Разбуральнікі міфаў: Торвальд Падарожнік і хрышчэнне Полацка

торвальд

Ісландзец Торвальд Кодрансан – адзін з трох першых вядомых хрысціян у Беларусі разам з княгіняй Рагнедай Рагвалодаўнай (у манастве Анастасія) і яе сынам князем Ізяславам Уладзіміравічам. Яго асоба вельмі важная для разумення працэсаў у гісторыі краіны ў цэлым і Полацкага княства ў прыватнасці. Разам з тым яго постаць даволі моцна міфалагізаваная, прычым у значнай ступені ў апошнія дзесяцігоддзі.

З прычыны гэтых міфаў некаторыя нават збіраліся святкаваць сёлета 1030-годдзе хрышчэнне Торвальдам Полацкай зямлі. Менавіта такая версія, што Торвальд прыбыў у Полацк у 986 годзе і хрысціў яго за два гады да хрышчэння Русі,  прысутнічае ў раздзелах Вікіпедыі на беларускай мове класічным правапісам, на рускай і латышскай мовах, а праз гэта – і ў іншых крыніцах. Мяркуючы па ўсім, першакрыніца гэтых звестак – артыкул Андрэя Катлярчука “ТОРВАЛЬД Вандроўнік : Ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі”. Менавіта тут паведамляецца, што “ў 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак”, дзе “адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысьціянінам Улавам Трыгвасанам (969-1000)”. У Полацку ён быў намеснікам манастыра святога Яна і, магчыма, памёр падчас нападу кіеўскага князя Уладзіміра.

“Такім чынам хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся не ў 988, але ў 986 годзе. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі зьвесткі пра гэта, нажаль, не захаваўся. Як вядома ў 18 ст. зь ім працаваў расейскі гісторык Тацішчаў, але потым гэты летапіс зьнік. Верагодна па загаду Кацярыны II, бо зьвесткі гэтага летапісу супярычылі афіцыйнай канцэпцыі расейскай гісторыі. У гэтай канцэпцыі забойца і гвалтоўнік Уладзімер быў “сьвятым”, “Владимиром Красное солнышко””, – робіць выснову аўтар, адсоўваючы на два гады раней хрышчэнне беларускіх земляў і пазбаўляючы яго сувязі з кіеўскім князем Уладзімірам, які раней Полацк захапіў.

Паспрабуем разгледзіць гэтыя міфы на падставе скандынаўскіх крыніц – “Пасмы пра Торвальда Вандроўніка”, “Сагі пра хрост Ісландыі” і ўрыўку “Пра сустрэчу Торвальда з Олавам Тругвасанам”, на якіх і будуюцца звесткі пра ісландскага вікінга-прапаведніка (варта ўлічваць, што і ў гэтых крыніцах можа змяшчацца легендарны матэрыял і перабольшванні значнасці некаторых падзей).

Для пачатку ўзгадайма сціслую біяграфіюТорвальда. І так, ураджэнец Ісландыі Торвальд сын Кодрана прыбыў у Данію, дзе далучыўся да дружыны будучыга дацкага караля Свена Вілабародага. Браў актыўны ўдзел у яго паходах і пры гэтым вызначаўся надзвычайнай міласэрнасцю і дабрынёй. Праз пэўны час ён прыбыў у Саксонію, дзе прыняў хрост і ўгаварыў мясцовага біскупа паехаць з ім у Ісландыю, каб ахрысціць сваякоў Торвальда. У Ісландыю яны прыбылі ў 981 годзе, актыўна прапаведавалі па ўсёй краіне, але, зазнаўшы пераслед, былі вымушаныя праз чатыры гады пакінуць востраў. Затым ён накіраваўся ў падарожжа да Ерусаліму, сустрэўся з візантыйскім імператарам і як яго прадстаўнік накіраваўся на Русь, дзе і памёр каля Полацку, заснаваўшы там манастыр. У гэтым інфармацыя Андрэя Катлярчука не супярэчыць звесткам з сагаў, але ў дэталях узнікаюць праблемы.

торвальд2Пачнем з таго, што разгледзім інфармацыю Андрэя Катлярчука пра тое, што ў Полацку нібыта адбылася сустрэча ісландца “зь іншым вікінгам-хрысьціянінам Улавам Трыгвасанам” – будучым каралём Нарвегіі. Паводле ўрыўка “Пра сустрэчу Торвальда з Олавам Тругвасанам”, сустрэча адбылася (калі яна сапраўды адбылася) да таго, як Торвальд паехаў у Міклагард – Канстанцінопаль і адпаведна да таго, як ён прыбыў у Полацк. Але ўжо пасля ўцёкаў Торвальда з Ісландыі. У Ісландыі ж Торвальд знаходзіўся чатыры гады з 981 года, пасля чаго з’ехаў у Нарвегію і заняўся гандлем. Гэта значыць, што сустрэча не магла адбыцца раней за 985 год.

Ва ўрыўку адзначаецца, што сустрэча Торвальда і Олава адбылася, калі апошні ў складзе войска польскага князя ўдзельнічаў у вайне імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі Отана з паганцамі Даніі, да якой далучылася таксама славянскае паўстанне люцічаў і бодрычаў. Паўстанне пачалося ў 983 годзе і з 985 года імперскія і польскія князі штогод рабілі паходы на паўсталых славян. Верагодна, што ў адным з такіх паходаў і адбылася сустрэча Торвальда і Олава. Нельга выключаць, што Торвальд асабіста прымаў удзел у падаўленні паўстання паганцаў-славян, якое суправаджалася разбурэннем кляштараў і касцёлаў. Паколькі Олаў неўзабаве пасля смерці жонкі, з якой быў жанаты тры гады, пакінуў Польшчу і направіўся з паходамі на землі фрызаў і саксонцаў, найбольш верагодная дата сустрэча – 985-986 гады. І адбылася яна на тэрыторыі сучаснай усходняй Нямеччыны.

Больш за тое, на той момант Олаў Тругвасан не быў хрысціянінам (хрост ён прыняў падчас аднаго са сваіх пазнейшых паходаў), а значыць, памылковае і сцвярджэнне, што сустрэча была сустрэчай двух вікінгаў-хрысціянаў. Гэтая акалічнасць перадаецца і ва ўрыўку, дзе Олаў кажа пра Ісуса Хрыста як пра Бога Торвальда, але не свайго (“свайму Госпаду”, “твайго Бога”), і просіць ісландца распавесці пра Яго і Яго цуды.

Але ж міф пра час і месца сустрэчы Торвальда з Олавам – гэта толькі маленькая частка нашмат большага міфу, які кажа пра тое, што менавіта выхадзец з Ісландыі хрысціў Полацк і зрабіў гэта ў 986 годзе. Але ж чыста фізічна яму было вельмі складана патрапіць на беларускія землі ў гэтым годзе.

Бо ў Полацк ён адправіўся далёка не адразу пасля ўцёкаў з Ісландыі. Спачатку ён пасяліўся ў Нарвегіі, адкуль пачаў ездзіць у гандлёвыя паездкі. І ўжо адтуль, магчыма, яшчэ ўзяўшы ўдзел у падаўленні паўстання славянскіх паганцаў ці прынамсі завітаўшы ў той рэгіён, паводле “Пасмы пра Торвальда…”, ён скіраваўся ў Ерусалім, каб пабачыць святыя мясціны. Затым “аб’ездзіў ўсю Грык’ярыку (Візантыю) і прыехаў у Міклагард (Канстанцінопаль)”, а адтуль пасля сустрэчы з імператарам скіраваўся на Русь. Даволі вялікае падарожжа, каб учыніць яго ў Х ст. за адзін год.

Але ж “Сага пра хрышчэнне Ісландыі” дадае больш дакладнасці: сваё падарожжа Торвальд пачаў у 1000 годзе – у год, калі хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй Ісландыі, а таксама знік ужо вядомы нам нарвежскі кароль Олаў Тругвасан. Менавіта ў канцы гэтага года ён сустрэўся з іншым хрысціянскім прапаведнікам у Ісландыі Стэўнірам Торгільсанам, які таксама мусіў пакінуць родную краіну. “Яны разам падарожнічалі па свеце, даехалі да Ерусаліма, а адтуль паехалі ў Міклагард, а потым у Кэнугард (Кіеў), што ляжыць на ўсходзе за Дняпром”. Памёр жа Торвальд у Полацку, тады як яго спадарожнік накіраваўся ў Данію. Хутчэй за ўсё, у Полацку ён быў не раней за 1002-1003 год – прыкладна праз 15 гадоў пасля хрышчэння Русі кіеўскім князем Уладзімірам. Так што казаць пра тое, што менавіта ён хрысціў Полацк, не даводзіцца.

Спрэчным застаецца і заява Андрэя Катлярчука пра тое, што “Торвальд застаўся намесьнікам створанага ім кляштара Сьв. Яна”. Увогуле невядома, ці прымаў ён манаства, каб быць намеснікам манастыра. У часы жыцця ў Ісландыі ў яго былі і жонка, і дзеці, але больш інфармацыі пра іх няма. Актыўнае падарожжа Торвальда па Блізкім Усходзе і Усходняй Еўропе каля 1000 года можа сведчыць, што сямейныя абавязкі на той час яго не абцяжарвалі. У выпадку смерці жонкі, ён цалкам мог прыняць манаства.

Пра гэта ўскосна сведчыць і інфармацыя з “Пасмы…”, “Сагі…” і ўрыўку. Паводле іх, Торвальд заснаваў у Полацку “цудоўны” манастыр каля царквы святога Яна, “перадаў яму ўсю сваю маёмасць” і “далучыў да яго многія землі”. У гэтым манастыры ён і “скончыў свой век у дабрачынным жыцці” і быў пахаваны. “Гэтая мясціна з тых часоў носіць яго імя – манастыр Торвальда”, а “яго там лічаць святым”.

Невядома нічога і пра тое, ці меў ісландзец святарскі сан. У любым разе яшчэ ў Ісландыі ён, нягледзячы на адсутнасць сану, актыўна прапаведаваў, выступаў на сходах і навяртаў многіх паганцаў. А гэта значыць, што і ў Полацку ён мог актыўна займацца місіянерствам, нават не будучы святаром ці манахам.

І памёр Торвальд з улікам будаўніцтва манастыра і наступнага “дабрачыннага жыцця” прыкладна каля 1005 года, а не каля 1000 года, як піша Катлярчук. Верагоднасць жа того, што “скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму гораду войскамі вялікага князя Ўладзімера – ворага полацкай дзяржавы” падмацаванняў якіх-небудзь у сагах, ці летапісах не знаходзяць. “Пасма пра Торвальда…” сцвярджае, што сваё жыццё ён скончыў у манастыры.

Напрыканцы разгледзім яшчэ іншых асобаў, з якімі паводле Андрэя Катлярчука, сустракаўся Торвальд. І так, згодна з ім, у Канстанцінопалі ён сустракаўся з імператарам Васілём ІІ Балгарабойцам і патрыярхам Мікалаем ІІ Хрысавергам, а ў Полацк быў накіраваны да князя Рагвалода, разам з якім загінуў пры захопе Полацка князем Уладзімірам, які пры гэтым згвалтаваў і Рагнеду.

Аднак, версія пра тое, што захоп Полацку адбыўся ў 1000 годзе, цалкам супярэчыць агульнапрынятай гістарыяграфіі. Паводле яе, Полацк быў захоплены ў 980 годзе (як варыянт называюцца таксама даты 976 і 978), а гэта значыць яшчэ да таго, як Торвальд прыбыў прапаведаваць хрысціянства ў Ісландыю.  Больш за тое, у 1000 годзе памерла ўжо сама Рагнеда, а ў 1001 годзе – яе сын ад Уладзіміра, полацкі князь Ізяслаў. І ўжо тым больш не мог ён сустракацца ў Полацку з Олавам Тругвасанам пасля гібелі таго ў 1000 годзе.

Што тычыцца ўдзельнікаў візантыйскай сустрэчы, то ў 1000-1002 гадах імператарам па-ранейшаму быў Васіль ІІ Балгарабойца, а вось патрыярхам – Сергій ІІ Студыт. Праўда, у скандынаўскіх крыніцах не ўзгадваецца сустрэча з патрыярхам, толькі з імператарам.

Такім чынам, створаныя Андрэем Катлярчуком міфы, якія мусілі паказаць першаснасць хрышчэння Полацку перад Кіевам і ўзвысіць беларускае княства на новыя вяршыні, аказаліся ў значнай ступені непраўдзівымі.

Разам з тым развенчванне міфаў ніякім чынам не змяншае важнасць Торвальда Кодрансана ў гісторыі Беларусі як аднаго з першых вядомых па імю хрысціянаў Беларусі, выбітнага і шанаванага прапаведніка ды заснавальніка аднаго з першых манастыроў у Беларусі. Не змяншае гэта і значнасці Полацка як горада, які мала чым саступаў Кіеву і Ноўгараду.

Максім Гацак

Крыніцы:

1. Сага о крещении Исландии

2. Прядь о Торвальде Путешественнике

3. Сага об Олаве сыне Трюггви

4. Андрэй Катлярчук. ТОРВАЛЬД Вандроўнік : Ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі