На рынку ў Баранавічах прайшоў правацэнтрысцкі пікет

10 ліпеня на рынку “Кааператыўны” ў Баранавічах актывісты Правацэнтрысцкай кааліцыі правялі сумесны пікет па зборы подпісаў у падтрымку апазіцыйных прамоўцаў падчас парламенцкай кампаніі.

Сярод удзельнікаў пікету былі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду» – Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч.

Мінакі цікавіліся тым, што адбываецца, частка людзей аддавалі свае подпісы ў падтрымку, але былі і праціўнікі апазіцыйнай ініцыятывы.

Хоміч: на пікетах галоўнае – абазначыцца

Мяркуючы па заявах апазіцыйных актывістаў, стаўленне грамадзян да пікетаў адрозніваецца ў залежнасці ад горада. Так, у Гродне, дзе з 7 ліпеня праходзяць пікеты ў падтрымку спікера Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, каардынатара БХД па Гродзенскай вобласці Мікалая Баўсюка, паводле яго слоў, “на ўжо праведзеных пікетах людзі актыўна падпісваюцца”.

Таксама і ў Мінску лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, якая правяла пікеты 9-10 ліпеня каля гандлёвага цэнтра «Карона» па вуліцы Кальварыйская і каля станцыя метро Пушкінская, заяўляе, што “на пікетах галоўнае – абазначыцца, каб людзі не атаясамлялі цябе з дзеючымі дэпутатамі , ад абяцанняў якіх яны ўжо даўно стаміліся”. “У цэлым, стаўленне людзей вельмі пазітыўнае!» – адзначыла яна ў каментары сайту bchd.info.

У Віцебску ж хоць пікеты ў падтрымку спікераў БХД Таццяны Севярынец і Алены Шабуні і праходзяць на акругах, дзе апошнія гады актыўны працавалі актывісткі і іх тут добра ведаюць і памятаюць, рэдкія мінакі яшчэ радзей гатовыя паставіць подпіс за апазіцыйнага палітыка.

Па словах Таццяны Севярынец, у горадзе нашмат больш эфектыўна за пікеты кампанія “ад дзвярэй да дзвярэй”, тым больш што “страх прылюдна падтрымаць апазіцыйнага прэтэндэнта яшчэ непераадольны”. Але ставіць пікеты трэба, каб выціскаць страх з сэрцаў віцяблян, упэўненая каардынатар БХД.

Таксама і ў Магілёве актыўнасці людзей не назіраецца, а ў размове адчуваецца недавер грамадзян, заявіў мясцовы лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Андрэй Бодзілеў. У той жа час, вялікая частка грамадзян чакае пераменаў, аднак распавёўшы, пра свае праблемы подпіс не ставіць: а раптам хто-небудзь убачыць, адзначыў актывіст. Ён заклікаў беларусаў “памятаць, што ваша будучыня ў вашых руках”, “ачуняць і зразумець, што толькі мы гаспадары свайго жыцця, і нам рабіць выбар”. “І ваша подпіс, ваша падтрымка – гэта крок наперад!» – заявіў ён.

Фота Intex-Press

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі