У Друі пачаўся пленэр “Пачаткі II”: удзельнічаюць мэтры і ўзыходзячыя “зоркі” жывапісу

Друя

У Друі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы 19 ліпеня пачаўся мастацкі пленэр “Пачаткі” – дзецішча настаяцеля парафіі, кс. Сяргея Сурыновіча, аматара жывапісу, мара якога – стварыць у Друі галерэю сучаснага мастацтва, працы якой не саступалі б па насычанасці і экспрэсіі сталічным арт-залям.

У мінулым годзе, калі кс. Сурыновіч праводзіў пленэр упершыню, гутарка ішлася пра сітуацыйны праект. Цяпер жа відавочна – у Беларусі з’явіўся новы фестываль сучаснага жывапісу, канцэпцыя якога адраджае повязь Царквы і мастацтва, пераасэнсаваную ў свой  час мастакамі  Сярэднявечча.

Частка творцаў прыехала ў Друю ў другі раз, іншыя – упершыню. Маладыя мастакі, навучэнцы Акадэміі Мастацтваў, прайшлі “кастынг талентаў”, да якога далучылася маладая мастачка і арт-менеджэр Вольга Куваева, у творчасці якой асобнае месца займае сакральны накірунак.

Друя
Мастакі, – а іх больш за 30, сярод іх – Алесь Пушкін, Алесь Суша, Дзмітрый Сурыновіч – цягам тыдня будуць ствараць палотны аб Друі і святыні, багатых фарбамі і формамі  наваколлях і унутраных зрухах душы, якая занурылася на час пленэру ў незвычайны свет, прасякнуты атмасферай суіснавання хуткаплыннага і адвечнага.

Друя
Мастакі пачалі прыязжаць у Друю яшчэ ранкам 16 ліпеня і ўжо ўвечары частка з іх усамотнілася ў абраных месцах, пакінуўшы ў пакоях-келлях рэчы і рыштунак. Афіцыйнае адкрыццё пленэру адбылося 17 ліпеня падчас набажэнства на адкрыццё пленэру, якое здзейніў госць – Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Кіраўнік Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы атрымаў у падарунак палатно славутага мясцовага мастака Яна Рыдзікі, а кс. Сурыновіч –  працу Алеся Пушкіна. Дорачы сваю карціну – друйскі краявід, напісаны ў 18 гадоў, калі будучы мэтр упершыню патрапіў у Друю, – мастак апавядаў пра постаць святара і перакладчыка Бібліі кс. Уладзіслава Чарняўскага. Юнацтва кс. Чарняўскага прайшло ў мурах друйскага кляштара, пад апекай манаха-марыянаў, – і маладым чалавекам у Друю патрапіў сам Пушкін. Цяпер Алесь Пушкін працуе ў sanctum sanctōrum кс. Чарняўскага – бярэ ўдзел у рэстаўрацыі касцёла ў Вішнева, глыбынна ўваходзячы ў спадчыну святара.

Друя
Яшчэ адну слынную постаць, крокі якой памятаюць друйскія муры, уваскрасіў перад слухачамі бард Арцём Сітнікаў, выканаўшы песню на словы святара Язэпа Германовіча – асветніка і беларусізатара, аднога з волатаў “марыянскага адраджэння” у Друі у першай палове мінулага стагодддзя.

Парафіяльны скрыпічны ансамбль, якім кіруе праваслаўная настаўніца Валянціна Казакевіч, мэта якой – навучыць сапраўднаму музычнаму майстэрству вясковых дзяцей, у тым ліку, сіротаў з дзіцячага дома, – нагадаў пра ўрост друйскага кляштара сваеасаблівым чынам, падрыхтаваўшы новую музычную праграму, складзеную з твораў XVI-XVII стагоддзяў.

“Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах – дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва перспектываў мастоў, пошук агульнай гамы, дэталізацыя адценняў сугучча і сумоўя”, – апавядае пра сваю задуму кс. Сяргей Сурыновіч.

Урачыстае закрыццё пленэра і вернісаж адбудуцца 24 ліпеня ў 10.00 пры ўдзеле біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі