Правацэнтрысты: апазіцыю на выбарах і відаць, і чуваць

lebedko_gubarevich_i_rymashevsky

Фарміраванне ўчастковых выбаркамаў паказала, што парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядаюць стандартам АБСЕ. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі 1 жніўня ў Мінску з удзелам лідараў правацэнтрысцкіх кааліцыі Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча і Віталя Рымашэўскага. У кааліцыю ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), рух “За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД).

Як адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі ўсёй выбарчай кампаніі. Паводле яго слоў, больш чым з 400 вылучаных у склад камісій прадстаўнікоў структур правацэнтрыстаў ва ўчастковыя выбаркамы ўключана 17 чалавек. “Правацэнтрыстаў ва ўчастковых камісіях няма. Мы не дапушчаныя да працэсу падліку галасоў”, – дадаў ён, перадае БелаПАН.

Па словах апазіцыйных палітыкаў, у камісіі ўвайшлі або работнікі дзяржпрадпрыемстваў, адпаведна, ва ўладаў ёсць рычагі ціску на іх, альбо тыя, хто “прадэманстравалі сваю мяккую пазіцыю” і каму “складана нават пэўную думку выказаць”. “Гэта пацвярджае яшчэ раз, што выбарчую кампанію цалкам вядзе КДБ, а Ярмошына толькі фармальны спікер гэтай кампаніі, які агучвае некаторыя пазіцыі”, – заявіў лідар АГП.

На канферэнцыі таксама было заяўлена, што сябры акруговых выбаркамаў аказваюць мэтанакіраваны ціск на найбольш моцных патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, трое з вылучаемых у парламент прадстаўнікоў АГП атрымалі папярэджанні за агітацыю на пікетах па зборы подпісаў. Так, Ганне Канапацкай, якая балатуецца ў Мінску па 97-ай Кастрычніцкай акрузе, далі папярэджанне за распаўсюд партыйнай візітоўкі, дзе няма ніякіх заклікаў, проста каардынаты партыі. «Прычым за пікет у той дзень, калі яна яго не выстаўляла. Мы лічым гэта абсалютна палітычна матываваным дзеяннем», – адзначыў ён.

Паводле яго, ціск аказваецца і на вылучэнцаў у рэгіёнах. Так, была звольненая загадчыца філіяла “Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я” Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея запаведніка Вольга Дамаскіна. Таксама ёсць «выбухная інфармацыя» з Бабруйска, дзе «сутыкнуліся з вельмі моцным мэтанакіраваным ціскам з боку КДБ», сказаў кіраўнік АГП.

У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў пра ціск на двух найбольш актыўных вылучэнцаў ад арганізацыі ў Мінску, Вольгу Кавалькову і Марыну Хоміч, якім таксама вынесеныя папярэджанні. “Сёння ўжо можна казаць проста пра напады членаў камісій на пікеты, на кандыдатаў. Камісіі дзейнічаюць цалкам як рэпрэсіўныя органы”, – заявіў ён.

Таксама папярэджанне акруговага выбаркама, ужо другое па ліку, атрымаў намеснік старшыні руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец за канцэрт на яго пікеце Лявона Вольскага.

Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ў цэлым кампанію ацэньвае станоўча. Правацэнтрысты правялі пікеты ў 32 населеных пунктах, іх вылучэнцы сабралі больш за 50 тыс. подпісаў, каля 90 актывістаў ад кааліцыі падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі. Паводле яго слоў, жыхары правінцыі сталі прыкметна больш крытычнымі да ўлады ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі – раней найбольшая падтрымка ў апазіцыі была ў Мінску, паведамляе TUT.by.

«Грань паміж сталіцай і рэгіёнамі сціраецца. Больш за тое, чым менш населены пункт, тым людзі больш крытычна настроены да ўлады, у першую чаргу з-за галечы. За рэдкім выключэннем мы назіралі станоўчае стаўленне да бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня»», – сказаў ён, заявіўшы, што ўлады зробяць усё магчымае, каб схаваць рэальныя лічбы вынікаў выбараў.

Анатоль Лябедзька сказаў, што правацэнтрысты сталі галоўным удзельнікам выбарчай кампаніі. Пры гэтым ён адзначыў пазітыўную рэакцыю грамадства на аб’яднанне арганізацый ўнутры Правацэнтрысцкай кааліцыі. Паводле яго слоў, адна з галоўных задач правацэнтрыстаў ў гэтай кампаніі – збіраць факты аб парушэннях.

Між тым першы намеснік кіраўніка руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў аб планах правацэнтрыстаў. Акцэнт падчас агітацыі будзе зроблены на правядзенне сумесных тэматычных пікетах, на якіх будуць падымацца праблемы адсутнасці свабоды слова, новых палітвязняў, ціску на іншадумцаў, пагаршэння эканамічнай сітуацыі. «Калі б выбары прайшлі свабодна, мінімум 20 нашых вылучэнцаў сталі б дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Яны адназначна мацней за сваіх праўладных канкурэнтаў на участках», – сказаў ён.

Паводле яго слоў, мэта ЦВК – зрабіць кампанію найменш заўважнай для грамадства і выбаршчыкаў, «загнаць яе ў глухі куток», каб пацвердзіць словы кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, «які казаў, што апазіцыю не відаць і не чуваць». Гэта відаць і па факце вынясення папярэджання Алесю Лагвінцу за канцэрт Лявона Вольскага на адным з яго пікетаў, лічыць Губарэвіч. «На самой справе апазіцыю і відаць, і чуваць», – сказаў на заканчэнне Губарэвіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі