У Парыжы падчас Імшы паліцыя вывалакла святара, каб знесці касцёл

парыж

У Парыжы 3 жніўня спецназ выправадзіў з касцёла Святой Рыты вернікаў, якія сабраліся там на знак пратэсту супраць зносу будынка. Размешчаны ў XV акрузе французскай сталіцы храм 1900 года планавалася знесці яшчэ ў кастрычніку мінулага года, каб на яго месцы ўзвесці паркінг і жыллё.

Касцёл быў пабудаваны на тэрыторыі, якая належыць Супольніцтву апостальскіх і каталіцкіх цэркваў, а затым быў дадзены ў арэнду галіканскай суполцы, якая аддзялілася ад Каталіцкага Касцёла, адкінуўшы Першы і Другі Ватыканскія саборы. Касцёл святой Рыты таксама вядомы як «царква жывёл», бо ў яго дазволены ўваход жывёл, а ў лістападзе тут цэлебравалася Імша, на якой дабраслаўлялі хатніх гадаванцаў, уключаючы вярблюдаў і папугаяў.

парыж3

Супольнасць апостальскіх і каталіцкіх цэркваў прадала будынак пад знос яшчэ ў 2000-я, бо не магла яго ўтрымліваць. Галіканская царква не змагла сабраць сродкаў — 3 млн еўра, каб спыніць разбурэнне. У 2010 годзе камісія «Стары Парыж» заявіла, што будынак не ўяўляе гістарычнай каштоўнасці і можа быць знесены.

Храм афіцыйна зачынілі ў 2015 годзе, але ў ім працягвалі служыць Імшы, праводзіць абрады хрышчэння і шлюбу. У студзені супольнасць атрымала судовае рашэнне аб выдварэнні з касцёла вернікаў. У афіцыйнай заяве прэфектура Парыжа паведаміла, што 5 ліпеня Дзяржаўная рада дала дазвол на сілавую аперацыю, паведамляе Le Voix De Monde.

парыж2

Напярэдадні прыходу паліцыі каля 30-і актывістаў, у тым ліку членаў ультраправай арганізацыі Action Francaise, забарыкадаваліся ў касцёле. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек далучыліся да сядзячай акцыі пратэсту супраць зносу храма. З заклікам прыйсці ў храм да вернікаў звярнуўся святар з брацтва святога Пія Х Гіём Тануаран. Супраць іх былі кінутыя 12 машын спецназа, перадае Catholic Herald.

Паліцэйскія выламалі дзверы ў храм, а святара Жана-Франсуа Біло вывалаклі з касцёла проста падчас Імшы. Імша пачалася а 06:00, а ўжо праз паўгадзіны ў будынак ўвайшлі паліцыянты. Дасталося пры гэтым ад паліцыі і некаторым з абаронцам касцёла, у тым ліку дэпутатам і прадстаўнікам раённых уладаў.

Усё гэта, а таксама той факт, што касцёл высяляюць пасля забойства ісламістамі каталіцкага святара ў Руане, выклікала хвалю абурэння сярод французаў. У знак салідарнасць Twitter апанавалі тысячы хэштэгаў #SainteRita. «А што калі б яны будавалі паркінг на месцы салафіцкай мячэці, а не нашых цэркваў?» — задалася пытаннем лідар Нацыянальнага фронту Марын Ле Пен.

парыж1

«Касцёл высяляюць у разгар лета, калі Францыя яшчэ не пераадолела шок ад баязлівага забойства святара», — адзначыў дэпутат ад партыі «Саюз за народны рух» Філіп Гужон. Пра тое, што высяленне царквы адбываецца ў той момант лета, калі ў горадзе няма парафіянаў, заявіў і іншы дэпутат Саюза Фрэдэрык Лефеўр, які прысутнічаў у храме, піша Express.

Па словах пратэстуючых, мясцовым святарам няма куды ісці і яны будуць служыць Імшу проста на вуліцы. «Ніхто нічога мне не прапанаваў. Мы рэгулярна праводзілі шлюбы, хрышчэнні, усе віды цырымоній. Мы не можам проста так сысці, бо ніхто нам нічога не прапануе», — заявіў галіканскі арцыбіскуп Парыжа Дамінік Філіп.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі