У Баранавічах і Віцебску на пікеты па зборы подпісаў выклікалі міліцыю

У Баранавічах 12 ліпеня каля 19:00 падчас пікету спікера Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5 Таццяны Малашчанка каля крамы «Карона» начальнік змены аховы крамы запатрабаваў узгадненне пікету з яго кіраўніцтвам.

Ён настойваў, каб актывісты пакінулі тэрыторыю каля крамы, а пасля адмовы ініцыятыўнай групы гэта рабіць выклікаў дзяжурнага ў краме міліцыянта, распавяла актывістка БХД Таццяна Малашчанка.

«У сваю чаргу прапаршчык Дзмітрый Ківель спакойна і пісьменна разабраўся ў сітуацыі, урэгуляваў канфліктную сітуацыю, паводзіў сябе карэктна і годна, чаго нельга сказаць пра прадстаўніка аховы крамы. У далейшым пікет прайшоў спакойна і без эксцэсаў», – распавёў праваабаронца Аляксандр Вайцешык, які назіраў за мерапрыемствам.

У Віцебску аналагічны выпадак адбыўся з пікетам БХД у падтрымку прамоўцы хрысціянскіх дэмакратаў Алены Шабуні ля крамы “Ніка”. З крамы выйшаў ахоўнік і прапанаваў сысці. Яму патлумачылі, што пікет тут не забаронены, паказалі раздрукоўку пастановы гарвыканкама аб забароненых месцах.

“Не магу ўявіць, аб чым думае гаспадар крамы, калі давярае такім людзям ахову крамы і ўсяго, што там ёсць, калі ахоўнік проста не разумее элементарных рэчаў і нават надрукаваны тэкст зразумець не можа. Праз некалькі хвілін пасля размовы з ахоўнікам прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Усё ж такі патэлефанаваў у Чыгуначны РАУС, хаця мы яму прапаноўвалі паклікаць загадчыка крамы. Добра ведаю, што ўчастковыя інспектары загружаны працай больш, чым трэба. Ахоўніку крамы пашчасціла, што маёр міліцыі не склаў на яго пратакол за ілжывы выклік”, – адзначыла Алена Шабуня.

Між тым у Наваградку «сваёй тэрыторыяй» назвала камендант інтэрнат «БелКрэда» і забараніла там збіраць подпісы за Вадзіма Левана, які вылучаецца пры падтрымцы Руху «За Свабоду», распавёў сайту Pyx.by кіраўнік ініцыятыўнай групы Левана Дзяніс Тараскевіч.

Па ягоных словах, камендант інтэрната заявіла, што з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы праўладнага прэтэндэнта Вольгі Папко (дырэктара замкавага комплекса «Мірскі замак»).

«Пры зборы подпісаў яна сказала, што гэта яе тэрыторыя, і мы не маем права збіраць подпісы ў гэтым інтэрнаце. Да таго, яна ўсіх жыхароў увяла ў зман, сказаўшы, што можна падпісвацца толькі за аднаго кандыдата», — патлумачыў Тараскевіч.

Ён адзначыў, што камендант нават не мела ўяўлення, за каго збірае подпісы: «пад час размовы яна называла прэтэндэнта не па імені, а дырэктарам Мірскага замку».

«Жыхары інтэрната распавялі нам, што пасля сутычкі яна пагражае ім высяленнем і праводзіць збор подпісаў за Папко, проста збіраючы пашпарты», — адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы Левана.

Дзяніс Тараскевіч дадаў, што ў іх ініцыятыўнай групы таксама атрымалася сабраць подпісы пасля таго, як яны ўпэўнілі жыхароў інтэрнату, што можна падпісвацца за ўсіх кандыдатаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі