Пантыфік у Кракаве да святароў: Не зачыняйцеся ў сваім асяродку!

Краков

Папа Францішак 29 ліпеня ў межах візіта у Польшчу на Сусветныя Дні Моладзі 30 ліпеня ўзначаліў адмысловую Святую Імшу для святароў, манахаў і манахіняў, а таксама семінарыстаў, у санктуарыі святога Яна Паўла ІІ у Кракаве.

У гаміліі пантыфік нагадаў, што Хрыстос ад самага пачатку жадаў, каб Царква не была закрытыя ў сабе, а йшла ў свет, наследуючы Яго прыклад: быць не панам, а слугой. Гэта пакліканне, паводле словаў Папы Францішка, тычыцца і сучасных вучняў Хрыста, дадаўшы, што “святары і кансэкраваныя асобы нярэдка сустракаюцца са спакусай сканцэнтраванасці на сабе ці закрытасці ў сваім асяродку. Гэта адбываецца або па прычыне страху, або з-за жадання камфорту”, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Папа Францішак заклікаў святароў пазбягаць сітуацыяў, калі наваколле імкнецца “паставіць вас у цэнтр, не імкнуцца да хісткіх п’едэсталаў улады, не прывязвацца да камфорту, які аслабляе евангелізацыю, не губляць часу на праектаванне бяспечнай і добра забяспечанай будучыні, каб не стаць ізаляванымі і смутнымі, закрытымі ў вузкіх сценках безнадзейнага і бязрадаснага эгаізму”.

Пасля Святой Імшы Папа Францішак накіраваўся ў Кракаўскую курыю на абед з 13-ю юнакамі і дзяўчатамі з усіх кантынентаў.

Восем маладых удзельнікаў СДМ паспавядаліся пантыфіку

Ранкам Папа Францішак наведаў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, дзе маліўся ля рэліквіяў святой Фаўстыны Кавальскай у кляштары кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці.

Краков
“Нават калі адчуеш уласную слабасць, прыніжэнне грахом і падзеннем, Ён менавіта там цябе чакае і працягвае руку”, – звярнуўся Папа да манахіняў, напісаўшы пасля ў кнізе ганаровых гасцей словы з прарока Осіі – “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”.

Пасля Папа Францішак накіраваўся ў базыліку Божай Міласэрнасці, дзе звярнуўся да шматлікіх вернікаў з кароткай імправізаванай прамовай: «Сёння Гасподзь хоча яшчэ мацней явіць Сваю вялікую міласэрнасьць. Нават калі мы лічым свае грахі і няўдачы самымі горшымі, ды не адступiмся ніколі ад Ісуса. Менавіта так мы аддамо перавагу Госпаду; менавіта так распаўсюджваецца Яго міласэрнасць. Скарыстаемся ж гэтым днём, каб кожны з нас здабыў міласэрнасць Хрыста. Памолімся разам Маці Міласэрнасці».

У базыліцы пантыфік спавядаў восем маладых удзельнікаў СДМ з розных кантынентаў.

Беларусы правядуць з Папам начное чуванне

Увечары на Кракаўскіх лугах сотні пілігрымаў накіраваліся да кампуса «Misericordiae», дзе ўвечары распачнецца моладзевае чуванне з удзелам Папы Францішка.

Многія нясуць з сабою спальнікі і карыматы, плануючы застацца на начным чуванні да раніцы. У іх ліку – вялікая група пілігрымаў з Беларусі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі