Вярхоўная Рада просіць Канстанцінопаль прызнаць аўтакефалію Украінскай Царквы

Вярхоўная Рада Украіны прыняла пастанову аб звароце да Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея аб адмене акта 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату і надання аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве ва Украіне. За праект пастановы прагаласавалі 245 з 332 зарэгістраваных дэпутатаў.

У звароце адзначаецца, што ўжо два гады Украіна пакутуе ад узброенай агрэсіі з боку Расіі, якая прызнаная дзяржавай-агрэсарам, і насуперак усім міжнародным нормам права, анексавала Крым. На думку дэпутатаў, у гэтых умовах Патрыярх Маскоўскі Кірыл «не толькі не выступіў у абарону праваслаўных хрысціян Украіны, якія пакутуюць ад расійскай агрэсіі, але і стаў адным з галоўных ідэолагаў “рускага свету”, а, такім чынам, і адным з архітэктараў цяперашняй гібрыднай вайны Расіі супраць Украіны», перадае УНІАН.

Патрыярха Варфаламея просяць «неадкладна» выкарыстаць яго кананічныя паўнамоцтвы для пераадолення царкоўнага падзелу ва Украіне і нармалізацыі кананічнага статусу Украінскай Царквы ў духу яго «гістарычнага звароту да ўкраінскай нацыі 26 ліпеня 2008″ і прыкладу па нармалізацыі царкоўнага жыцця ў праваслаўных цэрквах Эстоніі (1996), Балгарыі (1998) і Чэхіі і Славакіі (2014). Дэпутаты заяўляюць, што «сучасны Маскоўскі патрыярхат занадта цесна звязаны з пануючым у Расіі палітычным рэжымам, каб успрымацца украінскім грамадствам менавіта як Царква, а не «Міністэрства ідэалогіі» Расійскай Федэрацыі». Давер да РПЦ у краіне мінімальны, а ўсе намаганні самастойна пераадолець кананічны крызіс ва Украіне крызіс бесперспектыўныя, адзначаюць яны.

Згодна з зваротам, Украіна ўжо даўно па ўсіх належных крытэрах гатовая да статусу Памеснай Аўтакефальнай Царквы, якая «стане самай шматлікай Праваслаўнай Царквой свету, калі зможа пераадолець падзел».

У прыватнасці, Канстанцінопаль просяць прызнаць несапраўдным акт 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату як прыняты з парушэннем святых канонаў, склікаць пад эгідай Сусветнага патрыярхату Усеўкраінскі аб’яднаўчы сабор і выдаць томас аб аўтакефаліі Украінскай Праваслаўнай Царквы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі