Імша аб растраляных у Шумілінскім раёне НКУСаўцамі: “Дарога была чырвоная ад крыві” (відэа)


Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 26 чэрвеня ўзначаліў Святую Імшу ў вёсцы Мікалаева ў Шумілінскім раёна на месцы пахавання палітвязняў з Беразвечча, растраляных карнікамі з НКУС у 1941 годзе на Дарозе смерці.

Николаево
На Імшы сабраліся жыхары Мікалаева і Улы, прадстаўнікі польскай амбасады на чале з амбасадарам Конрадам Паўлікам, святары з Улы, Лёзна, Глыбокага і Віцебска, паведамляе catholicnews.by.

Напачатку вайны з немцамі вязняў турмаў у Беразвеччы было вырашана эвакуіраваць на ўсход чыгункай, але імкліва наступалі немцы, чыгунка была занятая вайсковымі эшалонамі, таму арыштаваных пагналі пешкі да Віцебска па прасёлкавых дарогах, шмат хто з іх загінуў па дарозе ад голаду і знясілення.

У абед 26 ліпеня ля Улы калона перайшла мост праз Дзвіну. У гэты час над калонай стаў кружыць нямецкі самалёт, які адкрыў агонь па канваірах. Тыя спачатку паклалі вязняў на зямлю, а потым сталі страляць па іх з кулямётаў. З некалькі тысячаў чалавек выратавацца ўдалося толькі адзінкам. Як успамінаюць відавочцы таго злачынства, уся дарога была чырвонай ад крыві.

Калі прыйшлі немцы, мясцовыя жыхары пахавалі забітых у агульнай магіле на ўскрайку леса ля вёскі Мікалаева. У 90-х гадах мінулага стагоддзя тут з’явіўся невялікі помнік.

Забітыя, у большасці сваёй, – жыхары Глыбоччыны, Пастаўшчыны, Шаркаўшчыны, Браслаўшчыны, Мёршчыны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі