“На Беларусі Бог жыве”: 30 тыс. чалавек удзельнічалі ва ўрачыстасцях у Будславе (фотарэпартаж)

1-2 ліпеня ў Будславе адбыліся каталіцкія ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай. Удзел у іх, па ацэнцы прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксяндза Юрыя Санько, узялі ў суме каля 30 тыс. чалавек. З іх — каля 3 тыс. пілігрымы, якія прыбылі ў Будслаў пешшу і на роварах.

Найбольшая пілігрымка прыбыла з Маладзечна – больш за 300 чалавек, самая ж даўгая пілігрымка была з Баранавічаў.

Сёлета ўрачыстасці ў Будславе супалі таксама з адзначэннем 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, у сувязі з чым у Беларусь прыбыў Папскі легат, арцыбіскуп Венскі, кардынал Крыстоф Шонбарн.

З гэтай нагоды ў заключнай частцы ўрачыстасці ганаровымі граматамі за ўклад у станаўленне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі былі ўзнагароджаны каля 30 чалавек, якія і атрымалі свае ўзнагароды з рук Папскага пасланніка кардынала Шонбарна напрыканцы заключнай Святой Імшы, што распачалася 2 ліпеня ў 11.00.

Сярод узнагароджаных – кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака OFM, старшыня секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ Уладзімір Неўдах, пробашч мінскага касцёла святых Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла святога Андрэя Баболі ў Полацку ксёндз прэлат Францішак Кісель, сястра Стэлла CSFN (Ганна Іядкоўская) з Гродна, грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Абламейка, грэка- і рыма-каталіцкія манахіні і свецкія. Загадзя было вырашана ўзнагародзіць найбольш выбітных працаўнікоў Касцёла з усіх чатырох беларускіх дыяцэзіяў.

Кульмінацыйную Святую Імшу, якая распачалася апоўначы працэсіяй са свечкамі вакол плошчы ля святыні, узначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля працэсіі прагучала малітва падзякі за дар свабоды веравызнання і 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, удзел у якой ўзяў Папскі легат кардынал Шонбарн.

«Мы вельмі радыя, што Святы Айцец паслаў да нас на ўрачыстасці Вас — вядомага тэолага, пастыра і кардынала, які таксама з’яўляецца старшынёй вядомага кангрэса Божай міласэрнасці», – звярнуўся да высокага госця мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі агучыў ліст Папы Францішка да Папскага легата, а таксама віншавальнае пасланне новапрызначанага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі мансеньёра Габара Пінтара.

«Мы суправаджаем Цябе, дастойны наш брат, у Тваёй місіі выканання гэтага задання. Урэшце з радасцю ўдзяляем Табе Нашае Апостальскае благаслаўленне, знак нашай добразычлівасці да Цябе і нябеснага дару; перадай жа яго ўсім удзельнікам цэлебрацыі», — гаворыцца ў лісце Папы.

Будслау 2016_35
«Калі вы сёння сабраліся ў Нацыянальным санктуарыі Божай Маці, каб з радасцю і надзеяй паглядзець на 25 гадоў падараванай Богам гісторыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі і дзякаваць за іх, я прашу кожнага з вас асаблівым чынам маліцца за нашага Святога Айца Францішка, за ўсю нашу краіну Беларусь, аб шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, за шматлікія добрыя хрысціянскія сем’і», – звяртаецца ў пасланні да беларускіх каталікоў Апостальскі нунцый.

Нагадваючы вехі каталіцкага жыцця ў Беларусі ў розныя часы, асаблівую ўвагу Апостальскі нунцый удзяліў постаці спачылага кардынала Казіміра Свёнтэка – сымболя і рухавіка адраджэння структураў Касцёла ў 90-ыя гады.

Вялікая чарга вернікаў, якія кіраваліся ў касцёл, каб ушанаваць абраз Маці Божай Будслаўскай, расцягнулася на ўсю плошчу перад санктуарыям. Адначасова святкаванне ахапіла ўсю плошчу.

У парку перад будслаўскай святыняй працавала фотавыстава маладога фатографа Віктара Ведзеня, прысвечаная пілігрымкам у Будслаў

мінулых гадоў, – здымкі вялікага фармату былі размешчаныя проста на дрэвах. Раней працы можна было пабачыць на стацыянарнай выставе, зладжанай у Белай зале Чырвонага касцёла. Змест працаў Віктара Ведзеня – прыгожыя моманты пілігрымак і вобразы паасобных пілігрымаў.

Да кожнага фотаздымка Віктар Ведзень і яго нявеста Ганна падабралі подпісы – словы Святога Пісання альбо выказванні святых і рэлігійных дзеячоў.

Шмат цікавага можна было пабачыць у намётах, які атачалі святочную плошчу. У намётах  выдавецтва «Pro Christo» і часопіса «Ave Maria» можна было набыць процьму цікавых кніг, у т.л., новы пераклад твораў кс. Яна Твардоўскага, здзейснены Ганнай Шаўчэнкай. У намёце дабрачыннай місіі «Чыстае сэрца» частавалі квасам, свае прысмакі – каву, кулінарныя вырабы, – прапаноўвалі манахі – палатыны і капуцыны, а таксама валанцёры «Карытас». Свій новы дыск прэзентаваў гурт «Laudans». У намёце семінарыстаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску можна было набыць фірмовыя цішоткі, кубкі і абразы. Традыцыйна прапаноўвалі разнастайныя вырабы сёстры з праваслаўнага мінскага Елізавецінскага жаночага манастыра.

У намётавым гарадку бліз касцёла святочная праграма працягнулася моладзевымі танцамі і канцэртам хрысціянскага гурта “Небасхіл”.

Мітрапаліт Кандрусевіч: Беларусь ужо стала часткай еўрапейскага хрысціянскага саюза

«У цяжкiя часы ганенняў на веру наш народ даверыўся Марыi, i сёння наша Апякунка — Божая Мацi Будслаўская — у працэсii прывяла да алтара, каб на iм скласцi эўхарыстычную ахвяру падзякi за свабоду веравызнання i дар адраджэння веры, перапрасiць за не да канца выкарыстаныя магчымасцi, якiя нам дае Божы Провiд, i таксама прасiць благаслаўлення на будучыню», – падкрэсліў мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі.

Будслау 2016_42
“Хрысцiянская цывiлiзацыя беларускага народа «не з’яўляецца чымсьцi скамянелым, яна патрабуе развiцця, патрабуе не толькi традыцыi i ўкрытых у зямлi каранёў гэтага шматвяковага дрэва нашай веры, але таксама новых маладых зялёных галінак і лiсцяў”, – дадаў кіраўнік беларускай Каталіцкай Царквы. Асаблівую ўвагу мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў прыналежнасці Беларусі да хрысціянскай цывілізацыі свету, падкрэсліўшы, – сёння, калі вядзецца столькі дэбатаў пра лёс Еўрасаюза, для беларусаў вырашальным павінен быць той факт, што стагодддзі таму, прыняўшы хрост, жыхары тутэйшага краю “ужо далучыліся да еўрапейскага хрысціянскага саюза”.

Адной з самых важных падзеяў будслаўскай ночы стала ўручэнне Папскім легатам беларускім грэка-каталікам рэліквіі святога Язафата Кунцэвіча.

Падчас Імшы папскі пасланнік кардынал Крыстаф Шонбарн перадаў беларускім грэка-католікам рэліквію св. Язафата Кунцэвіча — набедранік, частку яго арцыбіскупскага адзення.

«Атрымаць каштоўную рэліквію, набедранік, — знак архіпастырскага служэння святога Язафата — для нас духоўнае ўмацаванне ў нашай веры і вернасці Рымскаму Апостальскаму Пасаду, заахвочванне да руплівага сведчання Евангелля», — адзначыў у слове падзякі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Кардынал Шонбарн: Касцёл мацуецца сям’ёй

2 ліпеня кардынал Шонбарн OP узначаліў заключную Святую Імшу, у якой па запрашэнні мітрапаліта Кандрусевіча ўзялі ўдзел амбасадары шэрагу краінаў.  Частка з іх з’яўляецца пратэстантамі, таму амбасадары падкрэслівалі, наколькі захапляльным і  велічным з’яўляецца будслаўскае свята, аналагаў якому няма ў іх краінах і ў іншых канфесіях.

Будслау 2016_40
У гаміліі кардынал Шонбарн асаблівае месца ўдзяліў фрагменту з Пісання, у якім распавядаецца аб наведванні Маці Божай святой Альжбеты, якая цяжарная Янам Хрысціцелям: “Дзве жанчыны, якія чакаюць патомства, абдымаюцца. Я хацеў бы ад шчырага сэрца падзякаваць усім маці, якія знаходзяцца на гэтай Імшы. Кожны з нас калісьці таксама знаходзіўся пад сэрцам маці. Якая прыгожая гэтая таямніца, што кожны з нас мае сваю ўласную маці! Я таксама вельмі шчаслівы, што яшчэ жывая мая маці, якой 96 гадоў. І мы заўсёды застаемся дзецьмі сваёй маці і ўдзячныя ім за тое, што яны нам даюць».

«Прыгожым з’яўляецца таксама тое, што мы маем сям’ю. Усе мы, Касцёл і кожны з нас, даём моцнае сведчанне, што верым у сям’ю, Сям’я павінна трымацца разам. Таму мы моцна спадзяёмся на сілу і моц сям’і», – дадаў кардынал Шонбарн.

«Моцная вера Марыі падаравала нам Хрыста. Таму мы маем прыгожую магчымасць цалкам аддаць нашу веру веры Маці Божай. Вельмі часта наша вера вельмі слабая, але Маці Божая мае моцную веру. І калі я перажываю цяжкасці са сваёй слабой верай, то магу з моцнай верай Марыі звяртацца да Хрыста», – рэзюміраваў ён.

Удзел у заключнай Святой Імшы ўзялі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ад імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, са словамі вітання да каталіцкага духавенства і вернікаў звярнуўся протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Біскуп Яшэўскі: Кожны з нас адказны за сваю веру

Цэнтральнай Святой Імшы ў 11.00 папярэднічала ранішняя Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB . У гаміліі біскуп разважаў пра “унутраную паставу Марыі”, заклікаючы звярнуць увагу на моц веры Марыі, якая “дазволіла Ёй у паўнаце аддацца Пану Богу, даверыцца Яму”.

“Вера — гэта фундамент усяго. Таксама ад нашай веры ў вялікай меры залежыць наша здольнасць сапраўды аддацца Богу, залежыць наша гатоўнасць рэалізаваць Божую волю ў нашым штодзённым жыцці, залежыць тое, ці зменіцца штосьці ў нашым жыцці”, – падкрэсліў біскуп Яшэўскі, дадаўшы, што менавіта ў працэсе развіцця веры ў кожнага чалавека “змяняецца шкала каштоўнасцяў».

«Сама па сабе вера — гэта крыніца моцы і духоўнага дынамізму, бо яна адкрывае перад намі велізарную перспектыву жыцця, паўнаты нашага існавання, таму кожны з нас адказны за сваю веру», – зазначыў біскуп Яшэўскі.

Фота Максіма і Надзеі Гацакоў

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі