Пра Полацкі манастыр Торвальда і загадку “Дроўна”

Полоцк

Адной з загадак, звязаных з жыццём ісландскага вікінга-прапаведніка Торвальда Вандроўніка ў Беларусі, з’яўляецца заснаванне ім, паводле сагаў, манастыра святога Яна Хрысціцеля. Цалкам верагодна, што сам манастыр ён не засноўваў, а проста быў адным з яго галоўных фундатараў, пра што ўскосна сведчаць і самі сагі, паводле якіх ісландзец “перадаў яму ўсю сваю маёмасць” і “далучыў да яго многія землі”.

У любым разе застаецца адкрытым пытанне, дзе ж знаходзіўся гэты манастыр. Паводле запісанай у першай палове XIII стагоддзя “Пасмы пра Торвальда Вандроўніка”, ён заснаваў на Русі “цудоўны манастыр побач з царквой, якая была асвечаная ў гонар Яна Хрысціцеля”, і там жа быў пахаваны. “Манастыр стаіць пад высокай гарой, якая называецца Дроўн (Dröfn)”, — гаворыцца ў Сазе.

“Сага пра хрышчэнне Ісландыі”, якая датуецца таксама першай паловай XIII стагоддзя, удакладняе гэтую інфармацыю: Торвальд памёр каля горада Полацку і быў пахаваны ў гары ля царквы Яна Хрысціцеля. “Там ён пахаваны на высокай гары уверх па Драўне (Drafne) каля царквы Яна”, — прыводзіць у дадатак аўтар сагі словы Бранда Падарожніка.

Але ж дзе знаходзіцца гэтая Dröfn/ Drafne? Таццяна Джаксан мяркуе, што пад тапонімам варта разумець раку, і лакалізуе месца пахавання Торвальда ў ваколіцах Браслава, дзе сканцэнтравана некалькі падобных назваў: возера Дрывяты, Дрысвяты, Дэрба, рака Друйка, а таксама на адным з азёраў ёсць востраў з назвай Манастыр. Не выключаецца і магчымасць пахавання Торвальда на беразе возера Дэрба паблізу гарадзішча ХІ-ХІІІ стст. каля вёскі Масковічы, дзе некалькі стагоддзяў жылі вікінгі.

У той жа час іншыя даследчыкі звязваюць дзейнасць Торвальда з Полацкам, прыводзячы ў пацверджанне сваіх слоў звесткі пра манастыр і царкву святога Іаана Прадцечы (Яна Хрысціцеля), размешчаных насупраць полацкага Верхняга замка, на Востраве. Лінгвіст Багдан Струмінскі мяркуе, што Dröfn/ Drafne перадае старажытнарускае слова «Травен» — «травяністы (востраў)», якім называўся полацкі Востраў. На падставе гэтага робіцца выснова, што Торвальд быў пахаваны ў Полацку на Востраве на Заходняй Дзвіне насупраць полацкага Верхняга замка, адзначае Марыя Самонава.

Увогуле манастыр Іаана Прадцечы адыгрываў даволі значную ролю ў гісторыі Полацкай зямлі. Пры гэтым некаторыя звесткі пра яго знаходзяць яўныя паралелі ў сагах. Гэтак, падложны “Запіс пра наданне князя полацкага Анофрыя Іванскаму Іаана-Прадцечанскаму манастыру бортных земляў і ўладанняў на рэках Сомніца, Ула і Нача”, які датуецца сярэдзінай-другой паловай XIV стагоддзя і на 100-150 гадоў маладзейшы за ўзгаданыя сагі, асобна вылучае і царкву, і манастыр: “оу нашемъ монастыри, в ц(е)ркви оу с(вя)того Иоан(н)а Пр(е)дт(е)чи на Острове”, “въ ц(е)рк(о)в с(вя)т(о)го Иоан(на) и в нашъ  монастырь”.

Георгій Штыхаў адносіць манастыр святога Іаана Прадцечы на Востраве да ліку адных самых старых у Полацку разам з Спаса-Ефрасіннеўскім і Багародзіцкім манастырамі. Паводле яго, некаторыя з яго пабудоў ужо маглі існаваць у XII стагоддзі. Больш за тое, раскопкі 1963 года ва ўсходняй частцы Вострава выявілі парэшткі збаноў і плінфаў XI-XIII стагоддзяў – гэта значыць, часу жыцця Торвальда.

Манастыр меў асаблівы статус, а ў XVI стагоддзі прынамсі два яго архімандрыты сталі полацкімі епіскапамі  — Місаіл у 1534 годзе і Арсень (Шышка) у 1562-1563 гадах. Манастыр валодаў значнай бібліятэкай, а яго настаяцель у 1508-1509 гадах браў удзел у Віленскім праваслаўным саборы.

Паводле Полацкай рэвізіі 1552 года, «манастыр Светого Ивана Предтечи на Острове» валодаў уладаннямі над ракой Улой, Начай, на азёрах Тураве, на Шолкаве, на Церабшове, на Свібле і на рацэ Ліёне.

Таксама ў Полацку знаходзілася  гародня (прастакутны драўляны зруб з бярвён ці брусоў, частка сцяны драўлянага замка) “святога Івана з Вострава”. Апроч таго, у горадзе быў асобны Астроўскі пасад. У ім “на земли манастырской Светого Ивана Прыдтеча» жыў 121 мяшчанін, якія плацілі на манастыр 7 коп 24 грошы і 5 пенязяў, а таксама 30 мяшчанаў на зямлі Васіля Картона.

На зробленых Янам Баптыстам і Станіславам Пахалавіцкім падчас Інфлянцкай вайны 1558-1583 гадоў картах Полацка, манастыра на востраве нябачна. Магчыма, ён прысутны ў верхнім левым куце нямецкай гравюры, якая паказвае аблогу Полацку. 20 студзеня 1582 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў уладанні Полацкіх манастыроў Полацкаму езуіцкаму калегіуму.

Сёння парэшткі манастыра і царквы Яна Хрысціцеля знаходзяцца на тэрыторыі Парку 50-годдзя савецкай улады, а сам востраў практычна зросся з берагам, супрацьлеглым таму, дзе знаходзіцца Полацкая Сафія. Пра тое, што гэта быў востраў, нагадвае толькі невялікі ручай, які ўпадае ў Дзвіну побач з мостам па вуліцы Багдановіча. Той факт, што сёння на тэрыторыі вострава знаходзіцца парк і няма забудовы, можа ў будучым дапамагчы археолагам знайсці парэшткі манастыра і царквы Святога Яна Хрысціцеля. Нават планы па яго добраўпарадкаванні, распрацаваныя ў адпаведнасці з Генпланам Полацка, пакуль не прадугледжваюць істотнага ўплыву на магчымасць пазнейшых археалагічных пошукаў.

Шукаючы ў Полацкай рэвізіі 1552 года інфармацыю пра манастыр святога Яна на Востраве, давялося напаткаць таксама назву “Островно”. У прыватнасці, узгадваюцца сяло Астроўна каля Язны (ст. 47, 76 і 77, магчыма, Мёрскі раён), двор Васіля Палупята Астроўна над Дзвіной, маёнтак Івана Нячая на Астроўне (160), таксама на Астроўне было два чалавекі, якія адносіліся да маёнтку Астафея Буцько (151), і адзін чалавек маёнтку Андрэя Міхайловіча (152).

Першапачатковая думка, што гэта адзін населены пункт, аказалася памылковай, бо спробы лакалізацыі паказалі, што гэта розныя вёскі і двары, раскіданыя па гістарычнай Полаччыне, у тым ліку на тэрыторыі сённяшняй Расіі. Увогуле, тапонім (пераважна гідронім) Астроўна пашыраны на гістарычных крывіцкіх землях – Віцебская і Гродзенская вобласці Беларусі, Пскоўская і Цвярская вобласці Расіі.

Тым не менш, сугучнасць “Астроўна” з Дроўн/Драўне (супольная карнявая частка “тровн/дровн”) навяла на думку, што невядомы скандынаўскі тапонім у Беларусі можа паходзіць ад слова Астроўна. Нельга выключаць, што так называўся які-небудзь з аб’ектаў на востраве, дзе стаялі манастыр і царква Іаана Прадцечы.

Цікава што, як адзначае Штыхаў, насупраць Вострава там, дзе зараз знаходзіцца Курган Бяссмерця, знаходзіўся высокі холм, на якім размяшчаўся яшчэ невысокі вал, што аддзяляў мыс ад напольнага боку і надаваў яму выгляд гарадзішча-прытулак. Каля гэтага халма раней размяшчалася курганная група, каля якой маглі быць пахаванні старажытных палачанаў. Гэта можа быць менавіта тая “высокая гара”, пад якой быў пахаваны Торвальд. На жаль, знайсці назву гэтага халма не ўдалося.

Таксама трэба ўлічваць, што назву вострава палачане прыдумалі не занадта мудрагелістую — Востраў (ніякі “Травен” у дакументах намі не зафіксаваны). Пры ўзгадцы ж манастыра і царквы Яна Хрысціцеля рэгулярна ў дакументах як XIV (“царква святога Іаана Прадцечы на Востраве”, “нашага манастыра Востраўскага”), так і XVI стагоддзяў (“святога Івана з Вострава”, “манастыр святога Івана Прадцечы на Востраве”) ужывалася ўдакладненне “на Востраве”. У сувязі з гэтым нельга выключаць, што “на Востраве” – гэта сталая назва манастыра і царквы, якая магла ўжывацца і ў XI-XII стагоддзях, калі Полацк наведаў Бранд Падарожнік, на якого спасылаецца аўтар “Сагі пра хрышчэнне Ісландыі”.

У такім разе полацкае “ц(е)рквь оу с(вя)того Иоан(н)а Пр(е)дт(е)чи на Острове” з улікам адлегласці і неразумення мясцовых рэалій магло ператварыцца ў ісландскае “háfjalle upp i Drafne at Joanskirkjo” (тут дадзеныя цытаты з дакументаў,  а не дакладны пераклад). У гэтым выпадку маем таксама супольную карнявую частку тров(трав)/дров (драв).

Тут варта працытаваць Таццяну Джаксан: “Спалучэнне upp í Drafne традыцыйна перакладаюць «зверху на Драўне», мабыць, зыходзячы з таго, што гаворка перад гэтым ідзе пра «высокую гару». У такім выпадку атрымліваецца, што Торвальд «пахаваны на высокай гары, уверсе на Драўне» [Сапуноў 1916, 22], або «на гары Dröfn», «але гара, імя якой было б падобна на «Dröfn», да гэтага часу не знойдзена» [Брым 1931, 218]. Аднак спалучэнне ў прыслоўі upp «ўверх» і прыназоўніка í «ў» рэгулярна выкарыстоўваецца для апісання руху па рэках і адносна марскіх узбярэжжаў у значэнні «ўверх па плыні» і «ў глыб краіны, мацерыка»”.

Даследчыца робіць выснову, што тут гаворка ідзе пра раку, але ж, магчыма, гаворка можа і ісці пра “ў глыб вострава”. Тады, таямнічае скандынаўскае Dröfn/ Drafne можа апынуцца простым беларускім “Востравам”. Але гэтае пытанне яшчэ патрабуе далейшай праверкі.

Максім Гацак

Фота Ціны Палынскай і wikimedia.com

Крыніцы і літаратура:

1. Варонін В. Полацкія манастыры // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005.

2. Джаксон Т. Н. Austr í Görðum: Древнерусские топонимы в древнескандинавских источниках. М., 2001

3. Древняя Русь в свете зарубежных источников: Хрестоматия / Под ред. Т. Н. Джаксон, И.Г. Коноваловой и А.В. Подосинова. Том V: Древнескандинавские источники. Сост. частей  VI, IX, X — Г. В. Глазырина; частей III, IV, V, VII, VIII, XI — Т.Н. Джаксон; частей I, II, XII — Е.А. Мельникова. — М.: Русский Фонд Содействия Образованию и Науке, 2009.

4. Обустройство Кургана Бессмертия

5. Полоцкая епархия // Русское православие

6. Полоцкая ревизия 1552 года / к изданию приготовил И. И. Лаппо. — Москва: издание Императорского Общества истории и древностей российских при Московском университете, 1905. — XXI, 236 с.

7. Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв. Вып. 1 / Сост. А.Л. Хорошкевич. – М.: Институт ис- тории СССР, 1977. – 42 с.

8. Прядь о Торвальде Путешественнике

9. Сага о крещении Исландии

10. САМОНОВА М.Н. Полоцк в русско-скандинавских связях IX–XIII вв. (по материалам древнескандинавских источников). // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 4 (91), 2015

11. Ткачев М.А. Замки Беларуси. – Мн.: Беларусь, 2002.

12. Штыхов, Г.В. Древний Полоцк (IX–XIII вв.). — Минск: Наука и техника, 1975.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі