Актывісты АГП і Руху «За Свабоду» заяўляюць пра ціск з-за ўдзелу ў выбарах

dsc04082

Адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адмовілася працягваць кантракт з актывісткай Руху «За Свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца ў парламент і лічыць звальненне палітычна матываваным.

Вольга працуе ўжо 16 гадоў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. З 2012 года загадчыцай музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я. У 2016 годзе атрымала другую адукацыю у Інстытуце культуры Беларусі па кваліфікацыі «Музеязнаўца».

«3 чэрвеня, я пайшла да дырэктара, каб даведацца ці працягнуць са мной кантракт, які у мяне да 31 ліпеня. Тым больш, апошнім часам, мяне вельмі часта папярэджвалі пра тое, што ў мяне заканчваецца кантракт(як на словах, так і дзеяннямі: са мной перасталі раіцца па працоўных пытаннях, якія я як загадчыца музея непасрэдна павінна была вырашаць). Калі я пачала размову пра працягненне кантракта, дырэктар мне сказала, што пакуль не вырашыла, будзе думаць да 30 чэрвеня, я ёй распавяла, што буду ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах», — расказала сайту Pyx.by Вольга Дамаскіна.

Па яе словах, дырэктарка у размове адзначыла, што Вольга «даўно перарасла гэты музейны узровень, трэба ісці вышэй, і вельмі добра, каб у парламенце быў бы хоць адзін чалавек, які ведае музейную справу».

«Рассталіся мы на тым, што яна будзе думаць. Але, я ж працую у жаночым калектыве, і мне мае калегі амаль што адразу, расказалі, што, калі я сышла — кіраўніцтва агучыла, што працягваць кантракт са мной не будзе. І цяпер у калектывах іншых музеяў ужо пачалі хадзіць нейкія размовы, і ўжо іншым людзям прапануюць маё месца», — падкрэсліла актывістка Руху «За Свабоду».

Дамаскіна падкрэсліла, што дырэктара запаведніка яна паважае і заўсёды паважала за яе погляды, за тое, што яна вельмі шчыра адстойвала інтарэсы горада, запаведніка, за яе адданасць працы, прафесіяналізм у музейнай справе, а таксама не ціснула на яе з-за палітычных поглядаў.

Па правілах запаведніка паведамленне аб спыненні кантракта выдаюць за 1,5 месяцы, але у калектыўнай дамове прапісана, што не пазней за месяц, патлумачыла яна.

«Я люблю сваю працу, свой музей і хачу працаваць далей. А мой удзел у парламенцкіх выбарах, даў бы магчымасць публічна агучыць не толькі праблемы краіны, горада, але і музейнай справы, культуры. Сёння трэба перастаць бачыць музеі проста як месца, дзе захоўваюцца экспанаты, трэба, каб яны былі цэнтрамі культуры, якія генеруюць культурныя ініцыятывы, заклікаюць людзей да дыялогу і такім чынам не толькі выхоўваюць нацыянальна свядомага чалавека, але і ўплываюць на развіццё культурнага асяроддзя рэгіёну», — заключыла Вольга Дамаскіна.

Яна падкрэсліла, што пайшла атрымліваць другую адукацыю менавіта, каб працаваць у музеі, і спецыялістаў з гэтай адукацыяй амаль няма ў полацкім запаведніку.

«Навошта не працягваць кантракт, калі запаведнік аплочваў мае навучанне? І тое, што кантракт пагражаюць не працягнуць, я звязваю толькі з тым, што вырашыла ўдзельнічаць у выбарах», — заключыла актывістка Руху.

А ў Бабруйску журналістка Александрына Глаголева сама адмовілася ад удзелу ў парламенцкай кампаніі.

31 сакавіка яна, журналістка «Бобруйского курьера», асвятляла акцыю прафсаюза РЭП у Слоніме. Пра што і зрабіла матэрыял на сайце. Завочна на яе быў складзены пратакол, пераслалі ў Бабруйск, і мясцовы ўчастковы інспектар апорнага пункта № 5 УУС Бабруйскага гарвыканкама Юрый Савіч запрасіў яе на размову па гэтым пратаколе.

Александрына пагадзілася з тым, што ў Слоніме сапраўды была, акцыю асвятляла, выконваючы свае прафесійныя абавязкі. Аднак яна адмовілася падпісаць паперы аб тым, што прызнае сваю віну і раскайваецца, хоць участковы вельмі настойліва пераконваў яе гэта зрабіць, і нават, па яе словах, загадзя надрукаваў гэтыя фразы на бланку.

Аднак 22 чэрвеня, калі ўсе тэрміны па адміністрацыйным правапарушэнні выйшлі, Александрыне Глаголевай раптам зноў патэлефанаваў той жа ўчастковы з патрабаваннем прыйсці «для размовы». Дзяўчына адказала яму, што ўсе тэрміны прайшлі, а калі ён хоча «пагаварыць», хай дасылае позву і афармляе працэдуру, як належыць паводле заканадаўства. участковы стаў нервавацца, павысіў голас, пачаў крычаць, не слухаючы пярэчанняў, маўляў, гэта ў вашых інтарэсах. Праз 5 хвілін ператэлефанаваў зноў, крычаў і скончыў пагрозамі: «Вы пашкадуеце аб гэтым!», заяўляе яна.

Улічваючы, што Александрына разам з мужам экс-палітвязнем Яўгенам Васьковічам чакаюць першынца, формай пратэсту супраць хамства і прэсінгу сілавых структур яны выбралі заяву ў СМІ пра аказваемы на іх ціск і адмову ад удзелу ў парламенцкай кампаніі, што яна планавала зрабіць у якасці спікера АГП.

Актывіст МХД: прызначаныя чыноўнікі не могуць і не жадаюць вырашаць праблемы

19 чэрвеня ў Магілёве прайшоў трэнінг для каманды прамоўцы ад Правацэнтрысцкай кааліцыі, мясцовага кіраўніка аргкамітэту МХД Андрэя Бодзілева.

Падчас трэнінгу камандзе распавялі пра ўсе этапы выбарчай парламенцкай кампаніі, метады збору подпісаў, працы з выбаршчыкамі. Напрыканцы ўсе метады практычна адпрацавалі з сябрамі каманды.

Андрэй Бодзілеў у сваім звароце да каманды на пачатку трэнінгу акцэнтаваў увагу на тых праблемах ў краіне, якія закранаюць кожнага чалавека, а таксама на тым, што прызначаныя чыноўнікі не могуць ці не жадаюць вырашаць гэтыя праблемы. Таксама, распавёў пра тыя дасягненні і поспехі, якія ёсць у каманды на сённяшні дзень.

«Надалей, наша мэта — дапамагаць жыхарам Магілёва ў вырашэнні найбольш хвалюючых іx праблем. Мы будзем працаваць ў гэтым накірунку і падчас парламенцкай кампаніі, і пасля яе», — адзначыў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі