МУС: Расійскія неанацысты не ўдзельнічаюць у працы праваслаўных летнікаў, у якія ездзяць беларускія дзеці

ДНР
МУС Беларусі 21 чэрвеня адказала на петыцыю грамадскасці з патрабаваннем праверыць факты ўдзелу расійскіх неанацыстаў у працы праваслаўных ваенна-патрыятычных летнікаў, на змены якіх прыязджаюць дзеці з беларускіх клубаў, што дзейнічаюць пад патранажам духавенства.

Некаторы час таму здабыткам грамадскасці сталі фатаздымкі і аповеды ўдзельнікаў праваслаўных дзіцячых летнікаў і іх бацькоў, з якіх вынікае, што ў такіх летніках насаджаецца расійскі ультра-патрыятызм, міжнацыянальная і міжрасавая нянавісць, а таксама адбываецца навучанне падрыўной дзейнасці, рукапашнаму бою і г.д. на тле ідэалагізацыі дзяцей.

Праверкай выкладзеных фактаў заняліся як сілавыя структуры Беларусі, так і структуры Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Беларускія дзеці на травеньскія святы ўдзельнічалі ў велікодных міжнародных моладзевых ваенна-патрыятычных зборах у Маскоўскай вобласці. Дадзенае мерапрыемства насіла характар баўлення вольнага часу ​​і не можа разглядацца як вярбоўка, навучанне, фінансаванне альбо выкарыстанне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяннях», — гаворыцца ў выніковым адказе МУС па факце праверкі выкладзеных фактаў за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалая Карпянкова, паведамляе партал TUT.BY.

Што тычыцца дзейнасці казацкага атамана Таццяны Гаўрылінай, — жыхаркі Віцебска, грамадзянкі Расійскай Федэрацыі, — якая з’яўляецца ініцыятарам стварэння шэрагу праваслаўна-казачых дзіцячых клубаў у Беларусі, то супрацоўнікам МУС атрымалася высветліць, што «Гаўрыліна дзейнічала як прыватная асоба, імкнучыся разнастаіць вольны час і кругагляд дзяцей».

Паводле звестак МУС, прапановай Гаўрылінай узяць удзел у зборах, што праходзілі ў Маскве і Маскоўскай вобласці з нагоды 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 100-годдзя Брусілаўскага прарыву ў Першай сусветнай вайне скарысталіся 5 з 15-і запрошаных дзяцей.

«Мерапрыемствы, у якіх узялі ўдзел беларускія дзеці, па сваім змесце і скіраванасці не мелі на мэце прыцягнення грамадзянаў Рэспублікі Беларусь для іх непасрэднага ўдзелу ў якіх-небудзь канкрэтных ваенных канфліктах, насілі характар баўлення вольнага часу ​​і грунтаваліся на святкаванні агульнапрызнаных гістарычных фактаў ваеннага мінулага народаў Расіі і Беларусі», — настойвае МУС, дадаючы, што «дзейнасць арганізатараў праведзенага мерапрыемства не можа разглядацца як вярбоўка, навучанне, фінансаванне альбо выкарыстанне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяннях».

Што тычыцца прысутнасці на гэтых зборах расійскага неанацыста Аляксея Мільчакова, то, як паведамляе МУС, «узгаданы грамадзянін, са словаў апытаных, заняткаў не праводзіў і з беларускімі дзецьмі не меў стасункаў».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі