Мілінкевіч: трэба абіраць Еўропу, каб не стаць часткай Расіі

тры

Беларусы з’яўляюцца еўрапейцамі і па гісторыі, і па мове, і па менталітэце. “Многія кажуць, што нас у ЕС ніхто не чакае, але там не чакалі ні Польшчу, ні Эстонію, але, каб нас прынялі, трэба выканаць умовы і пагрукацца, сказаць, што мы хочам вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю”, – заявіў 30 чэрвеня на канферэнцыі “Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы” ў Мінску старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго, сярод суседніх краін Беларусь бы перамагла ў магчымым конкурсе на сяброўства ў ЕС, але не хапае толькі свабоды і дэмакратыі. “Не трэба апускаць нос і трэба верыць у будучыню”, – падкрэсліў ён, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Палітык адзначыў таксама важнасць дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, “бо калі побач агрэсіўны сусед, які праводзіць анэксію, праз тэлебачанне выхоўвае ў людзях нянавісць – дыялог адзіная магчымасць адстаяць незалежнасць”. Паводле яго, “дыялог вызваляе палітвязняў”, дае людзям магчымасці для працы, а таксама спрыяе таму, што ў краіне робіцца менш антыеўрапейскіх і антыдэмакратычных настрояў.

Аднак, заявіў Аляксандр Мілінкевіч, “дыялог дыялогу розніца”. “Дыялог мусіць быць крытычны і абумоўлены. Без пакрокавай праграмы, без дарожнай мапы нічога не будзе”, – дадаў ён.

У прыватнасці, палітык адзначыў неабходнасць таго, каб “у камісіях лічылі галасы”. Паводле яго, ЕС мусіць патрабаваць ад афіцыйнага Мінску, каб у выбарчых камісіях галасы лічылі не толькі прадстаўнікі ўладаў, але і апазіцыі. “Шмат яшчэ трэба зрабіць, але хаця б з гэтага пачаць”, – дадаў ён.

“Трэба выбіраць Еўропу, інакш станем часткай Расійскай Федэрацыі”, – заключыў старшыня РЗС.

Лябедзька: беларусы больш паслядоўныя ў адстойванні каштоўнасцяў за еўрабюракратаў

У сваю чаргу лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў пра важнасць для апазіцыі падчас парламенцкай кампаніі данесці да людзей пазітыўную альтэрнатыву і сабраць доказы таго, што “выбары фальсіфікуюцца”. Паводле яго, гэтага нельга зрабіць, лежачы на канапе ці нават пішучы ў сацсетках.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння шмат беларусаў больш паслядоўныя ў адстойванні еўрапейскіх каштоўнасцяў за некаторых еўрапейскіх палітыкаў і бюракратаў. “Беларусь мусіць быць у еўрапейскім парадку дня”, – сказаў лідар АГП.

Рымашэўскі: людзі стаміліся ад дэмагогіі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі  адзначыў, што людзі, як у Беларусі, гэтак і на Захадзе, стаміліся ад дэмагогіі і папулізму. Супрацьстаяць жа “дэвальвацыі словаў “еднасць, праўда, справядлівасць”, на яго думку, можна толькі справамі.

“У нас адзіны спіс, адзінае пасланне, і мы пройдзем гэтую кампанію разам”, – заявіў ён, кажучы пра Правацэнтрысцкую кааліцыю, якая аб’ядноўвае РЗС, АГП і БХД. Паводле яго, яна стане ядром аб’яднання апазіцыі.

На яго думку, беларускім уладам сёння не патрэбна падтрымка большасці насельніцтва, бо яны трымаюцца “толькі на сілавіках і фальсіфікацыі”. Але няма ніводнага пытання, заявіў Віталь Рымашэўскі, калі б у апошнія гады ўлады не ішлі на саступкі, калі людзі выступалі разам. “Мы зламаем сцэнар гэтай улады і не дадзім прызначыць у парламент двух-трох людзей і назваць іх апазіцыяй”, – сказаў ён, пажадаўшы беларусам адрадзіць веру ў свае ўласныя сілы і сілы тых, хто побач.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі