Кардынал Шонбарн у Беларусі: Я дыхаю дзвюма лёгкімі, адно належыць каталіцызму, другое – праваслаўю

Шенборн
Пасланнік Папы наведаў мітрапаліта Паўла, хворых дзяцей, мемарыял Трасцянец і каталікоў Нарачы і Мядзеля

Папскі пасланнік на ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя стварэння каталіцкай Мінска-Магілёўскай мітраполіі кардынал Крыстаф Шонбарн ОР, арцыбіскуп Вены, які з 1984 года з’яўляецца чальцом аўстрыйскага фонду «Pro Oriente», створанага для падтрымкі адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі, наведаў падчас свайго трохдзённага візіту ў Беларусь мемарыяльны комплекс Трасценец, сустрэўся з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, наведаў праваслаўную царкву Усіх Святых у Мінску, а таксама каталіцкія парафіі ў Мядзелі і Нарачы.

Яшчэ адным месцам, у якое завітаў кардынал Шонбарн, стаў створаны дабрачыннай місіяй “Карытас” цэнтр падрымкі хворых дзяцей у ляскоўцы пад Мінскам, паведамляе  catholic.by.

Увечары 2 ліпеня, пасля заканчэння свята ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, каталіцкая дэлегацыя на чале з кардыналам Крыстафам Шонбарнам OP і арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевіча наведала Усіхсвяцкую царкву-помнік у Мінску, знакамітую тым, што ў гэтым храме захоўваюцца капсулы з парэшткамі салдатаў, палеглых у войнах 1812 года і дзвюх Сусветных войнах.

Шенборн
Пра гісторыю ўнікальнай царквы аўстрыйскаму кардыналу распавялі настаяцель Усіхсвяцкай царквы протаіерэй Фёдар Поўны і яго жонка Алена, якая была перакладчыкам. Удзел у гутарцы ўзялі амбасадар Аўстрыі ў Беларусі Бернд Аляксандр Баерль з жонкай.

Разам протаіерэй Поўны і кардынал Шонбарн запалілі свечкі і памаліліся «Ойча наш». Пасля супольнай вячэры госці агледзелі драўляную царкву, пабудаваную без адзінага цвіка побач з Усіхсвяцкай царквой.

У гэты ж дзень кардынал Шонбарн у суправаджэнні арцыбіскупа Кандрусевіча наведаў мемарыяльны комплекс Трасцянец. Разам з амбасадарамі ў Беларусі Германіі і Аўстрыі – Петэрам Дэтмарам і Берндам Аляксандрам Баерлем – каталіцкія іерархі памаліліся ля ўзведзенай ў мінулым годзе на месцы былога лагера смерці скульптуры «Брамы памяці», а пасля прайшлі ўздоўж алеі са знакамі памяці аб масава знішчэнных тут людзях розных веравызнанняў з розных краінаў у 1941-44 гадах.

ШенборнМалы Трасцянец быў найбуйнейшым лагерам смерці на тэрыторыі СССР. Тут былі знішчаныя больш за 200 тысячаў габрэяў, мясцовых жыхароў і савецкіх ваеннапалонных. Падрабязна аб гэтым распавяла каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя І. Раў Вольга Рэнш-Ветцэль.

Напярэдадні, 1 ліпеня, кардынал Шонбарн  сустрэўся з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Падчас сустрэчы каталіцкая дэлегацыя на чале з аўстрыйскім іерархам наведала Мінскую Духоўную акадэмію Беларускай Праваслаўнай Царквы. Візіт распачаўся з наведвання храма Кірылы Тураўскага, аглядную экскурсію па якім для гасцей правёў рэктар акадэміі а. Сяргей Акімаў, які распавёў пра гісторыю царкоўнага комплекса.

Для гасцей была арганізаваная экскурсія па царкоўна-гістарычным музеі ў сценах акадэміі. Ідэя стварэння музея, прысвечанага гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, належала Марыі Нецветаевай, былой студэнтцы акадэміі, якая і пазнаёміла кардынала з экспазіцыяй.

Мітрапаліт Павел нагадаў госцю, што ў свой час чатыры гады з’яўляўся епіскапам Венскім і Аўстрыйскім.

Шенборн
Падчас размовы іерархі гаварылі аб сітуацыі, калі ў беларускіх школах адсутнічае рэлігійная адукацыя. «У людзей, якія не атрымалі ў свой час багаслоўскай адукацыі, адсутнічае імунітэт перад шарлатанамі і псеўдарэлігіямі», – падкрэсліў Патрыяршы Экзарх.

«Яшчэ падчас вывучэння дагматычнай тэалогіі я зразумеў, што я дыхаю двума лёгкімі, адно з якіх належыць каталіцтву, а другое — праваслаўю», – падкрэсліў кардынал Крыстаф Шонбарн.

Таксама 1 чэрвеня кардынал Шонбарн наведаў Цэнтр «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, дзе сустрэўся з хворымі дзецьмі і іх сем’ямі. Тут у адмыслова пабудаваных дамах жывуць сем’і, чые дзеці праходзяць лячэнне, а таксама знаходзяцца на рэабілітацыі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. Аляксандрава ў аграгарадку Лясны.

Пражыванне ў такіх дамах для сем’яў хворых дзяцей бясплатнае. Фінансавую падтрымку Цэнтру «Карытас» у гэтым пытанні аказвае «Карытас» Аўстрыі.

Шенборн
Размаўляючы з бацькамі хворых дзяцей, кардынал цікавіўся, – з якой яны вобласці, як доўга яны ўжо знаходзяцца ў Ляскоўцы. Экскурсію па Цэнтры «Карытас» для госця зладзіў дырэктар Цэнтра а. Андрэй Жылевіч OFM Cap.

У гэты ж дзень па дарозе ў Будслаў кардынал Шонбарн OP наведаў кармэлітанскія парафіі на Мядзельшчыне.

У Мядзелі кардынала сустрэлі вернікі і пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай а. Юрый Кулай OCD з парафіі Маці Божай Шкаплернай, які распавёў пра гісторыю з’яўлення мядзельскай Кальварыі і этапы яе аднаўлення.

«Ваш народ не толькі праходзіў прыпынкамі Кальварыі, але і перажываў яе, – зазначыў у адказ кардынал Шонбарн. Асабліва гэты шлях перажылі вашыя бабулі. Такія людзі ратавалі веру і выратавалі Касцёл. Дзякуючы іх веры, сёння ўзводзяцца новыя святыні, за якія дзякуем Пану Богу».

Шенборн
У Нарачы ў парафіі  святога Андрэя прывітаць шаноўнага госця да касцёла прыйшло мноства людзей, у ліку якіх былі і прадстаўнікі мясцовай улады. Адмысловым падарункам для Папскага легата стаў адмысловы танец, падрыхтаваны дзецьмі парафіі.

Дзеці танчылі пад пад тры песні, адну з якіх, на нямецкай мове, на памяць ведаў і кардынал Шонбарн. «У Аўстрыі гэту песню ведае кожнае дзіця, – адзначыў ён. – У ёй спяваецца пра любоў Бога: што можа быць большае, шырэйшае і вышэйшае за яе?»

Таксама вернікі ўручылі яму альбом аб парафіі і кошык трускавак.

«Тры рэчы адкраў я для себя у вас. Першае – вашы касцёлы аднаўляюцца, што сведчыць пра вялікую любоў Божага народа да Касцёла. Другое – я пабачыў шмат дзяцей у касцёле, яны ўмеюць танчыць і спяваць: Касцёл у Беларусі мае будучыню! І трэцяе – гэта вашы бабулі: кожны раз, калі я бачу пажылых людзей у святыні, маё сэрца напаўняецца радасцю», – сказаў кардынал, дабраслаўляючы нарачанцаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі