Гундар.

Грамадская кампанія баранавіцкіх актывістаў, па іх словах, мае дзве задачы: данесці да баранавічанаў інфармацыю пра Рух «За Свабоду», давесці людзям, што гэтак званая «георгіеўская» стужка з’яўляецца сімвалам сучаснага расійскага імперыялізму і прапаганды вайны.

Па словах сябра Руху «За Свабоду» Юрыя Казакевіча, многія людзі не бачаць у гэтым сімвале нічога кепскага, не ўспрымаюць як сімвал імперыялістычнай пагрозы, якая сыходзіць ад суседняй краіны. «Як правіла, пасля спакойнай размовы такія людзі здымаюць стужкі і больш іх не выкарыстоўваюць. Ёсць, канечне, і іншыя, якія нахабна дэманструюць, што з гатоўнасцю стануць на бок агрэсара пры першай магчымасці», — адзначыў актывіст Руху.

У Слуцку пакаралі кіроўцаў аўтобуса з расійскім сцяжком

Пасля звароту сябра Рады Руху «За Свабоду» Віталя Амяльковіча ў Слуцку пакаралі кіроўцаў аўтобуса, якія размесцілі на лабавым шкле расійскі сцяжок.

Скаргу на размяшчэнне на шкле аўтобуса расійскага сцяжка сябра Рады Руху «За Свабоду» накіраваў 19 траўня. Ён падаў скаргі пра парушэнні бяспекі руху транспартных сродкаў, недапушчальнасць выкарыстання грамадскага транспарту дзеля правядзення сумнеўнай прапаганды і недапрацоўку ў выхаваўчым накірунку ідэалягічных працаўнікоў.

«Філіял аўтобусны парк № 2 ўважліва азнаёміўся з вашай скаргай аб выкарыстанні пабочных прадметаў на ветравым шкле аўтобуса АЕ 6925-5. З Валерыя Спірава і Уладзіміра Анцыповіча ўзятае тлумачэнне», — сказана ў адказе Амяльковічу за подпісам дырэктара парка М.М. Валеткі. Акрамя таго, абодва атрымалі вымовы.

У парку прызналі, што размяшчаць любыя прадметы на лабавым шкле аўтобуса забаронена правіламі дарожнага руху.

З 24 траўня ў парку правялі паўторны інструктаж з кіроўцамі, на якім давялі пра недапушчальнасць падобных выпадкаў, скаргу плануюць агучыць і на сходзе кандуктараў і кіроўцаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі