Царква Адвентыстаў Сёмага Дня ў Беларусі адсвяткавала 110-годдзе

АСД

Вернікі беларускіх цэркваў адвентыстаў сёмага дня 28 мая адзначалі 110-годдзе працы ў Беларусі.

Святочнае ўрачыстае набажэнства праходзіла ў Палацы культуры менскага аўтазаводу, у холе якога была арганізавана выстава цікавых экспанатаў: адвентысцкія выданні амаль стогадовай даўніны, старыя чорна-белыя фатаграфіі, кнігі Духа Прароцтваў, надрукаваныя на папяроснай паперы і многае іншае, паведамляе adventist.by.

З духоўным настаўленнем да вернікаў звярнуўся кіраўнік Еўра-Азіяцкага аддзялення царквы пастар Майсей Камінскі, таксама адвентыстаў памесных цэркваў Міншчыны павіншавала намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка, якая абвесціла віншавальны адрас ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі.

Сярод выступоўцаў быў камерны аркестр «Класіка» з украінскага Луцка. Таксама быў паказаны дакументальны фільм пра малавядомыя факты жыцця царквы на Міншчыне.

АСД

Вечарам у суполцы па вуліцы Васняцова прайшоў VI Рэспубліканскі харавы фестываль «Госпад — моц мая і песня», удзел у якім прынялі 12 харавых калектываў, у тым ліку «Сімфонія» з расійскага Белгарада, зводны хор Малдаўскага Уніёна Цэркваў і Луцка «Класіка».

Першая згадка ў афіцыйных дакументах аб Царкве Адвентыстаў Сёмага Дня ў Мінску датуецца 1906 годам. Чалавекам, які прынёс на гэтыя землі адвентысцкую вестку, быў раз’язны служыцель з Варшавы — Герберт Шміц. У самым пачатку мінулага стагоддзя ў Мінску была арганізавана абшчына, першым прапаведнікам якой стаў пастар Генрых Лебсак.

У даваеннай гісторыі мінскіх адвентыстаў культавай фігурай з’яўляецца прапаведнік Філіп Куземка, які служыў у Мінску з 1921 па 1930 гады. Ён быў двойчы судзімы за веру, спачатку царскім, а затым сталінскім рэжымам, пасля чаго быў зноў арыштаваны ў 1937 годзе, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць вернікаў у СССР. Як і Генрых Лебсак, Філіп Куземка памёр пакутніцкай смерцю.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі