Мітрапаліт Кандрусевіч на Сусветных Днях Моладзі: У Царкве ёсць месца і Марыі, і Марце

СДМ
У Кракаве ў касцёле святога Максімільяна Кольбэ 29 ліпеня чарговую Святую Імшу для удзельнікаў Сусветных дзён моладзі ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліту Кандрусевічу саслужылі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Таксама ў СДМ удзельнічаюць дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У прывітальным слове да моладзі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі Папы Францішка, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі, паведамляе catholic.by.

Сярод двух тысячаў маладых людзей на Імшы маліліся беларускія валанцёры СДМ у адмысловых блакітных майках – у Кракаве дапамагае 41 беларускі валанцёр.

Разважаючы ў гаміліі пра фрагмент Евангелля, дзе гаворыцца ад прыходзе Ісуса ў дом Марыі і Марты – сясцёр уваскрошанага Ім Лазара – арцыбіскуп падкрэсліў: “Марта і Марыя – асаблівыя постаці. Як чытаем ва ўрыўку з Евангелля, адна з іх працуе, другая – слухае. Гэта нагадвае нам пра тое, што ў Каталіцкай Царкве ёсць месца як для малітвы, так і для працы. Працуючы, мы павінныя ўмець слухаць”.

Таксама арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на “смак хрысціянства”: “Варта заўжды сачыць за тым, каб не быць “штучнымі” хрысціянамі, а быць тымі, хто ў кожных абставінах свайго жыцця нясе хрысціянскае сведчанне”.

Падчас кожнай Святой Імшы для беларускіх удзельнікаў СДМ у касцёле святога Максімільяна Кольбэ гучыць гімн Сусветных дзён моладзі па-беларуску. Хлопцы і дзяўчаты з Беларусі не толькі падпяваюць асноўнаму хору, але і суправаджаюць спеў адмысловым танцам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі