Як у Рэчы Паспалітай Аўтакефальную Царкву стваралі: Праваслаўная кангрэгацыя ў Пінску

Пинськ

Сёлета спаўняецца 225 гадоў таму са спробы стварэння аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. У сувязі з гэтым, а таксама з нагоды шырокага абмеркавання магчымай аўтакефаліі ў суседняй Украіне і дыскусіі вакол асобы Георгія Каніскага прапануем вашай увазе пераклад з польскай артыкулу Томаша Гэна “Kongregacja prawosławna w Pińsku”.

Праваслаўная кангрэгацыя ў Пінску

15 чэрвеня 1791 года ў Богаяўленскім манастыры ў Пінску распачала працу кангрэгацыя духавенства і вернікаў Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Яе задача складалася ў тым, каб распрацаваць прапановы па атрыманні ёю незалежнасці ад Расіі. Яны павінны былі займець заканадаўчую моц.

Усходняе хрысціянства прысутнічала на польскіх абшарах са старажытных часоў. Пашырэнне дзяржавы Мешка I у другой палове X ст. задэкларавала трыумф лацінскага хрысціянства. Тым не менш, у XIV стагоддзі з заваёвай Чырвонай Русі (сучасныя землі на захадзе Украіны і паўднёвым усходзе Польшчы – рэд.) каралём Казімірам Вялікім у Каралеўстве апынулася значнай праваслаўная супольнасць, якая ў далейшым яшчэ павялічылася ў выніку уніі з Літвой (Вялікім княствам Літоўскім – рэд.) — так, што праваслаўныя маглі складаць больш за палову насельніцтва. У выніку Берасцейскай уніі 1596 года ўсходняе хрысціянства раскалолася на Уніяцкую Царкву ў лучнасці з Рымам і Праваслаўную, якая не прызнавала ўладу Папы. Пасля пэўнага перыяду забароны за часам панавання падтрымліваючага унію Жыгімонта III, праваслаўе, нарэшце, было легалізаванае ў 1632 годзе. Яго ўплыў, аднак, відавочна аслаб у выніку войнаў XVII  стагоддзя і страты на карысць Масквы шырокіх тэрыторый ўсходняй Літвы і Кароны разам з Кіевам — рэзідэнцыяй мітрапаліта.

Тым не менш, у надзеі на аб’яднанне ўсходніх хрысціян ў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Папы, сойм у 1676 годзе забараніў ім мець кантакты з Канстанцінопальскім Патрыярхам, чым толькі паспрыяў іерархіі Масквы ўзяць поўны кантроль над імі. У 1685 годзе епіскап Луцкі, князь Гедэон Святаполк-Чацвярцінскі, новы кіеўскі мітрапаліт, склаў у Маскве прысягу паслушэнства Патрыярху Маскоўскаму, які яго потым і высвяціў. У той жа час маскоўская дыпламатыя атрымала ад Патрыярха Канстанцінопальскага адмову ад суверэнітэту над Кіевам. Калі ў 1721 годзе Пётр Вялікі стварыў Свяцейшы Урадавы Сінод — дзяржаўную адміністрацыю, якая ўзяла на сябе абавязкі Патрыярха Маскоўскага — праваслаўныя святары ў Рэчы Паспалітай сталі падпарадкаваныя непасрэдна ўладам расійскай дзяржавы, стаўшы быццам іх службовымі асобамі за межамі імперыі. Але ніхто не спрабаваў прадухіліць гэта. Па стане на 1702 год праваслаўныя ў Рэчы Паспалітай мелі толькі адну епархію, Беларускую, а Расія ўзмацняла гегемонію ў польска-літоўскай дзяржаве.

На абшарах польскай Украіны працягвалася на працягу ўсяго XVIII стагоддзя барацьба за душы паміж уніятамі і праваслаўнымі (дызуніятамі, як іх клікалі з XVII стагоддзя). Тлеў там таксама сацыяльны канфлікт паміж шляхтай і прыгоннымі, які часам прымаў гвалтоўную форму. Паколькі шляхта было ў пераважнай большасці каталіцкай, і часта спрабавала навязаць сялянам унію, абарона праваслаўя стала адной з асноўных формаў сялянскага супраціву. З незвычайнай сілай яна праявілася ў 1768 годзе падчас сялянскага паўстання пад назвай Калііўшчына, калі – па перакананнях тых часоў – было вынішчана дзвесце тысяч (лік даволі фантастычны) шляхты, каталіцкіх святароў абодвух абрадаў і габрэяў. У той жа час сфармавалася Барская канфедэрацыя, супраць якой ўмяшаліся расійскія войскі. Хоць расейцы былі ўцягнутыя ў барацьбу з Калііўшчынай, сама іх прысутнасць была дастатковай, каб шляхецкае меркаванне перакананалася, што паўстанне было вынікам расійскай змовы.

Эпоха Вялікага сойма

Таму, калі ў напружанай сітуацыі, звязанай са скіданнем расійскага пратэктарату соймам, названым пазней чатырохгадовым, пачалі цыркуляваць навіны аб падрыхтоўцы рускімі (тут беларускімі і ўкраінскімі, не блытаць з расейскімі – рэд.) сялянамі бунту, многія палітыкі і публіцысты скіравалі падазрэнні на праваслаўнае духавенства — а на Валыні, дзе праваслаўных не было, таксама на ўніяцкае. Вясной і летам 1789 года быў прадпрыняты шэраг энергічных мер па прадухіленні бунту – сёння ўжо цяжка ацаніць, ці рэальна пагражаючага, ці ўяўнага. Без сумневу, аднак, ахвярамі рэпрэсій сталі дзясяткі нявінных духоўных асоб, сялян, маларасійскіх купцоў і звычайных валацугаў — арыштаваных, дапытаных, зняволеных у турму, падвергнутых катаванням, і часта пакараных смерцю на падставе паказанняў асоб, якія спрабавалі абараніць жыццё такім чынам. Затрыманы быў нават зверхнік Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай епіскап Віктар Садкоўскі.

Гэтыя падзеі звярнулі ўвагу палітычнай эліты на непасрэднае падпарадкаванне праваслаўнага духавенства ў Рэчы Паспалітай расейскім уладам. Ужо ў сакавіку Станіслаў Аўгуст (кароль і вялікі князь – рэд.) атрымаў ад Кацярыны II згоду на выдаленнем з малітваў у польскіх і літоўскіх цэрквах імён яе і вялікіх княжатаў, а таксама просьбаў аб перамозе расейскай зброі. Затым сойм загадаў усім праваслаўным святарам прысягнуць на вернасць каралю і Рэчы Паспалітай. Была прызначана дэпутацыя для высвятлення прычыны бунтаў. Першая (і, як сталася, апошняя) частка яе справаздачы была прадстаўленая ў сакавіку 1790 года. Не знайшлося ў ёй нічога пра паўстанне, аднак, былі шырокія гістарычныя высновы пра сацыяльна-рэлігійныя канфлікты ва Украіне і ролі Расіі ў розных няшчасцях Рэчы Паспалітай. Усё гэта прывяло дэпутацыю да сфармулявання патрэбы поўнай незалежнасці Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай ад Расіі і павышэння статусу паўсюль абмежаваных уніятаў.

Кангрэгацыя

Сойм пагадзіўся з гэтымі высновамі і праз старосту шчарэцкага Пятра Патоцкага, пасла пры Высокай порце (Асманскай імперыі – рэд.), пачаў перамовы з Канстанцінопальскім патрыярхам. У той жа час пачаліся кансультацыі з прадстаўнікамі мясцовых праваслаўных, і пасля пэўных перэпетый у сакавіку 1791 года Сойм выдаў указ аб скліканні 15 чэрвеня ў Пінску кангрэгацыі прадстаўнікоў духавенства і свецкіх праваслаўных з Кароны і Вялікага княства, чыя лаяльнасць у дачыненні дзяржавы была бездакорнай. Таксама былі прызначаныя чатыры камісары з ліку дэпутатаў, якія меліся кіраваць пасяджэннямі.

У пінскіх справах прынялі ўдзел 103 дэлегаты: 25 манахаў, 22 простыя святары і 56 свецкіх вернікаў. Прыехалі і прадстаўнікі грэцкай дыяспары з Познані. З пункту гледжання кананічнага права, праблема заключалася ў адсутнасці епіскапаў, бо адзіным у Рэчы Паспалітай быў Віктар Садкоўскі, які да гэтага часу ўтрымліваўся пад аховай у Варшаве. З чатырох абраных Соймам камісараў у працы ў выніку прыняў удзел толькі сандамірскі дэпутат Міхал Каханоўскі. На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў таксама ваўкавыскі дэпутат Павел Грабоўскі, кальвініст, адзіным дысідэнт (некаталік – рэд.) у Сойме.

1 ліпеня пасля працяглых абмеркаванняў з нагоды зместу рэзалюцый адбылося ўрачыстае пасяджэнне. Была адслужаная літургія на грэцкай мове, а перад іканастасам знаходзіўся пад навесам трон з партрэтам Станіслава Аўгуста і срэбнай каронай на табурэтцы. Па абодва бакі варту неслі таварышы Нацыянальнай кавалерыі з палашамі.

У адказ на прамову дэпутата Каханоўскага прадстаўнікі праваслаўнага духавенства абвесцілі прамовы па-руску, польску і лацінску, з энтузіязмам апісваючы змены, звязаныя з ростам талерантнасці за Станіславам Аўгустам і аб’яднаннем усіх жыхароў Рэчы Паспалітай вакол травеньскай канстытуцыі (1791 года – рэд.). У той жа час цалкам адкрыта яны апісалі сваё становішча на працягу апошніх двухсот гадоў, калі ў сваёй уласнай краіне іх трактавалі ўлады як замежнікаў і часта ворагаў. Прачытаны быў сфармуляваны дэлегатамі праект новага ўладкавання польска-літоўскага праваслаўя. На наступны дзень пасля прамовы познаньскага грэцкага святара былі адобраныя ўсе пункты праекту, а таксама склад часовай кансісторыі. Яго старшынёй стаў ігумен бельскі Сава Пальмоўскі.

У нядзелю 3 ліпеня святкавалі шчаслівае заканчэнне працы. Была адпраўленая ўрачыстая літургія, стралялі са зброі, а таксама ў цэнтры горада была ўзведзеная трыумфальная арка, якая паказвала перамогу ўзыходзячага сонца над цемрай. Там таксама была змешчаная выява караля і гербы Польшчы і Літвы ў атачэнні цытат з Пісання, падкрэсліваючых карысці, якія паходзяць ад міру паміж суайчыннікамі. У расстаўленых побач намётах «для шматлікіх гасцей і мясцовай шляхты грэка-ўсходняга вызнання быў дадзены ўвечары вялікі пір, дзе разнастайныя напоі на працягу ўсёй ночы ўдосталь пастаўляліся». На наступны дзень дэпутат Каханоўскі адправіўся ў Варшаву, каб прадставіць рэзалюцыі ў Сойм для зацвярджэння.

Самым важным новаўвядзеннем стала стварэнне ў Рэчы Паспалітай «найвышэйшага нацыянальнага царкоўнага ўраду». Ён павінен быў быць незалежным ад знешніх уплываў, і толькі ў пытаннях дагматыкі падпарадкоўвацца аўтарытэту Патрыярха Канстанцінопальскага. На практыцы гэта прыраўноўвалася да аўтакефаліі. Іерархія складалася з аднаго мітрапаліта і трох епіскапаў, якія б утварылі “нацыянальны” Сінод. Таксама мусіла існаваць генеральная кансісторыя, якая б абіралася кожныя чатыры гады на Сінадальным сходзе з дэлегатаў ад духавенства і вернікаў. Абіраемыя органы былі ўведзеныя на ўсіх узроўнях адміністрацыі. Структура польска-літоўскай Праваслаўнай Царквы павінна была быць заснаванай на прынцыпе абрання і суадказнасці духавенства і вернікаў за Царкву.

Праект Пінскай кангрэгацыі быў прыхільна прыняты большасцю палітычнай эліты, аднак, ён сустрэўся з супрацівам саноўнікаў Каталіцкай Царквы абодвух абрадаў. Яны баяліся росту ўплыву адноўленай Праваслаўнай Царквы, якая магла б прыцягнуць частку ўніятаў. Акрамя таго, сама мадэль чыста «нацыянальнага» ўладкавання Царквы, даючая прадстаўнікам вернікаў такі шырокі ўдзел у кіраванні, выклікала непакой ў якасці патэнцыйнай мадэлі для нападаў на прэрагатывы духавенства і сувязі Каталіцкай Царквы з Рымам.

Калі ж праект перайшоў да абмеркавання ў Сойме ў траўні 1792 года, на рашэнне ўплывалі перш за ўсё палітычныя меркаванні. 18 траўня расейскі амбасадар уручыў подканцлеру Яўхіму Храбтовічу ноту з паведамленнем пра ваенную інтэрвенцыю ў абарону рэспубліканскіх свабод Рэчы Паспалітай. На агульнае перакананне, эмансіпацыя Праваслаўнай Царквы мусіла ўмацаваць лаяльнасць яе вернікаў і прадухіліць іх супрацоўніцтва з расійскімі войскамі. 21 траўня 1792 года кракаўскі дэпутат Станіслаў Солтык сцвярджаў, што свабода з’яўляецца найбольш эфектыўным сродкам супраць замежнай узурпацыі, і хоць грамадзяне Рэчы Паспалітай гавораць на розных мовах і з’яўляюцца паслядоўнікамі розных рэлігій, свабода і справядлівасць будзе аб’ядноўваць іх перад абліччам небяспекі. Праект быў зацверджаны большасцю 123 галасоў супраць 13 галасоў апазіцыі. Праваслаўная генеральная кансісторыя ўніверсалам ад 1 чэрвеня загадала адпраўленне ва ўсіх манастырах і парафіях літургій падзякі і абвяшчэнне казанняў пра абавязак вернасці і любові да Рэчы Паспалітай.

Але лёс рэформаў быў вырашаны. Невядома пра якое-небудзь супрацоўніцтва польскіх і літоўскіх праваслаўных з інтэрвентам. Яны не былі яму патрэбныя — перавага сіл і так была пераважнай. З паразай травеньскай Канстытуцыі быў пахаваны таксама «Найвышэйшы нацыянальны царкоўны ўрад».

 

Томаш Гэн (Tomasz Hen)

 

Літаратура

Richard Butterwick, Deconfessionalization? The Policy of the Polish Revolution towards Ruthenia, 1788-1792, “Central Europe”, t. 6, nr 2, listopad 2008, ss. 91- 121.

Eugeniusz Sakowicz, Kościół prawosławny w Polsce w epoce Sejmu Wielkiego, 1788-1792, Warszawa, 1935.

 Пераклад Максіма Гацака

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі