З Беларусі выганяюць трох каталіцкіх святароў-палякаў

Баханек
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад імя курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 13 ліпеня паведаміў ад адмове беларускіх уладаў ў праве на служэнне ў Беларусі тром святарам з Польшчы – дамініканіну а. Раману Шульцу OP – пробашчу парафіі святога Казіміра ў Магілёве, канвентуальнаму францішканіну а. Леху Баханэку OFM Conv – пробашчу парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы, аблату а. Ежы Катоўскаму OMI – пробашчу парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святога Крыштафа ў Калодзішчах у Мінскім раёне.

“11 ліпеня я разам з біскупскім вікарыем для Магілёўскай вобласці Аляксандрам Яшэўскім SDB сустрэўся з Упаўнаважаным па справах рэлігяў і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Леанідам Гулякам з мэтай высветліць прычыну адмовы для служэння вышэйзгаданым святарам і прасіць дазволу для іх працягнуць сваё служэнне. Аднак з вялікім жалем павінен паведаміць, што мы не даведаліся аб канкрэтных прычынах такога рашэння і пачулі рашучую адмову магчымасці іх далейшага служэння ў Беларусі”, – тлумачыць арцыбіскуп Кандрусевіч сутнасць інцыдэнту, паведамляе catholic.by.

“Гэтыя святары доўга і вельмі плённа служылі вернікам Беларусі — будавалі і рамантавалі касцёлы, катэхізавалі, займаліся хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі, дабрачыннасцю”, – нагадвае арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаючы, што намаганнямі а. Леха Баханэка OFM Conv у Івянцы паўстаў касцёл святога Міхала Арханёла, створаныя магчымасці для спартовых заняткаў усіх мясцовых дзяцей, яму належыць ініцыятыва знакамітых штогадовых моладзевых форумаў –«Музычнай майстэрні» і Парафіяды.

Таксама а. Лех Баханэк OFM Conv плённа працаваў з каталіцкім скаўцкім рухам, ля вытокаў якога ў Беларусі ён стаяў ад пачатку яго стварэння.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікае ўсіх каталікоў Беларусі да шчырай малітвы аб новых пакліканнях да святарства ў асяродку юнакоў з улікам “вялікай страты для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі”, абумоўленай дзеяннямі беларускіх уладаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі