Полацк – грэка-каталікі і стараверы: “Веру ў адзіную Царкву” (фотарэпартаж)

У Полацк 16 ліпеня са спевам хвалы Госпаду і Божай Маці ўвайшлі пілігрымы-ўніяты, якія сабраліся ў Віцебску з ўсёй краіны і амаль цягам тыдня ішлі пехам. На Полаччыне знаходзяцца страчаныя грэка-каталіцкія святыні і пазначаныя крыжамі месцы пакутніцтва і служэння ўніяцкіх святых.

ХХІІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацк прайшла ў гэтым годзе пад дэвізам “Веру ў адзіную Царкву”, а таксама ў развагах аб значнасці спадчыны Францішка Скарыны.

Полоцк

Менавіта ў Полацку відавочная магчымасць адзінай Царквы – на ўваходзе ў горад грэка-каталікоў заўжды традыцыйна сустракае душпастыр супольнасці старавераў. Ля брамаў стараабрадніцкай Успенскай царквы а. Пётр Арлоў і яго прыхаджане чакаюць братоў у Хрысце з халоднай вадой і кубкамі пад вышыванымі рушнікамі, пасля запрашаюць у храм. Робячы гасцям выключэнне і дазваляючы ўвайсці дзяўчынам без хустак, а юнакам – у кароткіх нагавіцах для вандровак. У дадзены момант малітоўная еднасць значнейшая за рытуалы.

Полоцк
Пілігрымаў чакаюць аповед пра царкву, гісторыю супольнасці полацкіх стараабрадцаў і навіны, якія адбыліся тут цягам года, – а галоўнай з іх з’ўляецца пабудаваны а. Пятром Арловым вялікі крыж з фотаздымкамі ўсіх душпастыраў полацкай супольнасці ад часу яе заснавання. Таксама для грэка-каталікоў маюцца пасілак і дабраслаўленне ў далейшы шлях, які ляжыць да полацкага Сафійскага сабора, штоі цяпер з’яўляецца музеем і адчыняецца для Боскай літургіі толькі раз на год, калі праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць нябесную заступніцу Полацкай зямлі – Еўфрасінню Полацкую.

Полоцк
У Сафію пілігрымы амаль заўжды спазняюцца – а пятай музей зачыняецца, таму набажэнства здзяйсняецца проста ў двары, для старой кладкі. Набажэнству папярэднічае хвіліна адпачынку – вернікі атрымліваюць магчымасць выцягнуць ногі на траве, зняўшы заплечнікі.

Па сканчэнні набажэнства пілігрымаў чакае трохкіламетровы шлях у мікрараён Кароўнікі на ўскраіне Полацка, дзе месціцца грэка-каталіцкая царква святой Парасквевы Полацкай. Там адбудзецца вячэрняя Боская літургія, споведзь, а пасля вернікі спыняцца на начлег у гасцінных палачанаў, каб ранкам сабрацца на кульмінацыйнай святочнай Літургіі, якую ўзначаліць Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі