Біскуп Кашкевіч у Кракаве на СДМ: Божая міласэрнасць запаліла ўвесь свет

Кашкевич
Увечары 30 ліпеня на Кракаўскіх лугах – галоўнай пляцоўцы Сусветных Дзён Моладзі – сотні пілігрымаў скіраваліся да кампуса «Misericordiae», дзе распачалося моладзевае чуванне з удзелам Папы Францішка.

Шматлікія пілігрымы нясуць з сабою спальнікі і карыматы, плануючы застацца на начным чуванні да раніцы. У іх ліку – вялікая група пілігрымаў з Беларусі на чале з кс. Антоніем Грэмзам. Перад выхадам у кампус пілігрымы сабраліся на заключную Святую Імшу для беларусаў у касцёле святога Максімільяна Кольбэ, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе catholic.by.

Таксама ўдзел у СДМ бяруць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Аляксандр Кашкевіч, Антоній Дзям’янка, Казімір Велікаселец, Юзаф Станеўскі.

«Гледзячы на шматлікіх пілігрымаў з розных кантынентаў, шчырых у сваёй радасці, я ўсвядоміў, наколькі цудоўным з’яўляецца час, які я магу назіраць – час, калі Божая міласэрнасць запаліла ўвесь свет», — кажа біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Буткевич
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўдзельнічае ў СДМ упершыню ў жыцці, дадае: «Вельмі цешыць, што шмат моладзі прыехала ў Кракаў з Беларусі. Гэта добры знак, які паказвае, што на нашай зямлі, пацярпелай ад атэізму, моладзь з’яўляецца парасткам веры. Для Бога няма нічога немагчымага – хто ведае, магчыма, калі-небудзь СДМ могуць прайсці і ў Беларусі. Гэта залежыць ад Бога, ад нашага жадання і ад нашай малітвы».

“Маю надзею, што праз весялосць моладзь не забываецца на малітву і руплівасць ва ўзрастанні веры і адданасці Касцёлу і Богу», – кажа біскуп Юзаф Станеўскі, які суправаджае моладзь з моманту адпраўлення адмысловага цягніка «Гродна-Кракаў».

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч бярэ ўдзел у СДМ дзевяты раз у жыцці: “Гэта не толькі сустрэча са Святым Айцом, але і сустрэча з аднагодкамі з усяго свету. І ў гэтым перасячэнні сусветных культур, моваў і традыцыяў і выяўляецца паўсюднасць Каталіцкай Царквы».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі