У Мінску напалі на пікет па зборы подпісаў у падтрымку Губарэвіча

Двое мужчынаў абражалі бел-чырвона-белыя сімвалы і ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў па вылучэнню ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, а потым здзейснілі напад на пікетоўшчыкаў. Міліцыя затрымала правакатараў.

«Двое мужчынаў выпівалі ля крамы на вуліцы Каліноўскага, ля якой стаяў і наш пікет», — распавёў сайту Pyx.by сябра ініцыятыўнай групы Алесь Славінскі.

Па ягоных словах, у нейкі момант яны падышлі да пікету і пачалі абражаць пікетоўшчыкаў і  сімвалы. Адзін з іх два разы ўдарыў сябру ініцыятыўнай групы Аляксандра Русевіча.

Аляксандр апісаў чалавека, які напаў на яго, як мажнога чалавека гадоў 25-і, з татуіроўкамі.

«Мужчыны моцнага целаскладу, магчыма, мясцовыя жыхары, магчыма правакатары», — дадаў Алесь Славінскі.

Удзельнікі пікету выклікалі міліцыю, якая затрымала хуліганаў і склала пратакол. На месца здарэння таксама прыехаў прадстаўнік Следчага камітэту.

Гэта не першая спроба правакацыі на пікетах у падтрымку Юрася Губарэвіча. 9 ліпеня пара нападпітку пачала правакаваць на канфлікт пікетоўшчыкаў на вуліца Каліноўскага ля ГЦ «Усход».

«Пара бальзакаўскага ўзросту ўселася непадалёк ад пікету і пачала распіваць алкагольныя напоі. Жанчыну зацікавіла, колькі нам заплацілі, каб мы пачалі стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам», — распавёў сайту Pyx.by сябра ініцыятыўнай групы Мікіта Семяненка.

Потым, па ягоных словах, да яго «падляцеў мужчына і пачаў правакаваць на бойку, абражаючы мяне, беларускую мову і нашую краіну».

«Усё адбывалася пад камерамі гандлёвага цэнтру, таму любая агрэсіўная рэакцыя з майго боку магла быць выкарыстаная супраць зборшчыкаў подпісаў за Губарэвіча. Я спрабаваў пераканаць чалавека весці сябе культурна, але мужчына толькі і працягваў крычаць, быццам мы хочам у Беларусь прывесці НАТА і прадацца амерыканцам», — дадаў Семяненка.

Па ягоных словах, правакацыю заўважылі хлопцы спартовага целаскладу, якія знешне нагадвалі футбольных фанатаў. «Яны прапанавалі вырашыць сітуацыю п’янаму мужчыне, той пакрычаў яшчэ крыху, а пасля ўцёк», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч вылучаецца ў дэпутаты па «Каліноўскай» 108-й выбарчай акрузе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі