Філосaф Рудкоўскі: Святое Пісанне – гэта выклік для чалавечага сумлення

Рудковский
Філосаф і багаслоў, каталіцкі публіцыст Пётра Рудкоўскі ў дыскусіі на Радыё Свабода на тэму гомасэксуалізму назваў нябяспечнымі розныя фундамэнталізмы: “і прогомасексуальны фундамэнталізм і тое, што некаторыя кваліфікуюць, як рэлігійны фундамэнталізм”. “Тут важна заняць ўзважаную пазыцыю, бо гэта не толькі этычная справа, але і грамадзка-палітычная”, – сказаў ён, дадаючы, што “у этычным рэчышчы мы можам быць крытычнымі адносна гомасексуальных стасункаў, але гэта не азначае, што дзяржава павінная рэгуляваць гэтыя рэчы”.

Не абвяргаючы факта, што дзеянні па рэалізацыі гомасексуальнай тоеснасці, гомасексуальныя акты, з’яўляюцца, з гледзішча хрысціянства, грахоўнымі, Пётра Рудкоўскі падкрэсліваў, што дзяржава не павінна ўмешвацца занадта глыбока ў рэгуляванне этычных рэчаў. “Гэта, урэшце, адказнасць асобных людзей”, – сказаў ён.

“Святое Пісанне –  гэта выклік для чалавечага сумлення, чалавек пераасэнсоўвае тое, што сказана ў Святым Пісанні, і робіць для сябе пэўныя высновы. Некаторыя намёкі, якія робяцца ў Святым Пісанні, трэба рабіць паўсюднай нормай, – як, скажам, богападабенства чалавечай асобы. І гэта лягло ў падмурак ліберальнага дыскурсу, – чалавек з’яўляецца абсалютнай каштоўнасцю”, – падкрэсліў багаслоў.

Адначасова, заявіў ён, нельга уводзіць кожную маральную прапанову ў ранг дзяржаўнага закону, – напрыклад, змушаць удзельнічаць кожную нядзелю ў богаслужэнні. “Гэта маральны заклік, але гэта не азначае, што ён павінен быць увасоблены ў грамадска-палітычным жыцці”, – тлумачыць публіцыст.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі