Торвальд Вандроўнік у Канстанцінопалі. Што рабіў ісландзец у Візантыі?

константинополь

Адным з ключавых момантаў сучаснага міфу аб “Торвальдзе-хрысціцелі Полацку” ёсць згадка аб ягоным знаходжанні ў Канстанцінопалі ды нейкім дыпламатычным “даручэнні да рускіх князёў”. Менавіта гэты факт падаецца як прамы доказ дабраслаўлення Торвальда на місію па хрысціянізацыі Кіеўскае Русі агулам ды Полацка ў прыватнасці. Але, па нашым меркаванні, гісторыя знаходжання ісландца ў Канстанцінопалі, у тым выглядзе, у якім яна сёння падаецца, выклікае шэраг пытанняў, якія мы паспрабуем акрэсліць у дадзеным паведамленні.

Торвальд Вандроўнік – дыпламат?

На нашу думку, найбольш супярэчлівым фактам міфу аб Торвальдзе Вандроўніку ёсць сцверджанне аб нейкай сур’ёзнай дыпламатычнай місіі да князёў Кіеўскае Русі, якую даручыў яму імператар Візантыі. Бо Торвальд ніколі не згадваецца як адзін з конунгаў або з тых, хто займаў нейкае асаблівае месца ў ісландскай іерархіі. Ён таксама не быў прадстаўніком нейкага караля, а проста служыў у біскупа, потым наведваў святыя мясціны ды займаўся гандлем [1].

Больш таго, вандраванне Торвальда ў Канстанцінопаль ды наогул у Візантыю не было выключнай падзеяй для жыхароў Скандынавіі. Так, калі разглядаць старажытныя руны, Візантыя згадваецца надзвычай багата (32 выпадкі). Дастаткова сказаць, што Кіеўская Русь, якая сама з’яўлялася мэтай паходаў, а таксама служыла транзітнай тэрыторыяй для тых скандынаваў, хто імкнуўся ў Візантыю, названая толькі ў 18 тэкстах, а Англія, значная частка якой была імі заваяваная, – у 28 [2, ст. 64-73]. Пры гэтым усталяванне сістэматычнага наведвання скандынавамі Візантыі прыпадае менавіта на апошнюю чвэрць – канец Х ст., а ў спісе іх найбольш вядомых прадстаўнікоў (з 970 па 1016 гады), Торвальда няма [3, ст. 59, 63].

Яшчэ больш сумнеўным нам падаецца факт надання Торвальду паўнамоцтваў менавіта для перамоў з князямі Кіеўскай Русі, як у святле датыроўкі Андрэя Катлярчука, так і Максіма Гацака.

Так, калі мы будзем кіравацца датыроўкаю А. Катлярчука, дык “У 986 – 987 г., заціснуты ў Еўропе балгарамі, а ў Азіі мяцежнікаў Вардай Фокай, Васіль II звярнуўся да Русі па ваенную дапамогу. Зварот Васіля было актам, падрыхтаваным папярэднімі дыпламатычнымі зносінамі”. А ўжо “ўвесну 988 г. (а можа быць, у канцы лета або восенню 987 г.) з Русі на дапамогу Васілю прыбыў 6-тысячны корпус. Улетку 988 г. рускія прымалі ўдзел у разгроме войскаў Фокі пад Хрысопалем”. [4, эл. вар.]

Такім чынам, на нашу думку, калі абапірацца на гістарычныя факты, Канстанцінопаль вёў прамыя перамовы з Кіевам ужо ад 984-985 гг., і ніякага сэнсу адпраўляць у Кіеўскую Русь з дыпламатычнаю місіяй нікому невядомага ісландца, як аб гэтым піша А. Катлярчук, не было. Яшчэ менш верагодна падобная місія, у тым ліку і рэлігійная, у Полацку, якім ад 970 да 988 гг. кіраваў дасланы кіеўскім князям намеснік.

Нават калі гіпатэтычна прыняць гіпотэзу, што Торвальд нейкім чынам браў удзел у перамовах Кіева і Канстанцінопаля 984 (5) – 988 (9) гадоў, аб чым няма ніякіх ведамасцяў, дык канечным месцам ягонай вандроўкі мусіў быць Кіеў, але ніяк не Полацак. І дазвол на хрысціянізацыю Полацка Торвальд мусіў атрымаць у Кіеве.

Таксама няма ніякіх гістарычных згадак, апрача слоў А. Катлярчука, што Торвальд Вандроўнік меў нейкую сустрэчу з Канстанцінопальскім Патрыярхам.

Калі ж мы возьмем за аснову датыроўку М. Гацака, дык падзеі адбываліся ўжо пасля 988 (989) года. На той час Кіеўскі князь Уладзімір быў жанаты з сястрой канстанцінопальскага імператара Ганнай, а хрысціянства тут было афіцыйным дзяржаўным веравызнанням. Адпаведна неабходнасць у Торвальдзе, як і ў іншых замежных пасрэдніках, для кантактаў з княствамі Кіеўскай Русі, як свецкіх, так і рэлігійных, ужо проста адпала.

Усё вышэй выкладзенае дае нам зрабіць папярэдні вывад: Торвальд не быў дыпламатычным прадстаўніком Візантыі (як свецкім, так і рэлігійным).

Торвальд – вайсковы наёмнік?

Даследуючы магчымыя падставы прыезду скандынаваў у Візантыю, апрача гандлю і дыпламатычных місій, мы сустрэлі і згадку аб адмысловых наёмніках з ліку вікінгаў (Τάγμα των Βαράγγων, Βάραγγοι), якія служылі ў войску Візантыйскай імперыі з Х ст. [5, ст. 55-58]. Пры гэтым ужо з 980 г. з скандынаваў пачынае фармавацца адмысловая імператарская гвардыя (ἑταιρεία ), якая замяніла армянскіх целаахоўнікаў [3, ст. 64-65]. Гэта былі адборныя або палацавыя варагі, яны стаялі ля імператарскага трона і ішлі за імператарам падчас выхадаў [6, ст. 41].

Асабліва цікавым у сувязі з датыроўкаю жыцця Торвальда нам падаецца гісторыя падаўлення Візантыйскім імператарам Васілём ІІ бунту Варды Фокі, які меў месца ў 987-989 гадах, калі з варагаў (тут маецца на ўвазе як скандынавы, так і славяне) быў сфармаваны асобны атрад у шэсць тысяч чалавек. Паводле гісторыка другой паловы XI стагоддзя Міхаіла Псела, «цар Васіль асуджаў няўдзячных рамеяў, і паколькі незадоўга перад тым з’явіўся да яго атрад адборных варажскіх воінаў, затрымалі іх у сябе, дадаў да іх іншых чужаземцаў і паслаў супраць варожага войска» [7, ХІІІ]. Пры гэтым частка гісторыкаў сцвярджае, што гэты атрад пераважна складаўся з скандынаваў або яны былі касцяком гэтага атрада.

Таксама вядома, што служба скандынаваў у асабістай гвардыі (ахове) імператара добра аплачвалася. Цалкам магчыма, што ім нават давалася права збіраць нейкі адмысловы падатак, што, паводле Сноры Стурлусана, было крыніцай вялікага багацця Харальда Суровага.

Усе пералічаныя факты далі нам магчымасць акрэсліць пошукі дадзеных аб Торвальдзе ў часе яго знаходжання ў Канстанцінопалі двума кірункамі: царавання імператара Васіля ІІ Балгарабойцы ды варагамі на імператарскай службе. І тут, дзякуючы доктару Івану Стаянаву з Балгарыі, мы знайшлі згадку аб нейкім Торвальдзе (?) (Θόρβαλντ) менавіта ў манаграфіі аб імператары Васілі ІІ. Распавядаючы аб тым, што ў часе гэтага імператара “ўступны ўнёсак для прыёму ў варажскую стражу”, верагодна за ўсё, быў адменены, аўтары згадваюць нейкага “Θόρβαλντ”, які яго ўжо не плаціў. Пры гэтым датыроўка кажа: дадзены выпадак быў не раней 987 і не пазней 1002 года [8, ст. 92].

На наш погляд, абапіраючыся на выкладзеныя вышэй факты, можна высунуць гіпотэзу, што Торвальд Вандроўнік прыбыў да Канстанцінопаля для ўступу ў імператарскую гвардыю (ἑταιρεία). Паколькі варагам добра плацілі, дадзеная гіпотэза тлумачыць наяўнасць у яго статкаў, якія дазволілі выступіць фундатарам манастыра ў Полацку. Таксама можна дапусціць, што мэтай ягонага апошняга вандравання было адшукаць новых добрых наёмнікаў для імператарскай гвардыі. Калі мы гэта прымаем як версію, робіцца зразумелым і ліст імператара – пацверджанне паўнамоцтваў Торвальда ў справе вярбоўкі ды гарантавання аплаты (цалкам магчыма, і выдаткавання яму коштаў на вандраванне і аванс завербаваным воінам).

Што датычыцца менавіта Полацку, дык, па нашым меркаванні, ён, хутчэй за ўсё, не быў канчатковай мэтай падарожжа Торвальда. Карыстаючыся датыроўкаю Максіма Гацака [1], якая падаецца нам больш дакладнаю, можна толькі высунуць гіпотэзу, што канечнай кропкай ягонай апошняй вандроўкі была адна з скандынаўскіх краін. Але ў 1000 годзе да ўлады ў Нарвегіі прыйшоў Эрык Хакансан у якасці намесніка дацкага караля Свэна Вілабародага. І хаця Эрык Хакансан быў фармальным хрысціянінам, але ён не перашкаджаў жорсткаму пераследу хрысціян язычнікамі. Таму магчыма, што Торвальду было проста небяспечна туды павяртацца. Знайшоўшы ў Полацку хрысціянскі асяродак і прыязны народ, ён спыніўся ў горадзе, фундаваў манастыр, а пасля смерці быў пахаваны на хрысціянскіх могілках каля храму святога Яна Хрысціцеля.

Высновы

Па нашым меркаванні, знаходжанне Торвальда Вандроўніка ў Канстанцінопалі ды далейшае падарожжа ў Полацак аніяк не звязаныя: ані з нейкімі дыпламатычнымі місіямі, ані з справамі хрысціянізацыі. Карыстаючыся атрыманымі дадзенымі, зацікаўленым асобам патрэбна шукаць новыя даныя ў візантыйскіх дакументах ды хроніках, якія распавядаюць аб скандынаўскіх наёмніках у блізкім коле імператара Васіля ІІ Балгарабойцы. Але гэтыя дадзеныя, на наш погляд, наўрадці дапамогуць у кананізацыі Торвальда, аб якой ужо амаль сур’ёзна кажуць некаторыя асобы.

Спасылкі:

1. Максім Гацак. Разбуральнікі міфаў: Торвальд Падарожнік і хрышчэнне Полацка

2. Мельникова Е. Л. Скандинавские рунические надписи. Новые открытия и интерпретации. М., 2000.

3. Мельникова Е.Л., Петрухин В.Я. Скандинавы на Руси и в Византии в Х-ХІ вв. К истории названия варяг // Славяноведение. 1994. № 2.

4. История Византии. Т. 2. М., 1967.

5. Мохов А. С. Византийская армия в середине VIII – середине XI в.: Развитие военно-административных структур. Екатеринбург, 2013.

6. Скабаланович Н. А. Византийское государство и церковь в XI веке. Т. ІІ. Издательство Олега Абышко, 2004.

7. Михаил Пселл Хронография. М., 1996

8. Βασίλειος Β’ ο Βουλγαροκτόνος 958 – 1025. Αθήνα, 1968.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі