Рымашэўскі: улады губляюць давер базавага электарату

У Рагачове і Гомелі 25 ліпеня адбыліся пікеты і сустрэчы лідараў і прамоўцаў Правацэнтрысцкай кааліцыі (БХД, АГП, Рух “За Свабоду”) – Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Шарыпава, Дзяніса Дашкевіча і іншых – з мясцовымі жыхарамі.

“Людзі пазнаюць лідараў апазіцыі нават у такіх маленькіх гарадах, як Рагачоў. Усе яны незадаволеныя ўладай. Нават тыя, хто не падтрымлівае дэмакратыю, супраць арыентацыі на ЕС і настальгіруе па СССР. Лукашэнка страціў нават давер свайго базавага электарату. Нават гэтыя людзі сёння клянуць дзеючую ўладу”, – распавёў bchd.info сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што яго вельмі ўсцешыла тое, што людзі ведаюць мясцовых лідараў апазіцыі, у прыватнасці, прамоўцу БХД і журналіста з Рагачова Дзяніса Дашкевіча. “Падчас пікетаў людзі самі падыходзілі на нацыянальную сімволіку. Самае станоўчае – гэта тое, што на кожнай сустрэчы людзі не толькі ставяць подпісы ў падтрымку нашых прамоўцаў, але і далучаюцца да назірання і нават запісваюцца ў БХД. Абавязкова за 30-40 хвілін 1-2 чалавекі згаджаюцца прыйсці на нашы сустрэчы і далучыцца да працы. Краіна мяняецца”, – дадаў палітык.

“Людзі ахвотна ідуць на камунікацыі і гавораць, што перамены патрэбныя. Вельмі арганічна рэагуюць на лозунг, што ўладу трэба рэгулярна мяняць. За гэты час некалькі дзясяткаў чалавек падпісаліся. Я асабіста ўзяў некалькі кантактаў для супрацы з людзьмі, якія ўжо не хочуць сядзець на ўзбочыне дарогі, а хочуць быць удзельнікамі працэсу. Тут быў прадстаўнік яшчэ адной ініцыятыўнай групы. Яны сабралі больш за тысячу подпісаў выключна на вёсцы. Гэтыя людзі самі жывуць на вёсцы і засведчылі, што з 10 чалавек 9 ставяць подпісы менавіта за тых, хто ідзе не ад улады і гаворыць пра перамены. Значыць, і на вёсцы, якая заўсёды лічылася апірышчам улады, зараз нешта зрушылася. Як мінімум у Рагачоўскім раёне”, – адзначыў у каментары сайту ucpb.org лідар АГП Анатоль Лябедзька.

26 ліпеня Віталь Рымашэўскі наведвае Мазыр і Лельчыцы, дзе балатуецца прамоўца БХД Мікалай Чэчка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі