Папа Францішак на СДМ – пошук цішыні і словы аб смерці і міласэрнасці

Папа
Папа Францішак, які бярэ ўдзел у Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве, ранкам 29 ліпеня ўзначаліў Святую Імшу ў Палацы кракаўскіх біскупаў, настояўшы, каб яна была прыватнай, без удзелу свецкіх вернікаў.

Удзел у Імшы ўзялі толькі жыхары будынка Кракаўскай курыі, бліжэйшыя супрацоўнікі Папы і прадстаўнікі Апостальскай нунцыятуры ў Польшчы. Пантыфік прыйшоў у капліцу раней за 7.00 і рыхтаваўся да Імшы ў цішыні. Падчас богаслужбы па прапанове Папы гамілія была замененая хвілінай маўчання і індывідуальнай медытацыяй над біблійнымі тэкстамі, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Паводле словаў намесніка прэс-сакратара Кракаўскай курыі кс. Пятра Студніцкага, пошук Папам цішыні мог быць звязаны з яго візітам у мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”, дзе ў сярэдзіне дня Папа Францішак ушанаваў памяць ахвяраў нацызму і сустрэўся з 15-ю вязнямі, якія выжылі ў Асвенцыме.

У Асвенцыме Папа Францішак маліўся ля растрэльнай сцяны, а пасля пакінуў у гасцявой кнізе музея запіс: “Госпадзе, будзь міласэрны да людзей тваіх. Госпадзе, даруй столькі жорсткасці”.

Сярод вязняў, з якімі сустрэўся пантыфік, была Хелена Дуніч-Нівінска – былая віяланчэлістка ў аркестры канцлагера. Цяпер ёй 101 год.

Сустрэча з малымі хворымі: “Падыйсці да кожнага як Хрыстос – з маўчаннем, пяшчотай і малітвай”

У другой палове дня пантыфік наведаў Універсітэцкі дзіцячы шпіталь у Кракаве, дзе сустрэўся з маленькімі пацыентамі, іх бацькамі і медыцынскім персаналам.

Папа
“Я хацеў бы застацца трохі з кожным хворым дзіцём, пры яго ложку, абняць іх адно за адным, хоць на імгненне, каб паслухаць кожнага з вас і разам памаўчаць перад безліччу пытанняў, на якія няма хуткіх адказаў”, – пракаментаваў пантыфік гэтую сустрэчу і нагадаў, што Хрыстос “падыходзіў да кожнага хворага з маўчаннем, пяшчотай і малітвай”.

Папа Францішак наведаў таксама маленькіх пацыентаў у Аддзяленні неадкладнай дапамогі, а пасля маліўся ў цішыні ў шпітальнай капліцы.

Адразу пантыфік накіраваўся на Кракаўскія лугі, каб узяць удзел у Крыжовым шляху з моладззю.

Прывітанне на Кракаўскіх лугах: “Міласэрнасць заўсёды мае маладое аблічча”

Афіцыйная сустрэча з моладдзю Папы Францішка адбылася напярэдадні, 28 ліпеня, на Кракаўскіх лугах. Цягам трох гадзінаў маладыя людзі з розных краінаў свету спявалі і танчылі, глядзелі кароткія фільмы, якія прэзентавалі супольнасці вернікаў.

Пантыфік прыехаў на афіцыйнае адкрыццё СДМ на трамваі разам з маладымі інвалідамі, пасля перасеў у папамабіль і праехаў на ім паміж сектарамі моладзі.

Падчас цырымоніі прывітання Папе Францішку падарылі выявы святых розных кантынэнтаў: святога Вінцэнта дэ Поль з Еўропы, Маці Тэрэзы з Азіі, святой Джузэпіны Бакіты з Афрыкі.

Папа
“Міласэрнасць заўсёды мае маладое аблічча”, – падкрэсліў Папа Францішак падчас сваёй першай прамовы да моладзі на Кракаўскіх лугах і нагадаў, што “напоўненае міласэрнасцю сэрца мае адвагу выйсці з зоны асабістага камфорту насустрач іншым. Міласэрнае сэрца здольнае стаць прытулкам для тых, хто ніколі не меў дому ці згубіў яго. Міласэрнае сэрца адкрываецца на прыняцце ўцекача і мігранта”.

Таксама Папа Францішак прызнаўся, што яму робіцца смутна, калі ён бачыць моладзь, “якая выйшла на пенсію раней адпаведнага часу, крочыць з панурым тварам, губляе жыццё і сілы, бегаючы за гандлярамі “фальшывымі ілюзіямі”.

Малітва аб памерлым графітысце СДМ

Пасля афіцынай цырымоніі Папа Францішак звярнуўся да моладзі з “Папскага акна” ў Палацы кракаўскіх біскупаў, заклікаўшы да малітвы за спачын душы памерлага 22-гадовага Мацея – аўтара большасці графічных дэкарацыяў асноўнай пляцоўкі СДМ.

Студэнт аддзялення графічнага дызайну Кракаўскага універсітэта памёр ад рака 2 ліпеня, да апошняга працуючы над дэкарацыямі СДМ, ствараючы выявы святых заступнікаў, сцягаў і іншыя шматлікія малюнкі, якія ўпрыгожылі Кракаў.

“Менавіта ў гэтай працы ён увасобіў сваю веру”, – сказаў пантыфік, дадаўшы: “Нехта з вас падумае: “Гэты Папа псуе вечар”. Аднак гэта праўда жыцця. Трэба прызвычайвацца да добрых і дрэнных рэчаў”. Галоўны выклік – выбраць правільны шлях у жыцці, як зрабіў гэты юнак. Вера хлопца прывяла яго на Неба”.

Наперадзе – абед з 12-ю маладымі людзьмі і споведзь

30 ліпеня пантыфік наведае санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, дзе прыме ўдзел у літургіі паяднання з моладдзю і будзе спавядаць пяцёх ўдзельнікаў СДМ на трох мовах – італьянскай, іспанскай і французскай.

У гэты ж дзень запланаваны абед Пантыфіка з арцыбіскупам Кракаўскім, у якім прымуць удзел перакладчык і 12 маладых людзей – прадстаўнікоў моладзі з розных краінаў, па адным хлопцы і адной дзяўчыне з кожнага кантынента, а таксама з хлопцам і дзяўчынай з Польшчы.

Увечары Папа Францішак возьме ўдзел у малітоўным чуванні моладзі ў кампусе Misericordia, пабудаваным адмыслова для СДМ.

31 ліпеня Папа Рымскі ўзначаліць галоўную Святую Імшу для пілігрымаў, на якой будзе абвешчаная наступная сталіца Сусветных дзён моладзі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі