Гродзенскія праваслаўныя святары – выканаўцы «Магутны Божа» – выйшлі ў фінал TUT. BY

Дмитрий Павлюкевич
Праваслаўныя клірыкі з гродзенскага кафедральнага Пакроўскага сабора, – дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч, іерэі Аляксандр і Віктар Калацкія і Антон Федасееў 29 ліпеня ў Мінску сярод іншых фіналістаў атрымаюць узнагароду пераможцаў абвешчанага парталам TUT. BY конкурса дэкламацыі беларускай паэтычнай класікі.

Маладыя святары падрыхтавалі на конкурс твор Натальлі Арсенневай «Магутны Божа», зрабіўшы відэакліп, у якім чытаюць і спяваюць рэлігійны гімн беларусаў на беразе Нёмана ля гродзенскай Каложскай царквы.

У якасці ўзнагароды пераможцам конкурса партал TUT.BY назваў бібліятэчку з 30-і тамоў беларускай класікі. “Гэта стала галоўнай мэтай удзелу ў конкурсе: папоўніць нашу прыходскую бібліятэку. Што да верша, то мы яго нават не выбіралі, гэта было зразумела без абмеркавання, бо ён у кожным з нас. Думаю, што ўсе з духавенства на Гродзеншчыне ведаюць яго, і падчас нашага фэстывалю «Каложскі благавест» мы заўсёды спяваем «Магутны Божа». Асабіста я лічу гэты твор Наталлі Арсенневай гімнам Гродзенскай епархіі”, – апавядае дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч на Радыё “Свабода”.

Па словах дыякана Дзмітрыя, вялікае эмацыйнае ўздзеянне, якое зрабіў ролік на карыстальнікаў сацыяльных сетак, абумоўленае не толькі пранікнёным чытаннем, але і працай прафесіяналаў – актораў гродзенскага Тэатра лялек Таццяны Еўтух і Аляксандры Літвінёнак.

Гаворачы пра шквал падтрымкі, якую здабыў ролік, дыякан Дзмітрый падкрэслівае, што “найбольшую ўдзячнасьць пачуў нават у самых аддаленых нашых прыходах, калі і святары, і вернікі нават у маленькіх вёсачках, пабачыўшы наш відэаролік, дзякавалі, што мы выканалі гэты гімн на беларускай мове”.

Партал TUT. BY і выдавецтва «Папуры» атрымалі на конкурс звыш 100 відэаролікаў і вызначылі пяцёрку пераможцаў, сярод якіх і гродзенскія святары.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі