Новы прэм’ер Вялікабрытаніі – дачка святара, якая падтрымлівае аднаполыя шлюбы

мэй

Новы лідар Кансерватыўнай партыі і адначасова новы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй з’яўляецца дачкой англіканскага святара Х’юберта Брэзьера (1917-1981), які служыў у парафіях Оксфардшыру.

Як і бацька, палітык таксама з’яўляецца членам Царквы Англіі і кожную нядзелю наведвае набажэнствы. Паводле яе слоў, хрысціянская вера з’яўляецца часткай яе і таго, як яна ставіцца да падзей у яе жыцці і свеце. Разам з тым яе стаўленне да аднаполых адносінаў многім беларускім хрысціянам можа здацца далёкім ад хрысціянскага.

Першапачаткова ў 1998-2002 гадах яна, хоць і галасавала ў падтрымку грамадзянскіх партнёрстваў, выступала супраць паніжэння ўзросту згоды для сексуальных кантактаў і супраць пашырэння правоў гомасексуалістаў па ўсынаўленні дзяцей. За гэта ЛГБТ-актывісты рэзка крытыкавалі яе прызначэнне ў 2010 годзе на пасаду міністра па справах жанчын і раўнапраўя. Аднак затым яна заявіла, што змяніла сваё меркаванне адносна ўсынаўлення дзяцей гомасексуалістамі, а ў 2012 годзе нават стала адным з першых высокапастаўленых прадстаўнікоў Кансерватыўнай партыі, якая адкрыта выступіла ў падтрымку аднаполых шлюбаў у краіне.

Варта адзначыць, што Царква Англіі не асуджае гомасексуалізм, у ёй практыкуюцца малітвы над аднаполымі парамі, а ў 2016 годзе будзе паўторна абмяркоўвацца пытанне царкоўнага блаславення аднаполых пар. У Царкве Англіі з 2005 года сярод святароў ёсць тыя, хто змяніў пол, а таксама адкрытыя геі і лесбіянкі. Падобныя ініцыятывы Царквы Англіі раней стварылі пагрозу расколу Англіканскай супольнасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі