Апазіцыя патрабуе свабоду Эдуарду Пальчысу

Прадстаўнікі апазіцыйных партый і арганізацый на сталай дзейснай нарадзе выступілі з супольнай заявай з патрабаваннем вызваліць Эдуарда Пальчыса. Свае подпісы пад заявай паставілі Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард, Алена Еськава, Мікола Статкевіч, Генадзь Фядыніч, Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Бухвостаў.

“Эдуард праз адваката заявіў, што не жадае быць палітвязнем. Але мы ўсе ведаем, у якіх умовах знаходзяцца беларускія вязні, асабліва на этапе следства. Тое ж, што ўлады дазволілі адвакату зрабіць гэту заяву, звычайна патрабуючы неразгалошвання, сведчыць, што на Эдуарда можа аказвацца вялікі ціск і яго ўвялі ў зман. Прызнанне яго палітвязнем – гэта адзінае, што можа яго абараніць ад непазбежнага асуджэння. Ён арыштаваны за сваю палітычную дзейнасць і па ўсіх стандартах з’яўляецца палітвязнем”, – падкрэсліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

У заяве гаворыцца, што “крымінальны пераслед Эдуарда – помста за яго антыімперскія публікацыі на сайце 1863х”. “Гісторык па адукацыі, Эдуард раскрываў захопніцкую і агрэсіўную сутнасць сённяшняй палітыкі Крамля – ​​і заклікаў беларусаў рыхтавацца да абароны незалежнасці. Мы лічым справу Эдуарда Пальчыса выключна палітычнfq і заклікаем прызнаць яго вязнем сумлення і палітвязнtм”, – заяўляюць прадстаўнікі апазіцыі.

Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення Эдуарда Пальчыса і спынення яго пераследу, а таксама заклікаюць ЕС і ЗША з прыняць усе магчымыя меры для яго вызвалення, а беларускае грамадства і міжнародную супольнасць – да салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.

Эдуард Пальчыс быў затрыманы ў студзені ў Бранскай вобласці Расіі. У Беларусі ён больш вядомы як блогер, заснавальнік сайта 1863х “Джон Сільвер”. 26 траўня ён быў экстрадаваны ў Беларусь і змешчаны ў СІЗА ў Жодзіна.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі