Фэст у полацкай царкве святой Параскевы: “Магутны Божа”, вышыванкі і боршч ад матухны (фотарэпартаж)

У Полацку ў грэка-каталіцкай царкве святой Параскевы Полацкай 16 ліпеня сабраліся вернікі са значнай часткі беларускіх парафіяў – пілігрымы, якія ішлі амаль тыдзень пехам з Віцебска, жыхары горада, а таксама вернікі, якія прыехалі на кульмінацыйную Боскую літургію з усіх дэканатаў, – усходняга, цэнтральнага і заходняга. Па дарозе яны ушаноўвалі ўсе месцы, звязаныя са служэннем і пакутніцтвам папярэднікаў – святароў і свецкіх.

Гаек
Боскую літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які ўручыў падчас фэсту полацкаму прыходу падарунак – абраз з выявай асветнікаў і носьбітаў Божага Слова святых Кірыла і Мефодыя, напісаны святаром з Брэста, айцом Ігарам Кандрацьевым. Невялічкія копіі абраза атрымалі таксама святары і вернікі, плёнам працы якіх сталі арганізацыя і забеспячэнне фізічнага і духоўнага пасілку для пілігрымаў цягам шляху.

Абраз, уручаны архімандрытам Гаекам, адразу заняў пачэснае месца ў паходным алтары для царквы, напрыканцы богаслужбы яго мелі магчымасць ушанаваць усе вернікі.

Шевцовы
Душпастыры пілігрымкі, настаяцелі віцебскай і полацкай парафіяў айцы Дзмітрый Грышан і Аляксандр Шаўцоў, атрымалі адмысловы ўзнагароды – медалі, вырабленыя супольнасцю манахаў-марыянаў, да якой належыць і архімандрыт Сяргей Гаек, з нагоды кананізацыі святога Станіслава Папчынскага, заснавальніка ордэну.

Асаблівым момантам богаслужбы сталі словы падзякі і віншаванняў, скіраваныя вернікамі да архімандрыта Сяргея Гаека, які адзначае сёлета 20-годдзе свайго служэння ў якасці кіраўніка Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Вернікі ўручылі архімандрыту крыж з упрыгожваннямі, нагадаўшы, што ў супольнасці беларускіх грэка-каталікоў амаль няма людзей, прыход якіх да веры і Царквы здзейсніўся без яго асабістых клопату і ўвагі.

Ивкин з женой
З гаміліяй да вернікаў звярнуўся а. Андрэй Абламейка з Івацэвічаў. «Хто адлучыць нас ад любові? Ніхто. Мы можам выказваць сваю любоў адзін да аднаго, да кожнага грамадзяніна Беларусі. Бог дае нам магчымасць выказваць любоў да ўсяго беларускага народа. З сужэнцаў і святароў складаецца містычнае Цела Хрыста на зямлі. Калі свет патрабуе «хлеба і відовішчаў», хрысціяне павінныя быць сведкамі іншага жыцця, якое яны пазналі праз Хрыста”, – заклікаў ён.

Вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Язафата Кунцэвіча, падораныя Беларусі 2 ліпеня падчас фэсту ў Будслаўскім санктуарыі Маці Божай ватыканскім пасланнікам кардыналам Крыстафам Шонбарнам, прадэманстраваць свае вышыванкі (традыцыйна грэка-каталікі збіраюцца на малітву ў святочны дзень у нацыянальных строях) і падтрымаць царкву, набываючы адмысловыя “фірмовыя” пернікі, вырабленыя рукамі матухны Таццяны – супругі настаяцеля а. Аляксандра Шаўцова.

греко-католики
Пасля богаслужбы вернікаў чакаў невялічкі выступ бардаў-пілігрымаў Максіма Іўкіна і Арцёма Сітнікава і  смачны боршч ад гасцінных гаспадароў – сям’і настаяцеля.

Наступным месцам сустрэчы грэка-каталікоў Беларусі з розных парафіяў стане пілігрымка ў Бабровічы, дзе вернікі ўшануюць памяць парафіі, знішчанай падчас Другой сусветнай вайны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі